Валерый ГАЛУБОЎСКІ, рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі:
— Канстытуцыя — гэта Асноўны закон грамадства і дзяржавы, яна ўплывае на жыццё кожнага чалавека. У сваю чаргу рэферэндум — гэта форма непасрэднага волевыяўлення грамадзян, якая праяўляецца ў галасаванні па найбольш значных пытаннях агульнадзяржаўнага значэння.
Усё гэта падкрэслівае важнасць усведамлення кожным грамадзянінам Беларусі неабходнасці рэалізацыі свайго права ўдзельнічаць ва ўдасканаленні канстытуцыйнага будаўніцтва.
Змяненні ў Канстытуцыі арыентаваны на фарміраванне трывалага падмурка для развіцця краіны на перспектыву. Пры гэтым заканадаўча замацоўваюцца нормы, якія забяспечваюць захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Актыўнасць дыялогавых пляцовак па абмеркаванні змяненняў у Асноўны закон краіны дазваляе сфарміраваць пачуццё датычнасці грамадзян да гістарычна значнай падзеі Беларусі на сучасным этапе развіцця дзяржавы і грамадства.
На гэтым тыдні ва ўстановах адукацыі Барысава, Дзяржынска і Стоўбцаў пройдуць першыя дыялогавыя пляцоўкі па абмеркаванні праекта змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Беларусі, які быў апублікаваны ў канцы снежня мінулага года.
Напярэдадні сустрэч з працоўнымі калектывамі педагогаў сваімі разважаннямі аб прапанаваных новаўвядзеннях у Асноўны закон краіны з чытачамі “Настаўніцкай газеты” падзяліўся Мікалай Мікалаевіч Башко, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта.
Так, каменціруючы новую трактоўку артыкула 15 Канстытуцыі, дзе гаворыцца, што дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Мікалай Мікалаевіч звярнуў увагу на тое, што для яго ключавой у гэтай фармулёўцы з’яўляецца фраза “гістарычная памяць”, і адзначыў:
— У апошнія гады сталі выказвацца думкі, якія цалкам фальсіфікуюць гісторыю. Моладзь, на жаль, усё больш і больш паддаецца гэтаму ўплыву. Галоўная задача сістэмы адукацыі — перадаць маладому пакаленню правільнае разуменне ўсіх гістарычных падзей. Маладыя людзі павінны ведаць праўду і памятаць, што вайну выйграў савецкі народ, што асноўныя бітвы праходзілі на Усходнім фронце. Напэўна, падчас ваенных дзеянняў прымаліся не папулярныя ў рамках дэмакратычнага мыслення метады і кіраўніцкія рашэнні, але ў ваенных умовах часта інакш было нельга.
На думку Мікалая Башко, вельмі важна, што захоўваецца сацыяльная накіраванасць Канстытуцыі, што дзяржава абавязваецца аказваць падтрымку сем’ям з дзецьмі, дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, дае магчымасць атрымліваць бясплатную адукацыю і медыцынскую дапамогу, прадугледжвае для асоб з інваліднасцю роўныя магчымасці для іх удзелу ва ўсіх сферах жыцця.
Пры гэтым наспела неабходнасць унясення ў Канстытуцыю прапісных ісцін, якія яшчэ 20—30 гадоў назад не падлягалі ніякаму сумненню. Так з’явілася ўдакладненне ў артыкуле 32 Канстытуцыі пра тое, што шлюб — гэта саюз жанчыны і мужчыны.
— Прыйшоў час удакладняць тое, што з’яўляецца асновай славянскай культуры, хрысціянскай ментальнасці, — адзначае Мікалай Мікалаевіч. — Унясенне ў Канстытуцыю такой нормы — гэта, мабыць, адказ на сучасныя выклікі Заходняй Еўропы і Амерыкі, гэтыя змяненні адрасаваны маладому пакаленню. Мы абавязкова павінны захаваць гэтыя хрысціянскія асновы, якія фарміруюцца з юных гадоў дзякуючы ў тым ліку і духоўна-маральнаму выхаванню. Трэба актуалізаваць гэтую работу ў сістэме адукацыі.
Дзяржаўная падтрымка дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, на думку Мікалая Башко, — гэта спроба ўзмацніць ролю бацькоў у выхаванні дзяцей:
— У краіне выбудавана сістэма работы па раннім выяўленні дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, сістэма прафілактычнай работы з такімі сем’ямі, што мінімізуе колькасць сітуацый, калі бацькі пазбаўляюцца бацькоўскіх правоў. На жаль, не ўсе дарослыя ўсведамляюць сваю ступень адказнасці ў выхаванні дзяцей. Усё яшчэ застаецца катэгорыя мам і татаў, якія лічаць, што іх функцыя — нарадзіць, а астатнім няхай займаецца дзяржава. Прыемна, калі карэкцыйная работа з сям’ёй дае вынікі і бацькі, усвядоміўшы свае памылкі, усё ж знаходзяць у сабе сілы, каб з сацыяльна цяжкага становішча вярнуцца да нармальнага жыцця, а значыць, вярнуць сваіх дзяцей у сям’ю.
Мікалай Башко заклікае ўсіх работнікаў сістэмы адукацыі Мінскай вобласці азнаёміцца з праектам змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Беларусі, абмеркаваць яго ў працоўных калектывах і, магчыма, унесці свае прапановы. А ў дзень правядзення рэспубліканскага рэферэндуму абавязкова прыйсці на выбарчыя ўчасткі і падтрымаць унесеныя прапановы. На думку кіраўніка сістэмы адукацыі Міншчыны, гэта вельмі важна для будучыні нашай краіны, для сістэмы адукацыі і яе стабільнасці, для кожнага з нас.
Запісала Марына КУНЯЎСКАЯ.
Падрабязней на pravo.by