Трапныя стралкі

- 11:15Выхаванне

На Маларытчыне стартаваў месячнік грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі, прымеркаваны да Дня абаронцаў Айчыны і 100-гадовага юбілею Узброеных Сіл Беларусі. У рамках месячніка запланаваны інфармацыйныя і класныя гадзіны з удзелам воінаў-інтэрнацыяналістаў, урокі мужнасці, тэматычныя вечары адпачынку, рыцарскі турнір, грамадзянска-патрыятычная акцыя “Тут жыве ветэран”, акцыя “Міласэрнасць” па доглядзе помнікаў воінскай славы, конкурсы на лепшае апавяданне, верш і малюнак, гульнявая шоу-праграма “Войскі розныя патрэбны”, а таксама спартыўныя спаборніцтвы.

Урачыстае адкрыццё месячніка адбылося на базе сярэдняй школы № 1 Маларыты. У мерапрыемстве ўдзельнічалі прадстаўнікі Кобрынска-Маларыцкай міжраённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ, раённага ваеннага камісарыята, раённых арганізацый Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў і Беларускага саюза афіцэраў.

Месячнік пачаўся са спаборніцтваў па кулявой стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі на кубак Кобрынска-Маларыцкай міжраённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ. На старт выйшлі 10 каманд з ліку юнакоў дапрызыўнага і прызыўнога ўзросту, каб пазмагацца за званне самага трапнага стралка. Кожны ўдзельнік імкнуўся стаць першым.

Праграма спаборніцтваў прадугледжвала тры віды практыкаванняў. Лепшыя стралкі вызначаліся па суме выбітых ачкоў па мішэні з адлегласці 10 метраў. Усе ўдзельнікі паказалі добрую стральбу. Першую прыступку ў выніковай табліцы заняла каманда сярэдняй школы № 2 Маларыты. На 2-м месцы апынулася каманда Ляхавецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы, на 3-м — Хаціслаўскай сярэдняй школы.

Гарачай і напружанай атрымалася барацьба за прызавыя месцы і ў асабістым заліку. Сярод юнакоў у стральбе з апорай на стол лепшым аказаўся Мікалай Лямачка з сярэдняй школы № 2 Маларыты. У стральбе стоячы не было роўных Аляксею Бандарэнку з гэтай жа школы. У стральбе з калена перамог Андрэй Дардзюк з Ляхавецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы.

У сёлетніх спаборніцтвах па кулявой стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі ўпершыню ўдзельнічалі дзяўчаты, якія прадстаўлялі каманду ДТСААФ. І хаця яны выступалі па-за конкурсам, усё роўна паказалі выдатныя вынікі. Сярод лепшых — Дар’я Сакалюк, Вікторыя Сіжук і Вікторыя Кручына з сярэдняй школы № 2 Маларыты.

Пераможцы і прызёры спаборніцтваў атрымалі дыпломы і памятныя прызы. Лепшыя стралкі будуць абараняць гонар Маларытчыны на аналагічным абласным першынстве.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.