Таццяна Мельман: «Грамадзянскасць і патрыятызм праяўляюцца ва ўчынках, таму мы выхоўваем дзяцей сваім прыкладам»

- 14:17Моя гражданская позиция

Педагогу адмоўчвацца пра сваю грамадзянскую пазіцыю несумленна, адзначыла ў размове з карэспандэнтам «Настаўніцкай газеты» дырэктар Клясціцкай сярэдняй школы імя У.А. Хамчаноўскага Расонскага раёна Таццяна Мельман.

Чалавек усё жыццё вучыцца, даведваецца новае, часам мяняе погляды на нейкія падзеі. Але арыенціры, якія прадвызначаюць наш несупынны рух, закладваюцца пераважна ў дзяцінстве. Яны як генетычны код у свядомасці — назаўсёды. Маё дзяцінства прайшло ў партызанскім краі, у вёсцы Роўнае Поле на Расоншчыне, — адзначае Т. Мельман. — Тут, вобразна кажучы, кожнае дрэва было сведкам гістарычнай памяці. Аднак галоўная памяць жыла ў людзях: пра барацьбу за вызваленне роднай зямлі ад фашысцкіх катаў, невымерныя боль і страты, пра народны подзвіг, нашу агульную Вялікую Перамогу. Дарэчы, пасля вайны Пётр Машэраў даволі часта наведваў нашы мясціны. Калі людзі бачылі, што за вёскай садзіцца верталёт, мне звычайна ўручалі букет кветак як самай малодшай дзяўчынцы. Наперадзе ўсіх я бегла сустракаць высокага госця, які разам з тым успрымаўся як свой, адзін з нас, гаварыў з вяскоўцамі як роўныя. Пётр Міронавіч у даваенны час быў настаўнікам. Магчыма, дзякуючы яго прыкладу, памножанаму на прыклады маіх цудоўных школьных педагогаў, я выбрала прафесію настаўніка беларускай мовы і літаратуры, стала ў выніку дырэктарам у роднай школе.

Другі краевугольны камень, на якім трымаецца мая грамадзянская пазіцыя, павага да людзей працы, перададзеная ад маці і бацькі, суседзяў. У іх я набіралася жыццёвай мудрасці, вучылася мэтанакіраванасці, жаданню спасцігаць новае. Часам чуеш, як гарадскі жыхар узнёсла разважае аб павазе да вясковай працы. Яно можа і прыгожа на словах, але ты паспрабуй асвоіць гэта ў штодзённым клопаце! Вось тады твае словы загучаць праўдзіва і пераканаўча. Увогуле не люблю хлусню і фальш ва ўсіх іх праявах. Чалавеку, які хоць раз падмануў, вярнуць мае давер і прыхільнасць будзе няпроста. Шаную ў людзях дабрыню, бо яна спрадвеку выратоўвае свет.

Калі закранаецца такое неад’емнае для маёй грамадзянскай пазіцыі і кіраўніцкай дзейнасці паняцце, як адказнасць, прыгадваю выпадак, што здарыўся ў першыя месяцы майго дырэктарства. Трэба было прыняць даволі складанае рашэнне, я доўга сумнявалася і адважылася дзейнічаць згодна з меркаваннем майго непасрэднага кіраўніка. Пазваніла начальніку аддзела па адукацыі райвыканкама Генадзю Фёдараву, выказала свае хваляванні. Ён выслухаў мяне вельмі ўважліва, але адказаў нечакана, нібы цэбар халоднай вады на галаву выліў: «Пасаду дырэктара школы займаеш ты, значыць, вырашаць і дзейнічаць толькі табе». У тую секунду я адчувала пякучую крыўду. Толькі пазней зразумела, наколькі правільныя ён выбраў словы. Бо ён выказаў мне давер як дырэктару і адначасова нацэліў не хавацца за чужыя плечы, а разлічваць на сябе і свой калектыў, самастойна прымаць рашэнне, быць гатовай у любое імгненне за яго адказаць. Калі пацікавіцеся ў цяперашняга начальніка нашага аддзела па адукацыі Віктара Мельнікава, ці часта я звяртаюся да яго па дапамогу, то, упэўнена, ён адкажа: «Заўсёды своечасова і даволі рэдка». Гэта праўда.

Пра тое, наколькі моцны ўплыў аказвае на развіццё нашай установы музейная справа, нашы ўнікальныя музейныя залы і адметныя праекты, я нядаўна расказвала на старонках «Настаўніцкай газеты». З чатырох Герояў Савецкага Саюза — ураджэнцаў Расоншчыны — трое з’яўляюцца выпускнікамі нашай школы. Імя аднаго з іх, падпольшчыка і партызана Уладзіміра Антонавіча Хамчаноўскага, прысвоена ўстанове адукацыі. Між тым гісторыя аграгарадка Клясціцы звязана з Айчыннай вайной 1812 года і знакамітай бітвай, што адбылася недалёка. Наша школа адлічвае сваю гісторыю з 1840 года, калі гэта было народнае вучылішча, дзе вучылі вясковых дзяцей Закону Божаму, пісьму і арыфметыцы. Канечне ж, мы гаворым з вучнямі пра мірнае мінулае малой радзімы, традыцыйны ўклад, побыт продкаў. З вуснаў захопленых сваёй справай настаўнікаў, юных экскурсаводаў усё гэта гучыць насамрэч захапляльна: не толькі ў навучэнцаў, але і ў дарослых наведвальнікаў музейнага цэнтра загараюцца вочы.

Грамадзянскасць і патрыятызм праяўляюцца ва ўчынках, таму мы выхоўваем дзяцей сваім прыкладам столькі, колькі жывём. На настаўніка ўскладзена вялікая адказнасць, на дырэктара школы — яшчэ большая. Пра нашу грамадзянскую пазіцыю найперш гавораць справы. Робячы разам з настаўнікамі, сябрамі, бацькамі штосьці карыснае, дзіця лепш разумее значнасць зробленага і тое, што яно жыве ў грамадстве і дзеля грамадства.

Лічу, што ў любой дзейнасці важна адшукаць штосьці сваё, адметнае, што «зачэпіць» і з’яднае ўдзельнікаў. Напрыклад, да 75-годдзя Перамогі мы высадзілі каля школы 75 туй і прысвяцілі кожную з іх удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, педагогам, выпускнікам розных пакаленняў. Мы запрашалі ветэранаў, бацькоў, членаў апякунскага савета, якія расказвалі дзецям пра сваіх родных — абаронцаў Радзімы. Акрамя таго, навучэнцы кожнага класа напісалі лісты, дзе паведамілі, якімі яны хочуць вярнуцца ў школу праз 10 гадоў. Запячатаныя канверты захоўваюцца ў музеі, набліжаецца дата, калі мы разам іх прачытаем. Фруктовы сад, закладзены ў гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, ужо радуе смачнымі пладамі: для яго мы спецыяльна падбіралі яблыні сорту «слава пераможцам».

Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі заўсёды было напрамкам, які вылучаў Клясціцкую школу сярод іншых устаноў. Аднак час ішоў, і я з трывогай назірала: нашы дзеці аддаляюцца ад таго, што адбываецца ў грамадстве. Магчыма, з-за таго, што ў іх з’явіліся іншыя цацкі, інтэрнэт-прастора адцягвае ўвагу і скажае рэальнасць, каштоўнасці пачалі мяняцца. Страшна, калі навучэнцы не ведаюць дні нараджэння нават блізкіх людзей і сяброў, шчыра здзіўляюцца: «Навошта гэта памятаць? У мяне гэта забіта ў гаджэце, ён нагадае». Яшчэ страшней, калі яны не ведаюць прозвішчы, імёны па бацьку сваіх бабуль і дзядуляў, не кажучы пра больш далёкія пакаленні сям’і. Не ведаюць элементарнага. А любіць тое, чаго не ведаеш, немагчыма. Школа носіць імя Уладзіміра Хамчаноўскага. А хто ён такі? Калі аднойчы ў класе толькі некалькі вучняў змаглі адказаць на гэтае пытанне, для мяне гэта было апошняй кропляй. Бяспамяцтва, адарванасць ад родных каранёў — страшэннае зло, з якім трэба змагацца. Я скарысталася дырэктарскімі паўнамоцтвамі і больш за 10 гадоў назад увяла ў школе новы звычай. Спецыяльна распрацавала шэраг пытанняў для кожнага класа згодна з узроставымі асаблівасцямі па асновах ідэалагічнага выхавання. Каб дзеці ведалі куток, дзе растуць, ведалі, чым і кім могуць ганарыцца яны, наш раён, вобласць, краіна. На працягу года два ці тры разы ў мяне адбываецца дыялог з вучнямі. Паміж сабой школьнікі называюць гэта залікам у дырэктара. Не здаць лічыцца ганьбай, таму да падрыхтоўкі масава далучаюцца настаўнікі-прадметнікі, класныя кіраўнікі, бацькі, сем’і, усе перажываюць за вынік. Вельмі спадзявалася і чакала з калегамі, калі прыярытэтнасць работы ў названым кірунку прызнаюць не на ўзроўні школы. Зараз грамадства прыйшло да гэтага, што нас радуе, натхняе і ўпэўнівае ў будучыні. А ў шырокім сэнсе кожнаму з нас неабходна дакладна ведаць і адказна выконваць свае службовыя абавязкі, толькі тады можна разлічваць на вынік.

У жыцці грамадства надышоў перыяд, калі педагогу адмоўчвацца несумленна. Кожны з нас павінен адкрыта гаварыць аб сваёй грамадзянскай пазіцыі. Такую магчымасць мне асабіста дае РГА «Белая Русь». З першых дзён стварэння я ўступіла ў гэтае рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне, на сёння ўзначальваю Расонскае раённае аддзяленне Беларускай партыі «Белая Русь». Мы шмат размаўляем з моладдзю, у тым ліку ў фармаце дыялогавых пляцовак. Пра адну з выказаных школьнікамі ініцыятыў, якую плануем рэалізаваць неўзабаве, хачу сказаць асобна. Нашы дзеці ўважліва сочаць за праектам «Цягнік Памяці» і прапанавалі арганізаваць аналагічны праект у межах раёна — школьны «Аўтацягнік Памяці». Мы падтрымалі ідэю, яна сапраўды добрая і цікавая. Мне было ўдвая прыемней, што ініцыятар — вучаніца нашай школы. Вось жывое пацвярджэнне мудрага запавету: нас вучаць словы, але выхоўваюць дастойныя прыклады.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота з архіва рэдакцыі