Традыцыі нашых продкаў прадоўжым мы

- 11:39Нам пішуць, Рознае

Пад гэтым дэвізам адбылося цікавае мерапрыемства напярэдадні свята Каляд і Новага года ў Клайшанскай базавай школе Воранаўскага раёна. Вучні школы разам з настаўнікамі, кіраўнікамі музеяў і метадыстам раёна Г.М.Шчарбаковай наведалі школьны музей “Спадчына”, а затым усе разам накіраваліся на вячоркі да дзеда Антося і бабулі Міхаліны.

Гаспадыня паведаміла, наколькі цікавымі раней былі вячоркі ў вёсцы, калі збіраліся туды не толькі пагутарыць, пажартаваць, але і заняцца патрэбнай справай. Пралі кудзелю, вязалі, ткалі, латалі – абы толькі не правесці час дарма, таму што кожны пражыты дзень – год корміць. Вось і вучні заняліся патрэбнай справай. Адны з іх дралі пер’е, другія лушчылі фасолю, хлопчыкі білі масла. А пад час працы жартавалі, расказвалі анекдоты, загадвалі загадкі, падбіралі прыказкі, прымаўкі, прыпеўкі. Валерыя Карпінская, вучаніца 4 класа, выканала музычную пастаноўку “Дзед Тамаш і бабка Еўка”. Затым усе дружна гулялі ў гульню “Лапцікі”. Польку танцавалі ўсе: і ўдзельнікі, і госці мерапрыемства. Напрыканцы свята заўважылі, што пакуль весяліліся, то і масла збілася. Масла памылі, з вялікім задавальненнем частаваліся свежай маслянкай і чыстым маслам. На наступныя вячоркі дамовіліся зрабіць смачны клінковы сыр. Свята атрымалася на выдатна!

Г.ВІЛЬЧЭЎСКАЯ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Клайшанскай базавай школы Воранаўскага раёна.