Сярод важных задач урада — найхутчэйшае завяршэнне перагаворнага працэсу па далучэнні да СГА

- 10:57Інфармацыйная гадзіна

Урад разлічвае, што рэфармаванне Сусветнай гандлёвай арганізацыі не паўплывае на ўступленне Беларусі ў арганізацыю. Пра гэта заявіў першы намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандр Турчын на сустрэчы з дэлегацыяй СГА.

“Рыхтуючыся стаць паўнапраўным членам СГА, мы ўважліва адсочваем бягучыя тэндэнцыі ў рабоце арганізацыі. Лічым вельмі важным бягучы працэс рэфармавання арганізацыі, аднак хацелі б пазбегнуць выстаўлення ў сувязі з гэтым новых патрабаванняў з боку членаў СГА ў рамках перагаворнага працэсу па далучэнні”, — падкрэсліў Аляксандр Турчын.

Першы віцэ-прэм’ер падзякаваў намесніку генеральнага дырэктара Сусветнай гандлёвай арганізацыі Алану Вулфу і сакратарыяту СГА за падтрымку Беларусі на шляху найхутчэйшага далучэння да арганізацыі.

Гаворачы пра новы склад Урада Беларусі, Аляксандр Турчын запэўніў, што асноўны ўпор будзе зроблены на далейшае павышэнне канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі, развіццё электроннага гандлю, малога і сярэдняга бізнесу, а таксама сферы паслуг. “У новым урадзе будзе забяспечана пераемнасць курсу нашай знешнегандлёвай палітыкі без якіх-небудзь радыкальных змяненняў. Сярод важных задач мы таксама разглядаем найхутчэйшае завяршэнне перагаворнага працэсу па далучэнні Беларусі да СГА”, — акцэнтаваў увагу першы віцэ-прэм’ер. Ён таксама адзначыў, што ў якасці магчымага арыенціра ў гэтым напрамку магла б стаць 12-я міністэрская канферэнцыя СГА, якая адбудзецца ў чэрвені 2020 года ў Астане.

Паводле слоў Аляксандра Турчына, апошнім часам значна актывізаваліся двухбаковы і шматбаковы фармат перагавораў па ўступленні Беларусі ў СГА. Разам з тым, яшчэ захоўваюцца асобныя пытанні ў частцы экспартных абмежаванняў і мер нетарыфнага рэгулявання знешняга гандлю, над якімі ў нас чакаецца далейшая работа.

Намеснік генеральнага дырэктара СГА Алан Вулф адзначыў, што актывізацыя перагавораў з боку Беларусі вельмі добра ўспрынята членамі арганізацыі. Ён праінфармаваў, што з моманту аднаўлення перагаворнага працэсу адбыліся тры плённыя пасяджэнні рабочай групы па далучэнні і падпісаны 9 пратаколаў па выніках двухбаковых перагавораў.