Гэты восеньскі дзень выдаўся асабліва дажджлівым. Шчыра кажучы, я была ўпэўнена, што ў актавай зале сталічнай гімназіі № 174 будуць прысутнічаць толькі самыя адказныя бацькі. Памылілася, бо свабоднае месца ў зале знайсці аказалася вельмі праблематычна. Справа ў тым, што ўжо трэці год у рамках звычайных бацькоўскіх сходаў гімназія запрашае на сустрэчы з мамамі і татамі псіхолагаў БДПУ імя Максіма Танка, а тэмы для такіх сустрэч бацькі і педагогі могуць прапаноўваць самі. Тэма апошняй лекцыі, якую правяла для бацькоў навучэнцаў пачатковых, сярэдніх і старшых класаў загадчык кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка Наталля Леанідаўна Пузырэвіч, была даволі цікавая і ў той жа час неадназначная — “Аўтарытэт бацькоў і яго ўплыў на фарміраванне асобы дзіцяці”.
Псіхалагічны эксперымент
“З гімназіяй № 174 я пазнаёмілася падчас прафарыентацыйных мерапрыемстваў, якія наш універсітэт праводзіць штогод, каб прывабіць абітурыентаў для паступлення. Аднойчы кіраўніцтва гімназіі запрасіла мяне правесці невялікі лекторый для бацькоў. Я з задавальненнем згадзілася і выступіла на бацькоўскім сходзе. Сёння нашы сустрэчы можна ўжо назваць традыцыйнымі, і кожная з іх прысвечана пэўнай тэме, — расказвае загадчык кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка Наталля Леанідаўна Пузырэвіч. — Першая тэма нашай размовы называлася “Узроставыя крызісы: небяспека або шанс?”. Я расказвала мамам і татам пра тое, як справіцца з узроставымі крызісамі дзяцей, калі яны становяцца першакласнікамі, а таксама ў падлеткавым узросце. Акрамя таго, правяла практычныя заняткі з бацькамі, дзе пазнаёміла іх з практыкаваннямі, тэхнікамі, якія можна лёгка выконваць дома, нават не валодаючы глыбокімі ведамі па псіхалогіі. З таго часу мы выбіралі розныя тэмы лекцый: камп’ютарная залежнасць, дзіцячая агрэсіўнасць, давер бацькоў дзіцяці, пераадольванне цяжкіх жыццёвых сітуацый, стрэсаў і траўм і іншыя. Увогуле такіх лекцый для бацькоў і педагогаў атрымліваецца па шэсць-сем у год”.
Неабходнасць падобных мерапрыемстваў падкрэсліла настаўнік пачатковых класаў гімназіі № 174 Таісія Мікалаеўна Астрэйка: “Мы стараемся запрасіць спецыялістаў асвятліць тое, што актуальна і неабходна нам. Напрыклад, у адным з пачатковых класаў мы сутыкнуліся з праблемай: навучэнцы ўчынялі разборкі з дапамогай кулакоў, прычым па-сапраўднаму, як дарослыя, непаважліва ставіліся адно да аднаго, праяўлялі агрэсіўнасць. Для нас стала відавочным, што як педагогам, так і бацькам неабходна дапамога спецыялістаў. Разам з псіхолагам мы высвятлялі, адкуль узнікла такая агрэсіўнасць, з чым звязаны падобныя паводзіны дзяцей і што з гэтым рабіць, — паведаміла Таісія Мікалаеўна. — Трэба адзначыць, што падчас вучэбнага працэсу мы бачым, якія ёсць недапрацоўкі з нашага боку, з боку бацькоў, а потым складаем план актуальных тэм і запрашаем спецыялістаў правесці лекцыі. Акрамя таго, бацькі прапаноўваюць свае тэмы, якія іх цікавяць. Дарэчы, напрыканцы мінулага года мы змаглі падвесці першыя вынікі падобных сустрэч і заўважылі відавочнае паляпшэнне ў паводзінах дзяцей”.
Паспяховыя ў сваім узросце
Аднак вернемся да бацькоўскага аўтарытэту, які быў абраны тэмай апошняй сустрэчы. Што гэта значыць і якім павінен быць аўтарытэт у адносінах з дзіцем? Якім чынам ён уплывае на развіццё асобы? Якія характарыстыкі для бацькоў актуальныя сёння і як правільна выкарыстоўваць аўтарытэт у працэсе выхавання дзяцей, каб зрабіць іх шчаслівымі? Гэтыя пытанні сталі галоўнымі падчас лекцыі.
“Трэба разумець, што аўтарытэт — гэта глыбокая павага да дзіцяці, разуменне яго асаблівасцей, магчымасцей, узросту, таго, што яно можа зрабіць, валодаючы пэўнымі псіхалагічнымі характарыстыкамі. Толькі калі мы ставімся да дзіцяці з павагай, мы верым у тое, што яно — асоба. А дзеці, назіраючы за намі, бацькамі, бачаць нас як асноўных аўтарытэтных людзей, якія з’яўляюцца гарантам бяспекі, шчасця, поспехаў і дасягненняў. Калі мы гаворым “аўтарытэт”, адназначна ўзнікае разуменне, што гэта добра. Але аўтарытэтаў бывае шмат, і не заўсёды гэтае паняцце станоўчае”, — падкрэсліла Наталля Леанідаўна.
Існуе, напрыклад, аўтарытэт падаўлення: бацькі апрыёры старэйшыя за дзіця, таму ўзнікае пазіцыя “я ў сям’і галоўны”. Як адзначыла Наталля Леанідаўна, у такой сям’і дзіця і само гэта бачыць і разумее па вопыце, па ўзросце, па бацькоўскіх учынках, якія рацыянальныя і лагічныя. Калі бацькі настойваюць, што яны галоўныя, і падкрэсліваюць гэта ўсюды, дзіця думае: “А я зусім не галоўны, мяне зусім няма”. Што з такога выхавання можа атрымацца? Па меркаванні псіхолага, тут існуюць дзве лініі. Адна з іх выглядае прыкладна так: “У сваёй сям’і я буду такім жа галоўным, мае дзеці будуць слухацца і бездакорна падпарадкоўвацца мне, таму што мяне так выхавалі мае бацькі і на сёння я шчаслівы чалавек”. Але можа быць і іншая лінія, калі дзіця становіцца ахвярай такога аўтарытэту, калі ў яго зніжаецца самаацэнка і яно сапраўды ўпэўнена ў тым, што нічога не значыць. Прычым спачатку не значыць нічога для сваёй сям’і, потым — для калектыву, у якім выхоўваецца і вучыцца, а пасля і для працоўнага калектыву, і для сваёй сям’і.
“Так адбываецца таму, што ў гэтай сітуацыі мы нагадваем: дзіця маленькае, а маленькае — значыць яго меркаванне малаважнае, значыць дасягненні яго неістотныя і яму яшчэ да нас трэба расці і расці. Але мы добра ведаем, што ў 3, 10, 15 і 17 гадоў дзіця — гэта самадастатковая асоба, якая проста многае не можа так, як можам мы. Але ж для свайго ўзросту дзіця паспяховае”, — заўважае Наталля Пузырэвіч.
Пра значнасць і педантычнасць
Яшчэ адзін від аўтарытэту — аўтарытэт значнасці, калі дзіця атрымлівае ад бацькоў такую мадэль: “Я дасягнуў у жыцці многага, цяпер твая чарга апраўдваць мае чаканні”. Гэта значыць, што дзіця не мае права на памылку і павінна бездакорна выконваць усё, што ад яго патрабуецца: “Ты павінен быць такім, як я, каб стаць не горшым за мяне, а можа, нават і лепшым”. Па словах псіхолага, у такім выпадку дзіця таксама апынаецца ў дваякай сітуацыі. З аднаго боку, для яго ёсць аўтарытэтная мадэль, і, размаўляючы з аднагодкамі, ён можа хваліцца вынікамі бацькоў, паказваць, што для яго гэта важна, што ён будзе рабіць усё, каб апраўдаць іх чаканні. Але тут існуе іншы бок — адбітак немагчымасці зрабіць памылку: “У мяне няма права памыляцца, я павінен развівацца толькі па адной лініі — быць самым дасканалым, самым лепшым, самым цудоўным”. У такім выпадку любыя памылкі для дзіцяці будуць абсалютнай трагедыяй, яны будуць спыняць яго і не дадуць магчымасці ісці самастойна па сваім жыццёвым шляху.
Яшчэ адзін асобны від аўтарытэту — аўтарытэт так званага педантызму: “Тое, што я ад цябе патрабую, трэба выканаць менавіта так, і калі я табе так сказаў, значыць, я да канца буду верны сваёй пазіцыі”.
“Справа ў тым, што ёсць розныя абставіны, ёсць настаўнікі, выхавальнікі, якія прыўносяць у жыццё дзіцяці свой вопыт. Калі мы паказваем “толькі так і ніяк інакш”, знаходзячыся ў калектыве, дзіця будзе супраціўляцца навучанню і выхаванню. Вучні пачатковых класаў, гледзячы на сваіх бацькоў, будуць думаць: “Або не маю ць рацыі мама і тата, або мае настаўнікі. Але настаўнікі — наўрад ці”, — падумаюць яны, бо ў такім узросце настаўнік — гэта аўтарытэт. Тады атрымліваецца, што не маем рацыі мы, бацькі. Але навошта нам ставіць сябе ў супярэчнасць з настаўнікамі, калі мы адно цэлае?!” — разважае Наталля Леанідаўна.
“Люблю, а значыць…”
Абсалютная любоў да свайго дзіцяці бывае не толькі бязвоблачным цудоўным пачуццём, але і ў чымсьці разбуральным. Таму аўтарытэт любові таксама спрэчная з’ява. Калі ў любым выпадку падкрэсліваць, што любяць дзіця, шмат укладваюць у яго развіццё, калі на ўзроўні ўзаемаадносін з бацькамі дзіця адчувае і бачыць гэта, калі мама і тата паказваюць станоўчы асабісты прыклад, то, на думку псіхолага, гэта цудоўна. Але бывае, што бацькі пастаянна нагадваюць пра сваю любоў наступным чынам: “Я цябе люблю, а значыць, ты…” — і далей вымаўляецца тое, што дзіця павінна выканаць. Такія бацькі ў выпадку памылкі нярэдка гавораць: “Ты так зрабіў, таму што мяне не любіш”. Менавіта так маленькая памылка ўзнімаецца да ўзроўню самага каштоўнага, што можа быць, — бацькоўскай любові.
“Дзіця разумее: “Я люблю маму, значыць, я павінен рабіць усё”. Але што ўсё? Дзіця часам нават не ведае, што рабіць, каб не засмучаць роднага чалавека. І гэтая нявызначанасць таксама ставіць яго ў тупіковую, цяжкую сітуацыю. Дзіця іншы раз не запытае, таму што падумае: “А навошта мне пытаць? А што, калі мама ці тата засмуціцца і перастане мяне любіць?” Ведаеце, рабіць штосьці, каб быць любімым, — гэта сапраўднае мастацтва”, — заўважае Наталля Пузырэвіч.
Станоўчы бок аўтарытэту любові — гэта калі бацькі дэманструюць, што дзіця — асоба, з якой лічацца, нягледзячы на маленькі ўзрост, што яно заслугоўвае ўвагі і павагі.
“Але і тут бацькам трэба памятаць, што дзіця не павінна зарабляць іх любоў, што іх любяць любымі: з пытаннямі і складанасцямі, з праблемамі і поспехамі. І калі яны будуць бачыць, што іх любяць проста так, безацэначна, такімі, якія яны ёсць, — гэта стане рэсурсам для развіцця і далейшага жыцця”, — упэўнена псіхолаг.
Дабрыня і дапамога
Сярод бацькоўскіх аўтарытэтаў псіхолаг вызначыла і аўтарытэт дабрыні. Выкарыстоўваючы яго, вельмі важна, каб дабрыня не межавала з абсалютным патураннем. Калі бацькі не могуць сказаць “не”, такая дабрыня для дзіцяці разбуральная, бо, дазваляючы ўсё, бацькі не даюць азначэнне той мадэлі свету, што акружае дзіця. Сталеючы, яно будзе бачыць забароны, якія існуюць, адчуваць рамкі і межы, не раз чуць слова “не”. На думку псіхолага, непадрыхтаванае бацькамі да такога жыцця дзіця будзе проста спынена ў гэтай рэальнасці або спужаецца яе і не зможа ўзяць яе пад кантроль, таму мадэль “гэта можна — гэта нельга” проста неабходна кожнаму дзіцяці, каб адаптавацца ў жыцці.
Сярод бацькоўскіх аўтарытэтаў адным з самых важных з’яўляецца аўтарытэт ведаў і дапамогі, калі бацькі дзеляцца з дзіцем сваімі ведамі і вопытам, дапамагаюць яму.
“У псіхалогіі існуе феномен зоны найбліжэйшага развіцця, асабліва актуальны для навучэнцаў пачатковай школы, які абазначае: “Усё, што робіць дзіця, можна рабіць разам з намі, бацькамі”. А бацькі ўключаюцца ў гэтую работу, тлумачаць, падтрымліваюць і падштурхоўваюць яго. Сёння дзіця робіць гэта з мамай і татам, а заўтра, гледзячы на іх падтрымку і адчуваючы ўпэўненасць у сваіх сілах, будзе рабіць гэта самастойна”, — адзначае псіхолаг.
Сяброўства, натацыі і адлегласць
Аўтарытэт рэзанёрства, калі бацькі літаральна “заядаюць” дзіця сваімі натацыямі і павучаннямі, узнікае звычайна ў падлеткавым узросце. Бацькам здаецца, што менавіта гэта і ёсць выхаванне, якое дасць вынік, таму яны замест некалькіх па-сапраўднаму карысных слоў, вымаўленых у жартаўлівым тоне, садзяць дзіця насупраць і пачынаюць сумны працяглы маналог. Як адзначае спецыяліст, у такіх сем’ях амаль няма месца радасці і ўсмешкам.
Быць сябрам свайму дзіцяці — што можа быць лепш? Так думаюць многія бацькі, і ў цэлым гэта добра. Аднак часам бывае, што ў сем’ях, дзе пануе аўтарытэт сяброўства, ён дасягае крайняй мяжы, паколькі бацькі забываюць, што яны перш за ўсё выхавальнікі, а дзеці — іх выхаванцы. Сын ці дачка пачынае павучаць, здзекавацца, паводзіць сябе груба і нястрымана. Такім чынам адбываецца адваротны працэс — дзеці пачынаюць выхоўваць бацькоў.
Існуе і аўтарытэт адлегласці, калі бацькі ўпэўнены: каб дзеці іх слухаліся, трэба менш з імі размаўляць, трымацца асобна і выступаць у якасці пэўнага начальніка. Звычайна такое дзіця расце ў матэрыяльным дастатку, аднак нейкія эмацыянальныя адносіны з бацькамі ў яго адсутнічаюць, бо з усіх бакоў яно акружана іншымі людзьмі, якія выконваюць педагагічныя функцыі. Такія адносіны ствараюць у дзіцячым сэрцы пустату, якая з часам можа напоўніцца чымсьці адмоўным.
Няма сэнсу імкнуцца стаць аўтарытэтам
Як бачыце, бацькоўскі аўтарытэт бывае розны. Загадчык кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі адзначыла, што аўтарытэт, безумоўна, неабходны кожнай сям’і, аднак трэба адрозніваць сапраўдны аўтарытэт ад ілжывага, дзе паслухмянасці дабіваюцца любымі сродкамі. Тым не менш дзецям патрэбна разумная бацькоўская любоў, а аўтарытэт бацькоў у многім залежыць ад іх адносін да дзяцей, ад цікавасці да іх жыцця, да іх спраў, радасцей і засмучэнняў.
Напрыканцы лекцыі Наталля Леанідаўна агучыла галоўнае бацькоўскае правіла: “Не трэба імкнуцца стаць аўтарытэтам для свайго дзіцяці. Гэта абсалютна дарэмна. Чым больш мы да гэтага імкнёмся, тым больш гэтая аўтарытэтнасць выслізгвае. Аўтарытэт — гэта проста вынік нашай любові, клопату, прыхільнасці, увагі і разумення. Тут самае галоўнае — адчуць, зразумець дзіця такім, якое яно ёсць, таму што дзіця — не маленькі дарослы, яно па-іншаму бачыць свет, эмацыянальна рэагуе на яго і адчувае патрэбу ў нашай падтрымцы і знаходжанні побач”.
Людміла ГУРСКАЯ.