Трэба дапамога? Мы каля парога!

- 11:21Выхаванне

Падтрымка пажылых, адзінокіх, хворых людзей — справа годная, але варта не забывацца і пра тых, хто гэтую падтрымку і дапамогу аказвае. Напярэдадні Сусветнага дня валанцёра, які адзначаецца 5 снежня, у Мінску ўшанавалі тых, хто кожны дзень дорыць свой клопат і ўвагу іншым. Фінал рэспубліканскага конкурсу “Валанцёр года — 2020”, арганізаваны Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі сумесна з Міністэрствам адукацыі і Рэспубліканскім валанцёрскім цэнтрам, аб’яднаў больш за 100 лепшых прадстаўнікоў руху БРСМ “Добрае сэрца”, Асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА, Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і іншых арганізацый.

“Вымераць дабро і знайсці лепшых вельмі складана, але нам удалося гэта зрабіць, і ўзнагароды атрымалі пераможцы ва ўсіх намінацыях сярод усіх узроставых катэгорый: навучэнскай, студэнцкай, працоўнай моладзі, а таксама валанцёрскія атрады грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый, — адзначыла сакратар ЦК БРСМ Аляксандра Ганчарова. — Пераможцаў вызначалі сярод 88 індывідуальных і калектыўных работ у намінацыях “Асабісты ўклад”, “Лепшы валанцёрскі атрад”, “Лепшая вучэбная праграма для валанцёраў”, “Лепшы іміджавы плакат” і “Лепшая валанцёрская група ў сацыяльнай сетцы”.

Так, у намінацыі “Асабісты ўклад” перамогу атрымалі Ганна Каламыцкая, дзевяцікласніца сярэдняй школы № 1 Ліды, Настасся Ганчарова, навучэнка 4-га курса аддзялення дашкольнай адукацыі сацыяльна-гуманітарнага каледжа Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова, і Яніна Гарбачэўская, педагог-арганізатар сярэдняй школы № 22 Гомеля.

У намінацыі “Лепшы валанцёрскі атрад” журы прызнала лепшымі валанцёрскія атрады “Дарогаю дабра” сярэдняй школы № 4 Асіповічаў і “Дзеці сталіцы” БДПУ імя Максіма Танка. 

Камісар атрада “Дзеці сталіцы” Марына Губарэвіч расказала, што іх атрад ужо больш як 17 гадоў дапамагае школьнікам з карысцю праводзіць летнія канікулы. Для школьнікаў студэнты з розных факультэтаў арганізоўваюць забаўляльныя, навучальныя і спартыўныя гульні, ладзяць конкурсы і святы. “Да гэтага года наш праект “Дзеці сталіцы” дзейнічаў на базе 10 школ Мінска, сёлета ж у сувязі з пандэміяй мы вымушаны былі перавесці работу ў анлайн-рэжым, — расказала Марына. — Але гэта дазволіла нам ахапіць значна больш дзяцей, прычым з розных куткоў Беларусі. Чатыры дні на тыдзень нашы валанцёры праводзілі заняткі на тэмы “Сакрэты эфектыўных паводзін”, “Беларусіяда. Спартыўныя гульні ў сталіцы”, “Зялёныя ўрокі” і “Школа роўных магчымасцей”, дзе студэнты Інстытута інклюзіўнай адукацыі рыхтавалі займальныя заняткі для школьнікаў”.

У намінацыі “Лепшая вучэбная праграма для валанцёраў” перамогу атрымала Вольга Жыхарка, педагог-арганізатар Жамчужненскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна, з праграмай “Мастацтва быць валанцёрам”. Дарэчы, перамога ў розных намінацыях гэтага конкурсу ўжо трэці раз адпраўляецца ў Жамчужны. Валанцёрскі атрад “Рука ў руцэ”, якім кіруе Вольга Аляксандраўна, стаў гордасцю школы і раёна, а для соцень хворых дзяцей і пажылых людзей яго ўдзельнікі сталі лепшымі сябрамі і памочнікамі.

У намінацыі “Лепшы іміджавы плакат” узнагароды аддалі Аляксандру Касецкаму, чацвёртакурсніку Полацкага гандлёва-тэхналагічнага каледжа Белкаапсаюза, за плакат “Валанцёр — гэта добрае сэрца!” і Ксеніі Іванец, студэнтцы 3-га курса факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, аўтару плаката “Дабро — не навука”.

У намінацыі “Лепшая валанцёрская група ў сацыяльнай сетцы” перамог валанцёрскі атрад “Дабракі” з Оршы. Спецыяльнымі ўзнагародамі былі адзначаны валанцёры руху БРСМ “Добрае Сэрца”, якія працавалі падчас першай хвалі COVID-19 і працягваюць рабіць гэта сёння, а таксама пераможцы рэспубліканскага конкурсу “Моладзь за чысціню гарадоў і вёсак”.

Акрамя самога ўзнагароджвання, для валанцёраў прайшоў святочны канцэрт, і ўсе яны прынялі ўдзел у валанцёрскім інтэнсіве. Вучэбная праграма з тэматычнымі трэнінгамі па развіцці лідарства ў валанцёрскім асяроддзі, фарміраванні здаровага ладу жыцця і практычныя заняткі па арганізацыі інтэрактыўных святаў, праграмы “Роўны навучае роўнага” праходзілі на базе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

Традыцыйна падчас цырымоніі быў дадзены старт рэспубліканскай дабрачыннай акцыі БРСМ і БРПА “Цуды на Каляды” з удзелам Дзеда Мароза, Снягуркі і сімвала 2021 года — Бычка. Усё цацкі і сувеніры, якія прывезлі валанцёры, адправіліся ў Івянецкі дом-інтэрнат.

“Гэты наш праект закліканы ў пераднавагоднія і перадкалядныя дні акружыць цяплом хлопчыкаў і дзяўчынак, якія маюць патрэбу ў асаблівым клопаце і ўвазе. Сёлета, выконваючы санітарна-эпідэміялагічныя меры, мы арганізуем ва ўсіх кутках краіны больш за 500 разнапланавых мерапрыемстваў для выхаванцаў дзіцячых інтэрнатных устаноў, дамоў сямейнага тыпу, сацыяльна-педагагічных цэнтраў, для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі”, — расказала Аляксандра Ганчарова.

Так, 7 снежня Магілёўская абласная арганізацыя БРСМ дала ва ўнівермагу “Цэнтральны” (Магілёў) старт дабрачыннай акцыі “Ёлка жаданняў”. Чырвоныя рукавічкі з марамі выхаванцаў Клімавіцкага, Крычаўскага і Чэрыкаўскага цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі ўпрыгожаць ва ўнівермагу навагоднюю ёлку, а здзейсніць жаданні дзяцей зможа кожны жадаючы магіляўчанін. У Баранавіцкім цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі валанцёры “Добрага Сэрца” 17 снежня правядуць для яго выхаванцаў майстар-клас па вырабе дэкаратыўных ёлак, упрыгажэнняў для іх і ўручаць дзецям салодкія падарункі.

Да 23 снежня цімураўцы БРПА рыхтуюць тэатралізаваны лялечны паказ, сувеніры і вырабы для выхаванцаў Жыткавіцкага сацыяльна-педагагічнага цэнтра з прытулкам. Валанцёры Наваполацкага гарадскога камітэта БРСМ сумесна з конным клубам KM Horses 27 снежня арганізуюць у гарадскім парку культуры і адпачынку дзіцячую дабрачынную праграму з катаннем хлопчыкаў і дзяўчынак на конях. Навагодняе віншаванне “Час чараўніцтва” 28 снежня падораць выхаванцам Гарадзейскай дапаможнай школы-інтэрната валанцёры Нясвіжскага раёна.

“Сваёй акцыяй мы хочам прыцягнуць увагу да праблем дзяцінства, а таксама выхаваць у падрастаючага пакалення пачуццё міласэрнасці і дабрыні. Нашы дзеці заўсёды застаюцца для нас самымі любімымі, нават калі яны выпадкова спатыкнуліся ў жыцці. Яны па-ранейшаму дзеці і, вядома ж, чакаюць і вераць у цуды на Каляды. З надыходзячым Новым годам і Калядамі цяжкіх падлеткаў, якія знаходзяцца ў прыёмніку-размеркавальніку для непаўналетніх УУС Мінаблвыканкама, павіншуюць валанцёры Мінскай гарадской арганізацыі БРСМ”, — адзначыла сакратар ЦК БРСМ.

“Цуды на Каляды” валанцёры традыцыйна будуць дарыць і людзям сталага ўзросту. Напрыклад, 24 снежня актывісты БРСМ Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжа перададуць пажылым пацыентам Любчанскай бальніцы сястрынскага догляду відэавіншаванне з творчымі нумарамі і салодкія пачастункі.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Крысціны КЕЧКА.