Тэрыторыя творчасці: “Гэта дзейнічае!”

- 12:12Адукацыйная прастора

VII Мінскі маладзёжны фестываль педагагічных ідэй і рашэнняў сабраў больш за сотню маладых педагогаў з Мінска, Гомельскай, Гродзенскай абласцей, а таксама Масквы і Смаленска. Для іх была падрыхтавана вялікая адукацыйная праграма: вопытныя настаўнікі-метадысты з Мінска і іншых гарадоў правялі для маладых калег майстар-класы, трэнінгі, прэзентацыі, дыскусіі і семінары-практыкумы.

Фота да матэрыялу: Тэрыторыя творчасці: “Гэта дзейнічае!”.

Фстываль праводзіўся на базе Мінскага гарадскога адукацыйнага цэнтра “Лідар” з мэтай выяўлення таленавітых маладых педагогаў, здольных да актыўнай дзейнасці ў прафесійных педагагічных супольнасцях, развіцця прасторы для камунікацыі і прафесійнага росту.

Адкрыццё фестывалю было прымеркавана да Сусветнага дня гарадоў (World Cities Day), таму адметнай рысай мерапрыемства стала адукацыйная праграма, сфармірава­ная ў выглядзе падарожжа па гарадскіх кварталах з назвамі “Стваральнае ўзаема­дзеянне”, “Правільны старт”, “Тэрыторыя творчасці”, “Стратэгіі будучыні”, “Прастора росту”, “Віртуальная рэальнасць”.

— Сёння тут сабраліся ініцыятыўныя і таленавітыя маладыя педагогі. Думаю, на фестывалі вы атрымаеце новыя веды, якія спатрэбяцца ў далейшай прафесійнай дзейнасці, — адзначыла на цырымоніі адкрыцця намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Марына Юркевіч.

Для ўдзелу ў фестывалі камандам неабходна было падрыхтаваць анімацыйны матэрыял на адну з прапанаваных тэм: “Каб дзеці хацелі вучыцца”, “Гэта працуе”, “У яблычак”. І з гэтым яны паспяхова справіліся. Кожнаму ўдзельніку былі ўручаны сертыфікат і памятны сувенір у выглядзе зялёнага яблыка, які з’яўляецца сімвалам фестывалю.

Па словах арганізатараў мерапрыем­ства, фестываль закліканы не толькі падтрымаць настаўніка-пачаткоўца, але і аб’яднаць педагогаў агульнаадукацыйных дысцыплін. Ён садзейнічае выяўленню і распаўсюджванню інавацыйнага педагагічнага вопыту, умацаванню прафесійных кантактаў, павышэнню прэстыжу настаўніцкай прафесіі.

Маладыя педагогі з цікавасцю наведвалі майстар-класы сваіх старэйшых калег. На некаторыя з іх завітаў і наш карэспандэнт.

Займальная гісторыя

Майстар-клас пад назвай “Інтэлектуальны марафон “Займальная гісторыя” правёў для ўдзельнікаў фестывалю настаўнік гісторыі ліцэя № 2 Мінска Дзмітрый Аляксандравіч Дрожжа. Каб данесці да педагогаў думку аб магчымым выкарыстанні інтэлектуальнага марафону ў рабоце з навучэнцамі ІІ і ІІІ ступені на занятках і пазаўрочны час, настаўнік прапанаваў разбіцца на групы. Педагогі атрымалі карткі з мудрагелістымі назвамі кніг, якія часам дзеці просяць у бібліятэцы. Удзельнікам неабходна было згадаць арыгінальныя назвы твораў і іх аўтараў. У выніку аўдыторыя падзялілася на тры каманды: “Графонте 300”,  “Над пропастью моржи”, “Пахом звонит в колокол”.

— Чаму гаворка пойдзе пра такую форму работы, як інтэлектуальны марафон? — па­тлумачыў Д.А.Дрожжа. — Справа ў тым, што ў настаўнікаў, якія працуюць з навучэнцамі няпрофільных класаў, часта ўзнікае праблема: захапіць дзяцей прадметам. Арганізавац­ь гістарычны квест ва ўрочны і пазаўрочны час, што я, дарэчы, і практыкую, — эфектыўна, цікава, захапляльна. Аднак квест можна прапанаваць вучням 1—2 разы на год. Гэта форма работы па­трабуе значных часавых затрат. Таму ўзнікла ідэя мінімальна займаць навучэнцаў на працягу ўсяго навучальнага года не падчас урокаў, а ў пазаўрочнай дзейнасці. Звычайна інтэлектуальны марафон можна арганізаваць за паўгадзіны перад пачаткам заняткаў. Крытэрыі інтэлектуальнага марафону: каротка­часовасць (ад 8 да 12 хвілін), рацыянальнасць (удзел у сур’ёзных інтэ­лектуальных гульнях патрабуе спецыяльнай падрыхтаванасці, а тут задача настаўніка — прапанаваць любому навучэнцу варыянт гульні, якая будзе адпавядаць яго здольнасцям). Яшчэ адзін крытэрый — варыятыўнасць (ахапіць не толькі профільныя класы, але і любога жадаючага навучэнца). У дзіцяці заўсёды павінен быць шанс адказаць хаця б на адно пытанне. Гэта дапамагае з ніжняй часткі рэйтынгавай табліцы перабрацца ў верхнюю.

Інтэлектуальны марафон вызначае спаборнасць (акрамя навучэнцаў, у ім могуць прымаць удзел педагогі, а ў некаторых выпадках — і бацькі). Высокая планка, якую задаюць настаўнікі, што гуляюць, з’яўляецца стымулам для таго, каб наступны раз максімальна наблізіцца да педагога. Акрамя таго, гульня дорыць зараз бадзёрасці навучэнцу, які можа падтрымаць свае інтэлектуальныя здольнасці, і дазваляе стварыць ва ўстанове адукацыі своеасаблівае інтэлектуальнае асяроддзе. У гульні можна даваць той жа вучэбны матэрыял, але ў максімальна цікавым выглядзе для навучэнца.

Дзмітрый Аляксандравіч прапанаваў прысутным паўдзельнічаць у некалькіх гульнях, сярод якіх былі: “Пятніца 13”, калі вучням задаюцца пытанні на веданне рамана А.Булгакава “Майстар і Маргарыта”; “Культурныя сталіцы Еўропы”, калі па апісанні, якое суправа­джаецца паказам слайдаў, старшакласнікам неабходна назваць горад, прычым кожны наступны пачынаецца з літары, на якую заканчваецца папярэдні. У гульні “Вясёлыя карцінкі” педагог прадставіў удзельнікам тры ілюстрацыі (з батальнай сцэнай узяцця Бастыліі, з Фарным касцёлам Божага цела ў Нясвіжы, з канцлерам Германіі Ота фон Бісмаркам), і прапанаваў выканаць тры заданні: разгле­дзець кожную ілюстрацыю, задаць па тры пытанні да іх з умовай, што адказ будзе кароткім, прыдумаць тэму гульні да кожнай выявы. Дзмітрый Аляксандравіч прапанаваў і такія гульні , як “Монстры ў кіно і мульты­плікацыі”, дзе былі прадстаўлены элементы поп-культуры і кінематографа, “Цытатнік Мао Цзэдуна” (на веданне цытат вядомых людзей). Як заўважыў настаўнік, на канікулах гэтыя гульні можна сабраць у адну і правесці інтэлектуальныя спаборніцтвы працягласцю 1,5—2 гадзіны.

Маладыя педагогі сышліся ў меркаванні, што стварэнне мнагапрофільнага  комплексу “Займальная гісторыя” дазваляе павысіць пазнавальную цікавасць навучэнцаў на ўроках гісторыі, робячы іх больш насычанымі, а інфармацыю, якая падаецца, яркай і запамінальнай; дапамагае павысіць якасць адукацыі школьнікаў, стварыць умовы для арганізацыі інтэлектуальнага вольнага часу ў пазаўрочны час на працягу навучальнага года са складаннем рэйтынгу, працягнуць фарміраванне ў навучэнцаў ключавых кампетэнцый: камунікатыўнай, каштоўнасна-сэнсавай, інфармацыйнай; стымуляваць педагогаў іншых вучэбных прадметаў да ўдзелу ў наватарскай праектнай дзейнасці, накіраванай на стварэнне адзінага інтэлектуальнага асяроддзя.

Што такое кейс-метад?

Настаўніца гісторыі і грамадазнаў­ства намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 185 Мінска Алеся Уладзіміраўна Смяглікава правяла май­стар-клас “Што такое кейс і навошта ён на ўроку?”. Яго мэтай было пазнаёміць удзель­нікаў з сутнасцю кейс-метаду і яго значэннем у сучаснай адукацыйнай практыцы.

На першым этапе ўдзельнікам прапаноўвалася два заданні. У выніку абмеркавання праблемы “Што з’яўляецца галоўным на вучэбных занятках?” сфарміравалася 2 групы. Затым маладым педагогам неабходна было скласці піраміду якасцей, якімі павінен валодаць сучасны выпускнік школы ХХІ стагоддзя.

— Выкананне гэтых заданняў было накіравана на ўсведамленне таго, што задачы, якія стаяць перад сучаснай сістэмай адукацыі, у найбольшай ступені могуць вырашацца ў выніку самастойнай пазнавальнай дзейнасці навучэнца. Адсюль узнікае пытанне: а што ж рабіць сучасным настаўнікам для таго, каб выпускнікі валодалі якасцямі ХХІ стагоддзя, навучыліся самастойна-пазнавальнай дзейнасці. На дапамогу прыходзяць сучасныя педагагічныя тэхналогіі. Адной з якіх і з’яўляецца кейс-тэхналогія, — адзначыла А.У.Смяглікава.

На другім этапе майстар-класа маладыя педагогі пазнаёміліся з паняццем кейса праз практычную работу. Для многіх удзельнікаў, як высветлілася, гэта была незнаёмая тэхналогія.

Алеся Уладзіміраўна прапанавала слухачам рашыць кейс “Рэлігійныя канфлікты. Праблема грамадскага развіцця як ХVІ, так і ХХІ стагоддзя. Ці ёсць выйсце?” і прааналізаваць, што гэта такое і з якіх элементаў складаецца. Педагог абапіралася на гістарычны матэрыял, але ведаючы, што ў аўдыторыі будуць не толькі настаўнікі гісторыі, пашырыла падрыхтаваны варыянт і вывела яго ў грамадазнаўчую плоскасць, якая закранае розныя вучэбныя дысцыпліны.

Для работы з кейсам спачатку былі прадстаўлены дзве гістарычныя карціны (Пітэра Брэгеля (Старэйшага) “Збіванне немаўлят”, Франсуа Дзюбуа “Варфаламееўская ноч”) і вучэбны тэкст. Пасля прагляду карцін удзельнікам неабходна было адказаць, якія падзеі адлюстраваны на іх, што аб’ядноўвае гэтыя падзеі, якую агульную назву можна прапанаваць для карцін. Далей маладыя педагогі выканалі практычную работу, што мела на ўвазе знаёмства з гістарычнай падзеяй, адлюстраванай на карціне, праз работу з тэкстам. Пры разглядзе тэксту выкарыстоўваўся прыём “Тонкія і тоўстыя пытанні”. Настаўнікі ставілі пытанні да тэксту, якія ахарактарызавалі б падзею.

Удзельнікі майстар-класа прыйшлі да высновы, што на карціне адлюстраваны канфлікт, які носіць рэлігійную афарбоўку. Праблема  рэлігійных канфліктаў па-ранейшаму актуальная ў сучасным свеце. Напрыканцы мерапрыемства кожная група прадставіла спосабы недапушчэння такіх канфліктаў. Удзель­нікі прэзентавалі вынікі сваёй работы.

На рэфлексіўным этапе слухачам былі прапанаваны гексы — шасцівугольнікі, у кожным з якіх быў запісаны адзін са структурных  элементаў кейса (праблема, фармулёўка праблемы, гіпотэза, прэзентацыя і інш.). Кожная група павінна была стварыць з іх сваю мадэль разумення кейса. У выніку сфарміравалася карцінка тэарэтычнага ўяўлення пра гэтую тэхналогію.

— Майстар-клас быў пабудаваны на прынцыпе ад практыкі да тэорыі, — патлумачыла Алеся Уладзіміраўна. — Прымяненне кейс-метаду заключаецца ў тым, што арганізоўваецца самастойная пазнавальная дзейнасць навучэнцаў, прапаноўваюцца розныя крыніцы інфармацыі, пры іх дапамозе дзеці павінны вырашыць тую ці іншую праблемную сітуацыю. На развіццё камунікатыўных якасцей навучэнцаў накіраваны важны завяршальны момант: прэзентацыя вынікаў сваёй работы.

Якія перавагі дае кейс-метад? Па-першае, у навучэнцаў фарміруецца ўменне працаваць у групе, па-другое, гэты метад можа выкарыстоўвацца на любых прадметах, па-трэцяе, школьнікі вучацца карыстацца рознымі крыніцамі інфармацыі (для вырашэння праблемы могуць выкарыстоўвацца і дакументы, і відэафрагменты, і табліцы, і схемы, і інтэрнэт-крыніцы і г.д.), а гэта фарміраванне інфармацыйнай і чытацкай дасведчанасці. Адрозненне ад праблемнага навучання — прэзентацыя вынікаў сваёй работы, уменне выступаць, адстойваць сваю думку, аргументаваць яе. Наяўнасць праблемы актывізуе і стымулюе да далейшай работы, дае штуршок да развіцця.

Гаджэты спяшаюцца на дапамогу!

Беларуская адукацыя ўступіла ў прынцыпова новы перыяд развіцця — эпоху лічба­вай трансфармацыі. ІКТ-кампетэнтнасць займае адно з цэнтральных месцаў у кваліфікацыі педагога. Настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 111 Мінска Інга Пятроўна Ціханавецкая пазнаёміла маладых педагогаў са стандартамі ISTE, прапанаванымі Міжнароднай асацыяцыяй па развіцці інфармацыйных тэхналогій у адукацыі. Май­стар-клас прайшоў пад назвай “Гаджэты спяшаюцца на дапамогу!”

— У гэтых стандартах прадстаўлена агульнае бачанне і агульныя падыходы да разумення кампетэнтнасці ў галіне ІКТ усіх ключавых суб’ектаў адукацыйнага працэсу, — адзначыла мадэратар. — Стандарты ISTE замацоўваюць разуменне той ролі, якую лічбавыя тэхналогіі адыгрываюць у адукацыі. Калі да гэтага прывычным было разуменне тэхналогій як сродку, што аптымізуе трансляцыю вучэбнага зместу навучэнцамі, то сёння іх задача — адкрыць перад школьнікамі новыя магчымасці, дапамагчы настаўніку стварыць персаналізаванае развіццёвае асяроддзе. Педагогам неабходна нарошчваць адукацыйны патэнцыял навучэнцаў для будучага жыццёвага поспеху. З пасіўнага карыстальніка вучэбнай інфармацыі дзеці ператвараюцца ў актыўных будаўнікоў уласных ведаў.

У групах Інга Пятроўна прапанавала маладым настаўнікам у гульнявой форме засвоіць тыя функцыі, якія непасрэдна выконвае педагог і якія звязаны з лічбавізацыяй адукацыі: яна называла характарыстыку, педагогі некаторы час абмяркоўвалі яе, а потым уздымалі патрэбны колер з назвай ролі. Напрыклад, характарыстыка “Педагогі ўмеюц­ь атрымліваць і выкарыстоўваць даныя, каб карэкціраваць навучанне і дапамагаць навучэнцам дасягнуць лепшых адукацыйных вынікаў” адпавядае ролі “вучэбны аналітык”, а характарыстыка “Педагогі курыруюць навучанне з выкарыстаннем лічбавых тэхналогій, каб падтрымліваць навучэнцаў і дапамагаць ім дасягнуць адукацыйных вынікаў і ўзроўню кампетэнцый” — ролі “фасілітатар”.

Удзельнікі майстар-класа пазнаёміліся яшчэ з некаторымі “ролямі”, апісанымі ў стандарце ISTE: высакакласныя спецыялісты, лідары ў сваім калектыве, члены лічбавага грамадства, арганізатары навучання ў супрацоўніцтве, спецыялісты па педагагічным дызайне. Пасля педагогі прывялі асабістыя прыклады з вопыту работы і стварылі калектыўны калаж.

Цікавасць у маладых педагогаў выклікала і гульня “Таранцінкі”: на лоб гульцам прыклейваліся стыкеры з напісанымі на іх ролямі, і неабходна было патлумачыць адно аднаму значэнне напісаных слоў, не называю­чы ролю ўслых.

Удзельнікі майстар-класа прыйшлі да высновы, што любая дзейнасць педагога, у любым напрамку, сёння не можа быць якасна арганізавана без авалодання педагогам лічбавымі інструментамі. Пазнаёміцца з адным з эфектыўных інструментаў фарміруючага ацэньвання І.П.Ціханавецкая і прапанавала сваім калегам — з анлайн-віктарынай, створанай у сэрвісе Quizizz.

Маладыя педагогі яшчэ раз пераканаліся, што настаўнік, выконваючы функцыі, прапісаныя ў стандартах ISTE, стварае, адкрывае новыя нязведаныя адукацыйныя тэрыторыі і дапамагае навучэнцам знаёміцца з рознымі фактамі, з’явамі, працэсамі з розных пунктаў гледжання.

— У аснове канцэпцыі лічбавай трансфармацыі школы ляжыць разумная ідэя інтэграцыі адукацыйных тэхналогій з лічбавымі такім чынам, каб узняць адукацыйныя задачы на больш пераўтваральны творчы ўзровень, дзе настаўнік можа выкарыстоўваць новыя магчымасці лічбавых тэхналогій для пераразмеркавання спосабаў навучання, — падкрэсліла І.П.Ціханавецкая напрыканцы сустрэчы.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.