Трэба размаўляць з людзьмі

- 10:56Інфармацыйная гадзіна

Ідэолагі павінны ўмець дыскутаваць на вострыя тэмы, адстойваць свой пункт гледжання. Такое меркаванне выказаў доктар гістарычных навук прафесар філасофіі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна Барыс Ляпешка, каменціруючы “Вялікую размову з прэзідэнтам”.

“Мне вельмі спадабаліся разважанні прэзідэнта аб ідэалогіі. Ён цалкам мае рацыю ў частцы крытыкі стану спраў у гэтай сферы. На жаль, гэтая тэма фактычна цалкам сышла са старонак газет, але ж ідэалогія з’яўляецца адным з важных кампанентаў інфармацыйнай бяспекі. Не трэба баяцца вострых тэм, выказваць альтэрнатыўны пункт гледжання: ідэалогіі без гэтага не бывае. Ідэалогія заўсёды мае на ўвазе дыскусійныя, спрэчныя пытанні, іх абмеркаванне, вастрыню, нетрывіяльнасць, антыдагматызм. Адыход ад гэтага — пройгрышная пазіцыя”, — лічыць прафесар.

Любы аспект жыццядзейнасці мае ідэалагічны складнік, гэта тычыцца ўсіх сфер: ад эканомікі — да спорту. “Цалкам правільна гаворыць прэзідэнт, што пасля перамогі спартсмена ўся краіна радуецца, у людзей добры настрой, яны з задавальненнем абмяркоўваюць гэтую тэму. Хіба гэта не ідэалогія? Тое ж самае тычыцца і эканамічных пытанняў… Як адзна­чыў кіраўнік дзяржавы, трэба размаўляць з людзьмі”, — перакананы Барыс Ляпешка.

На яго думку, ідэалогія і нацыянальная ідэя — узаемазвязаныя паняцці. “Чамусьці склаўся такі пункт гледжання, што сапраўдная роля інтэлігенцыі — апаніруючая, але гэта зусім не так. Галоўная роля заключаецца ў тым, каб развіваць нейкія ідэі. На сустрэчы ўзнімалі тэму нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Гэта правільна: трэба сябе спачатку ўсвядоміць, а потым ужо весці гаворку пра нейкую ідэю, якая аб’ядноўвае грамадства. У нас яна пакуль не выкрышталізавалася па адной прычыне: грамадства не выспела. І не трэба саромецца пра гэта гаварыць, выхоўваць, фарміраваць уласную эліту”, — рэзюмаваў суразмоўнік.