Такое рознае ракетна-касмічнае мадэляванне

- 17:24Дадатковая адукацыя, Рознае
У Гродзенскім абласным цэнтры тэхнічнай творчасці працуе лабараторыя ракетна-касмічнага мадэлявання. Спартыўны ракетамадэльны спорт — той тэхнічны від, у якім удзельнікі спаборнічаюць у канструяванні, вырабе, арганізацыі запуску і пілатаванні (для радыёкіраваных) мадэлей ракет. У лабараторыі хлопцы знаёмяцца з гісторыяй зараджэння касманаўтыкі, ракетамадэльнага спорту, даведваюцца аб асаблівасцях апрацоўкі розных матэрыялаў і сваімі рукамі ствараюць дзеючыя мадэлі ракет.

У спартыўным ракетамадэлізме ўсе мадэлі вырабляюцца ў адпаведнасці з пэўнымі патрабаваннямі да памераў і вагі. Удзельнічаючы ў спаборніцтвах, мадэль спачатку праходзіць тэхнічны кантроль і атрымлівае дазвол на палёт.
У спартыўным ракетамадэлізме хлопцы з лабараторыі Гродзенскага АЦТТ дасягнулі высокіх вынікаў. Асабліва выніковым стаў 2013 год, багаты на перамогі на этапах Кубка свету: Беларусі, Літвы, Латвіі. Незабыўным быў удзел і перамога ў мерапрыемствах аэракасмічнага кірунку ў г.Байканур. За здзяйсненне дзіцячай мары словы падзякі ад каманды Беларусі хочацца выказаць выдавецтву “Пачатковая школа”, Міністэрству адукацыі і міністру адукацыі С.А.Маскевічу.
Каманда Беларусі ў складзе Дзмітрыя Кончыка, Кірыла Жабраўца і мяне, трэнера Аляксандра Ліпая, не толькі прыняла ўдзел, а заваявала прызавыя месцы. Дзмітрый Кончык заняў першае месца ў ХІІІ Міжнародных спаборніцтвах сярод юнакоў у класе мадэлей S-4-A. Я заняў першае месца на этапе Кубка свету FAI “Коркыт-Ата” ў класах S-4-A, S-6-A. Таксама ў скарбонцы каманды трэцяе месца ў агульнакамандным заліку этапу Кубка свету FAI “Кубак Чаламея” і этапу Кубка свету FAI “Кубак Коркыт-Ата”. Лабараторыя ракетна-касмічнага мадэлявання Гродзенскага АЦТТ узнагароджана дыпломам І ступені ХVІІІ Міжнароднай канферэнцыі “Ракетамадэлізм у аэракасмічнай адукацыі моладзі”.
Асобным кірункам работы лабараторыі з’яўляецца стэндавы мадэлізм. Гэта выраб мадэлей дзейсных касмічных апаратаў у адпаведным маштабе. Стэндавыя мадэлі розныя па складанасці пабудовы і вельмі прыгожыя ў завершаным стане. Яны з’яўляюцца цікавымі экспанатамі для гледачоў на самых розных выставах.

Выраб і дэманстрацыя шоу-мадэлей — справа не толькі захапляльная, але і відовішчная. Як мы ўжо адзначалі, усе мадэлі ў ракетамадэльным спорце вырабляюцца ў адпаведнасці з пэўнымі патрабаваннямі да памераў і вагі. Дзякуючы творчым здольнасцям і ідэям выхаванцаў лабараторыі ракетна-касмічнага мадэлявання Гродзенскага АЦТТ, быў прыдуманы арыгінальны спосаб адступлення ад гэтых правіл. Уладзіслаў Гурба прапанаваў рабіць мадэлі на пэўную тэму. Было прынята рашэнне абыграць зімовую тэматыку. Першымі шоу-мадэлямі сталі мадэлі “Елкі”. Канструктыўна, як і класічныя мадэлі ракет, яны складаліся з трубчатага корпуса (без абмежавання памераў) і дзевяці стабілізатараў, размешчаных уздоўж усяго корпуса. Наступная мадэль была ў выглядзе снегавіка. У аснове канструкцыі — усё той жа класічны трубчаты корпус, на які надзеты тры шары розных памераў, вырабленых па тэхналогіі пап’е-машэ на паветраных шарыках.
Пасля вырабу мадэлей былі правераны іх лётныя якасці, якія насуперак скептычным чаканням гледачоў аказаліся на вышыні (у прамым і пераносным сэнсе). І працэс пайшоў. Ідэі з’яўляліся адна за адной і ажыццяўляліся ў рэальных мадэлях памерам у паўтара метра.
З кожнымі чарговымі запускамі прыходзілі новыя задумкі, і хлопцы з вялікай цікавасцю браліся за іх рэалізацыю. Першыя запускі праводзіліся ў малалюдных месцах у мэтах бяспекі, бо мадэлі мелі складаныя аэрадынамічныя формы, вялікія памеры і вагу. Але гэта не перашкаджала запрашаць карэспандэнтаў тэлебачання і прэсы, якія асвятлялі на рэгіянальным і рэспубліканскім узроўні гэтыя незвычайныя падзеі.
За некалькі гадоў адпрацоўкі палётаў складаных мадэлей (пачыналі ў 2010 годзе) хлопцы адважыліся на палёты перад гледачамі. У якасці інфармацыйнага партнёра выступіла рэгіянальная газета “Вячэрні Гродна” і радыёстанцыя “Гродна”, якія і паведамілі пра месца і час запускаў. Стартавай пляцоўкай стаў цэнтральны спартыўны комплекс “Нёман”, дзе і сабраліся паўтары сотні гледачоў, а таксама прадстаўнікі СМІ.

У прызначаны час пачаліся старты. Упрыгажэннем запускаў стаў старт ракеты ў выглядзе змяі — сімвала мінулага 2013 года, у сярэдзіне якой знаходзілася плюшавая цацка конь — знак бягучага 2014 года. Быў дадзены адлік: тры, два, адзін… Старт, палёт, чаканне, спрацоўванне вышыбнога зараду, выхад сістэмы выратавання “Змяі”, паспяховы палёт і спуск “Каня”, які дастаўся найбольш спрытнаму гледачу — удзельнiку гонкі за прызам.
Другі раз у праграме запускаў была праведзена “Касмічная латарэя”. Гледачам былі раздадзены “латарэйныя білеты” — календары 2014 года з фірменным лагатыпам лабараторыі ракетна-касмічнага мадэлявання, на якіх у розных камбінацыях былі размешчаны чатыры колеры: чырвоны, шэры, блакітны, зялёны. У лататроне знаходзіліся чатыры ракеты. Сістэма выратавання (стужка) кожнай ракеты была пэўнага колеру. Гледачам прапаноўвалі даставаць мадэлі з лататрона, якія ўдзельнічалі ў чарговым запуску. Мадэль узлятала, спрацоўваў вышыбны зарад, выстрэльвала сістэма выратавання (каляровая стужка), і гледачы параўноўвалі колер з колерам адзнакі ў іх “латарэйных білетах”. Пры супадзенні каляровай паслядоўнасці выхаду сістэмы выратавання з камбінацыяй на білеце злева направа гэты білет аказваўся выйгрышным.
Пераможцы ў латарэі атрымалі каштоўныя прызы ад салона лічбавай фотатэхнікі “Гагарын” і ад Гроднакінавідэапракату — білеты ў 3D кінатэатры.
Вось такім нетрадыцыйным, арыгінальным спосабам можна прынесці задавальненне сабе і навакольным!

 

Аляксандр ЛІПАЙ,
загадчык кабінета ракетна-касмічнага мадэлявання Гродзенскага АЦТТ,
майстар спорту міжнароднага класа.