Тэмы нацыянальнай ідэі і моцнай дзяржавы будуць вядучымі на сходзе

- 11:11Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Такое меркаванне выказаў кіраўнік аналітычнага цэнтра EcooМ Сяргей Мусіенка.

“Ідэю моцнай дзяржавы нельга навязваць, гэта ўнутранае адчуванне, якое павінна з цягам часу з’явіцца ў людзей, дакладней, павінна з’явіцца ўсведамленне таго, наколькі важна будаваць незалежную і паспяховую краіну. Гэтае пытанне стане адным з асноўных на дзяржаўным мерапрыемстве, якое мае адбыцца”, — лічыць палітолаг.

Паводле яго слоў, усвядоміць важнасць мірнага неба над галавой беларусам у тым ліку дапамагла няпростая сітуацыя ва Украіне. “Людзі сталі знутры разумець нейкія моманты больш аб’ёмна і выразна. Адсутнасць моцнай дзяржаўнай улады мы ў свой час убачылі на прыкладзе Ірака і Лівіі. Калісьці ў той жа Лівіі адбывалася страта дзяржаўнасці, для многіх нашых грамадзян гэта выглядала абстрактна, таму што з-за геаграфічнай аддаленасці нас гэта тычыцца ў меншай ступені. Аднак канфлікт, які разгарнуўся ў брацкай Украіне, стаў зыходным пунктам у разуменні таго, якія каштоўнасці на гэты момант больш важныя”, — адзначыў Сяргей Мусіенка.

“Пасля ўкраінскіх падзей у многім адбыўся пералом свядомасці, таму што людзі наглядна пераканаліся ў каштоўнасці і неабходнасці выбудоўвання паслядоўнай палітыкі і дзяржаўнасці”, — растлумачыў субяседнік.

Яшчэ адзін акцэнт, які будзе зроблены на Усебеларускім сходзе, тычыцца, на думку Сяргея Мусіенкі, фармулявання нацыянальнай ідэі. “V Усебеларускі сход — гэта, па сутнасці, падвядзенне вынікаў за мінулыя 25 гадоў самастойнага развіцця. Магчыма, размова будзе ісці аб нацыянальнай ідэі, якая здольна аб’яднаць людзей”, — сказаў ён.

Кіраўнік аналітычнага цэнтра таксама выказаў меркаванне, што менавіта рэалізацыя ў Беларусі паслядоўнай палітыкі і аўтарытэт, які краіна паступова заваёўвае на міжнароднай арэне, далі магчымасць адыгрываць важную ролю ў перагаворным працэсе па Украіне. “Гэта паслужыла зыходным пунктам, каб мірныя перагаворы праходзілі ў Мінску”, — заўважыў ён.

“Мы не можам знаходзіцца ў баку ад гэтага канфлікту, а меры і намаганні, якія прыкладаюцца, даюць пазітыўныя змяненні па сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны. Прыемна чуць і ад дзяржсакратара ЗША, і ад Прэзідэнта Расіі, і ад канцлера Германіі аб важнасці выканання мінскіх дамоўленасцей. Гэта дарагога каштуе — наша рэгіянальная прысутнасць як краіны, якая з’яўляецца дыпламатычнай і перагаворнай пляцоўкай на прасторы СНД. Трэба ўмацоўваць і развіваць гэты напрамак”, — лічыць палітолаг.