Талент, творчасць, маладосць

- 12:09Навіны рэгіёнаў

Поўніцца талентамі беларуская зямля, штодзень радуюць нас дзеці сваімі дасягненнямі: спартыўнымі, інтэлектуальнымі, творчымі. Для таленту няма перашкод і абмежаванняў, у тым ліку ўзроставых. Так, напрыклад, юная мастачка з Дзяржынска Маша Каранеўская ў свае 10 гадоў выйграла міжнародны конкурс, дзе яе сапернікамі былі больш як 15 тысяч чалавек.

Маша Каранеўская займаецца ў народнай студыі “Арт-лялька” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Дзяржынскага раёна. Творчаму развіццю і пошуку яна прысвяціла ўжо тры гады. Пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Аксаны Аляксандраўны Вайкшнарыс дзяўчынка спрабавала сябе ў розных кірунках жывапісу і розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Са сваімі работамі яна не раз удзельнічала ў конкурсах і да свайго першага юбілею ўжо мела некалькі значных дасягненняў. Так, у мінулым навучальным годзе Маша атрымала дыплом ІІІ ступені па выніках XX Рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка” ў намінацыі “Інтэр’ерная лялька”. Калі Аксана Аляксандраўна Вайкшнарыс прапанавала сваім гурткоўцам узяць удзел у I Міжнародным адкрытым конкурсе дзіцячага малюнка імя Надзі Рушавай, Маша згадзілася адразу ж. А цяпер юны майстра святкуе і першае дасягненне на міжнародным узроўні.

Творчы конкурс імя Надзі Рушавай з’явіўся дзякуючы ініцыятыве настаўнікаў-мастакоў адной з маскоўскіх школ у 1996 годзе. Конкурс прысвечаны памяці таленавітай мастачкі Надзеі Рушавай, якая за сваё кароткае жыццё, будучы школьніцай, стварыла каля 10 000 малюнкаў на розныя тэмы. Маляваць яна пачала ў 5 гадоў, а калі дзяўчынка вучылася ў 5 класе, адбылася яе першая персанальная выстава малюнкаў. Конкурс імя Надзі Рушавай развіваўся і станавіўся ўсё больш папулярным. Сёлета ён упершыню прайшоў у міжнародным фармаце. Курыруе конкурс Расійская Акадэмія Мастацтваў, ганаровым старшынёй журы конкурсу з’яўляецца Зураб Цэрытэлі.

Арганізатары прапанавалі канкурсантам некалькі тэм: “170 гадоў “Залатому кальцу” Расіі”, “260 гадоў Расійскай Акадэміі Мастацтваў”, “Вобраз Ганны ў мастацтве (рэальны або мастацкі)”, “Культура і традыцыі маёй краіны”, “Экалогія маёй краіны”. Работы дазвалялася выконваць у любых графічных і жывапісных тэхніках з выкарыстаннем розных матэрыялаў.

Больш за 15 тысяч малюнкаў даслалі на конкурс юныя мастакі з Расіі, Беларусі, Украіны, Казахстана, Грузіі і Францыі. Сярод іх журы выбрала 150 лепшых, у ліку якіх аказалася і работа Машы Каранеўскай. Дзяўчынка абрала для сябе намінацыю “Культура і традыцыі маёй краіны” і адлюстравала ў сваім малюнку беларускія традыцыі святкавання Масленіцы. У аснову сюжэта ляглі народныя забавы, падчас якіх самыя спрытныя спрабуюць залезці па гладкім слупе, каб дастаць прыз, які знаходзіцца на самай вяршыні. Машы ўдалося падабраць цікавае каляровае рашэнне і добра адлюстраваць народны каларыт. Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў адбудзецца ў хуткім часе ў Маскве.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі.