Традыцыі і гонар

- 11:37Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

Імя героя­-пагранічніка Аляксандра Мікалаевіча Сівачова, начальніка 1-­й пагранічнай заставы 86­-га Аўгустоўскага пагранічнага атрада, які ўстаў на абарону Радзімы і разам з таварышамі загінуў у першы дзень Вялікай Айчыннай вайны, носіць сярэдняя школа № 26 Гродна.

Подзвіг пагранічніка

Кожны вучань гэтай школы ведае пра жыццё і подзвіг героя-пагранічніка. Аляксандр Мікалаевіч Сівачоў нарадзіўся 2 мая 1918 года на хутары Энем Краснадарскага краю ў сям’і чыгуначніка. Пасля заканчэння чатырох класаў і школы рабочай моладзі працаваў у рамонтных майстэрнях калгаса. У 1939 годзе скончыў пагранічнае вучылішча НКУС у Арджанікі­дзэ і быў накіраваны ў пагранічныя ­войскі НКУС БССР. Спачатку быў прызначаны намеснікам каман­дзіра 1-й пагранічнай заставы 86-га Аўгустоўскага пагранічнага атрада, а ўжо ў 1941 годзе стаў начальнікам заставы. На заставе ён і сустрэў вайну.

У 4 гадзіны раніцы 22 чэрвеня 1941 года нямецка-фашысцкія войскі напалі на нашу краіну. Але для Аляксандра Сівачова вайна пачалася на 15 мінут раней. Заставу пад яго камандаваннем у 3.45 пачалі атакаваць дыверсійныя атрады вермахта. Ён паспеў паведаміць у камендатуру, што да заставы падцягваюцца танкі і мотапяхота праціўніка, у іх напрамку рухаецца вялікая група нямецкіх аўтаматчыкаў, — і пагранічнікі занялі кругавую абарону.

Па ўспамінах жыхара вёскі Галавенчыцы Якава Брыні, відавоч­цы бою, артылерыя ворага вяла агонь прамой наводкай па размяшчэнні заставы. Яшчэ 21 чэрвеня начальнік вывеў асабовы склад заставы на паглыбленне існуючых траншэй. Падчас бою кругавая абарона дазволіла адбіваць атаку за атакай. Дакладна вядома толькі тое, што бой доўжыўся некалькі гадзін і скончыўся пасля поўдня.

Імя героя-пагранічніка нададзена ўстанове адукацыі 16 красавіка 2021 года, а піянерскай дружыне — яшчэ ў 2009 годзе. Ёсць добрая традыцыя ў дзень нараджэння А.М.Сівачова прымаць школьнікаў у піянеры на заставе, якая таксама носіць яго імя. Памяці героя прысвечаны турнір Гродзенскай вобласці па барацьбе самба, што праводзіцца з 1978 года. Яго імем названа вуліца ў Гродне. Сярод традыцый установы адукацыі цесныя зносіны з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны і пагранічнікамі.

Мяркуючы, што артылерыя ўжо знішчыла пагранічнікаў, фашысты ішлі ва ўвесь рост. Але сівачоўцы сустрэлі гітлераўцаў агнём, прымусіўшы іх адпаўзці назад. У гэтым баі Сівачоў быў паранены. Атрымаўшы падмацаванне, немцы зноў адкрылі агонь, а затым заставу атакавалі нямецкія танкі. Гранатамі адзін танк быў падарваны, але астатнія прарваліся да акопаў. Сівачоў быў паранены другі раз, але па-ранейшаму працягваў кіраваць сваімі падначаленымі. У танкі ворага паляцелі гранаты. Застава апынулася ў поўным акружэнні, але трымалася. Калі кулямётчык загінуў, Аляксандр Сівачоў лёг за кулямёт і працягваў стральбу. Але сілы былі няроўныя… Выжыць не ўдалося нікому. 

У 1965 годзе А.М.Сівачоў быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені (пасмяротна). У красавіку 1968 года 4-й заставе Гродзенскай пагранічнай групы прысвоена імя Аляксандра Мікалаевіча Сівачова. Ён залічаны ў спісы асабовага складу заставы навечна. Паблізу заставы ўсталяваны бюст героя.

Цёплыя сустрэчы

Да пачатку вайны Аляксандр Сівачоў адправіў сваю жонку, Яўге­нію Пятроўну, да сваіх бацькоў у Энем, дзе ў 1942 годзе нарадзіўся яго сын Аляксандр Аляксанд­равіч. У сям’і да 1964 года не ведалі, што Аляксандр Мікалаевіч загінуў. У 1953 годзе памерла яго мама, да апошняга спадзеючыся, што сын прапаў без вестак. І толькі потым сын Сівачова прачытаў у часопісе апавяданне Льва Лінькова “Сэрца Аляксандра Сівачова” пра по­дзвіг пагранічніка. Пры вызваленні Беларусі Лінькоў у вёсцы Галавенчыцы са слоў відавочцаў запісаў інфармацыю аб баі на заставе.

Аляксандр Аляксандравіч вучыўся ў лётным вучылішчы, затым служыў у авіяцыі. Ён не раз бываў на заставе, якая носіць імя яго бацькі. На жаль, палкоўніка А.А.Сівачова ўжо няма. Неаднара­зова прыязджалі на заставу жонка Аляксандра Мікалаевіча Яўгенія Пятроўна і яго ўнук Дзяніс.

У маі бягучага года адбылася чарговая сустрэча навучэнцаў сярэдняй школы № 26 з унукам героя-пагранічніка Дзянісам Аляксандравічам Сівачовым, які жыве і працуе ў Маскве.

— На гэты раз Дзяніс Аляксанд­равіч быў ганаровым госцем на адкрытым турніры Гродзенскай вобласці па барацьбе самба памяці А.М.Сівачова і, што парадавала, з задавальненнем прыняў наша запрашэнне наведаць школу, якая носіць імя яго дзеда. Ён расказаў школьнікам пра Аляксандра Мікалаевіча, пра традыцыі і звычаі сваёй сям’і, пра тое, як шану­юць памяць аб загінуўшых у Вялікай Айчыннай вайне. Сустрэча атрымалася вельмі цёплай, душэўнай і запамінальнай. Дзеці задавалі пытанні, ім было цікава. Разам пабывалі і на заставе імя А.М.Сівачова, — расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 26 Гродна Анжэла Тоўсцікава.

Клопат пра ветэранаў

Недалёка ад школы жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны, ганаровы грамадзянін Гродна, ганаровы пагранічнік Рэспублікі Беларусь Рыгор Ісакавіч Абялеўскі. Калі дазваляла здароўе, Рыгор Ісакавіч быў частым госцем у школе, а цяпер дзеці наведваюць ветэрана. Менавіта па яго аповедах яны даведваюцца пра падзеі ваенных гадоў, пра службу пагранічнікаў у мірны час. Школьнікі заўсёды віншуюць ветэрана са святамі. На адным з адкрытых урокаў у канцы мінулага навучальнага года Рыгор Ісакавіч, не маючы магчымасці асабіста звярнуцца да школьнікаў, запісаў відэазварот да дзяцей. Установа адукацыі падтрымлівае сувязі з многімі ветэранамі вайны. Цесна супрацоўнічае з ветэранскай арганізацыяй школьны валанцёрскі атрад “Садружнасць”. 

— У свой час Рыгор Абялеўскі падтрымаў ідэю прысваення школе імя Аляксандра Мікалаевіча Сівачова, — расказала Анжэла Тоўсцікава. — Падтрымаў нас і старшыня савета арганізацыі ветэранаў Кастрычніцкага раёна Гродна Уладзімір Цюцюннік. Цяпер мы сівачоўцы. Безумоўна, з пагранічнай заставай імя А.М.Сівачова мы супрацоўнічалі і раней, аднак прысваенне школе імя героя-пагранічніка не толькі стала гонарам для нас, але і абавязвае ўзаема­дзеянне з пагранічнікамі вывесці на іншы, больш высокі, узровень.

Раўненне на герояў

Навучэнцаў сярэдняй школы № 26 заўсёды гасцінна прыма­юць на 4-й заставе Гродзенскай пагранічнай групы імя А.М.Сівачова. Школьнікі спыняюцца ля бюста героя і мінутай маўчання шану­юць яго памяць. Дзецям цікава бы­ваць на заставе, наведваць музей. Іх вельмі захапляе аповед кінолагаў пра сабак, магчымасць паназі­раць, як яны дапамагаюць пагранічнікам. Прадстаўнікі заставы не толькі знаёмяць дзяцей з умовамі службы, але і самі наведваюцца ў школу, каб пагутарыць з моладдзю, адказаць на пытанні.

Падчас летніх канікул традыцыйнымі сталі выязныя палатачныя лагеры на базе заставы. Жадаючых пабываць там заўсёды шмат. У 2019 годзе працавалі дзве змены, і падлеткі засталіся вельмі задаволены. Пандэмія ўнесла карэктывы ў арганізацыю палатачных лагераў, аднак у планах кіраўніцтва школы і заставы зноў узнавіць іх работу. 

Сёння ў школьным музеі, прысвечаным вуліцам Гродна, вядзецца рэстаўрацыя. У яе межах адзін з пакояў будзе пашыраны і прысвечаны падзеям пачатку Вялікай Айчыннай вайны, подзвігу героя-пагранічніка А.М.Сівачова. У мінулым годзе ў школе з’явіўся гурток турыстычна-экскурсійнай накіраванасці, бо, калі музей адкрыецца цалкам (сёння арганізоўваюцца толькі асобныя экспазіцыі), спатрэбяцца экскурсаводы, якія змогуць расказваць і пра гістарычныя падзеі, і пра подзвіг героя-пагранічніка. Для экспазіцыі музея школьнікі таксама збіраюць матэрыял пра вуліцу Сівачова.

Наступны крок у справе выхавання моладзі — адкрыццё ў гэтым навучальным годзе ваенна-патрыятычнага класа. Праведзена падрыхтоўчая работа з навучэнцамі і іх бацькамі, на працягу мінулага навучальнага года дзецям была прадастаўлена магчымасць пабываць на заставе, пагутарыць з пагранічнікамі, каб яны атрымалі ўяўленне пра службу на граніцы. Вучыцца ў гэтым класе выказалі жаданне не толькі хлопчыкі, але і дзяўчынкі. Гэта першы такі клас, у будучыні яны з’явяцца ў кожнай паралелі. Да работы з навучэнцамі падключыцца кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні, настаўнікі фізічнай культуры і здароўя. Не застануцца ўбаку і прадстаўнікі заставы.

— Мы ганарымся, што наша школа носіць імя героя-пагранічніка Аляксандра Мікалаевіча Сівачова, — падкрэсліла дырэктар сярэдняй школы № 26 Гродна Вольга Кулеш. — Школьнікі павінны памятаць, якою цаной нам дастаўся мір. Неабходна даносіць да дзяцей думку пра тое, што, не памятаючы сваёй гісторыі, мы не пабудуем будучыню. 

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота Міхаіла ІСАЧАНКІ і прадастаўлена ўстановай адукацыі.