Цэнтр, вокны якога свецяцца дапазна

- 11:02Брэстчына

Востравам творчасці і шчасця часта называюць Кобрынскі раённы цэнтр дзіцячай творчасці дзяцей, дзверы якога вось ужо 67 гадоў адчынены для ўсіх таленавітых і ініцыятыўных дзяцей Кобрына і Кобрыншчыны, а вокны якога свецяцца заўсёды дапазна. Сёння ў Кобрынскім РЦДТ, якім кіруе Наталля Васільеўна Белая, працуе каля 170 аб’яднанняў па інтарэсах у такіх кірунках, як мастацкая самадзейнасць, дэкаратыўна-прыкладная творчасць, турызм і краязнаўства, тэхнічная творчасць, сацыяльная актыўнасць. У іх займаецца больш за 2500 навучэнцаў ва ўзросце ад 4 да 17 гадоў, і кожны з іх можа выбраць сабе справу па душы.

Тыя, каго вабіць сцэна, змогуць ажыццявіць свае мары ў аб’яднаннях па вакале “Алегра”, “Віва-Рэ-ці”, “Бліскавічкі”, “Нашы дзеці”, некалькіх харэаграфічных калектывах, гуртку “Чырлідынг”, гуртку размоўнага жанру “Хачу на сцэну”, гуртках ігры на гітары і на ўдарных інструментах, ансамблі народнай музыкі “Весялінка”. Ахвочым да стварэння прыгожага ўмелымі рукамі не будзе сумна ў аб’яднаннях “Майстар Дамавічок”, “Свет цацкі”, “Дэкаратыўны дызайн”, “Чароўная скарбонка”, “Пясочныя забавы”, “Залатая саломка”, “Вяночак”, “Чароўны пэндзлік”, “Вясёлкавая палітра”. Нестандартнаму мысленню дзяцей навучаць у гуртках “Юныя знаўцы радыёэлектронікі”, “Стэндавік”, “Архітэктурнае макетаванне”, “Планета Арыгамі”. Адчуць багацце гістарычнай спадчыны роднага рэгіёна і смак турыстычных вандровак можна ў гуртках “Спадчына”, “З крыніц спрадвечных”, “Мая Кобрыншчына”, “Юны турыст”. Выхаваць і развіць лідарскія якасці прапаноўваюць “Школа важатых” і школа сацыяльнай актыўнасці “Лідарскае кола”.

Асаблівым гонарам Кобрынскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці з’яўляюцца яго самыя тытулаваныя калектывы: народная студыя выяўленчага мастацтва (кіраўнік А.Р.Зуброў), узорны танцавальны калектыў “Пралесачкі” (кіраўнік С.І.Чырун), узорная вакальная студыя “Крыніца” (кіраўнік А.Я.Амельянюк), узорны ансамбль сучаснага танца “Мадэрн” (кіраўнік Т.А.Арцюшэўская), узорная інструментальная група “Добры дзень” (кіраўнік А.А.Вазняк). У кожнага з гэтых калектываў свая ўнікальная творчая біяграфія і свая адметная калекцыя ўзнагарод беларускіх і міжнародных конкурсаў, а іх кіраўнікі— людзі не толькі з багатым педагагічным вопытам, але і неспатольным жаданнем пастаянна рабіць штосьці новае, з незгасальным творчым агнём у сэрцы.

Здавалася б, чаго не хапае для поўнага шчасця нязменнаму кіраўніку народнай студыі выяўленчага мастацтва Анатолю Рыгоравічу Зуброву? Работы студыйцаў экспанаваліся ў Анголе, Польшчы, Германіі, Балгарыі, Францыі, Італіі, Грэцыі, Тунісе, Японіі, Канадзе, Венесуэле, Мексіцы, Бельгіі, Нідэрландах, Іарданіі, Кампучыі, Югаславіі… Але вось жа надумаў гэты неўтаймоўны педагог адкрыць новы ў сваёй студыі кірунак — кераміку. І адкрыў! І гэта пры тым, што гліну даводзіцца закупляць на камбінаце ў Барысаве, бо ружовая кобрынская змяшчае шмат вапны і амаль не прыдатная для творчасці ў неперапрацаваным выглядзе.

Кіраўнік “Пралесачак” Святлана Іосіфаўна Чырун з’яўляецца выдатнікам адукацыі Рэспублікі Беларусь, стыпендыятам прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, ганаровым грамадзянінам Кобрынскага раёна. Нягледзячы на ўсе гэтыя свае ганаровыя тытулы, яна нястомна працягвае вандраваць па вёсках Кобрынскага раёна, збіраючы мясцовы самабытны фальклор і папаўняючы ім рэпертуар “Пралесачак”. Дарэчы, выпускнікі ансамбля паспяхова працуюць нават у такіх вядомых на ўсю краіну прафесійных калектывах, як дзяржаўны ансамбль танца “Харошкі” і заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль танца, музыкі і песні “Белыя росы”.

Прастора, час, энергія — вось тры канстанты, на якіх будуе сваю працу кіраўнік узорнага ансамбля сучаснага танца “Мадэрн” Таццяна Аляксандраўна Арцюшэўская. Толькі ў 2016/2017 навучальным годзе ансамбль быў удастоены гран-пры міжнароднага фестывалю “Мы — таленты твае, Беларусь!”, станавіўся дыпламантам Рэспубліканскага фестывалю “Свет зрабіўся добрым”, Міжнароднага фестывалю “Калейдаскоп творчасці. Вясна-2017” у Польшчы, Міжнароднага конкурсу сучаснага мастацтва “Маё пакаленне — 2017”.

Кіраўнік інструментальнай групы “Добры дзень” Аляксандр Аляксандравіч Вазняк умее чуйна прыслухоўвацца да эстэтычных патрэб сваіх выхаванцаў, ісці насустрач іх музычным інтарэсам і пры гэтым прывіваць высокую выканальніцкую культуру, у музычных занятках даваць альтэрнатыву пустому баўленню часу. Немагчыма было не заслухацца выкананнем добрага старога хіта “Воля і розум” з рэпертуару групы “Арыя” ў выкананні ўдзельнікаў “Добрага дня”, і проста не верылася, што гэтыя хлопцы і дзяўчаты ніколі не вучыліся ў музычнай школе, а толькі ў яго, свайго любімага Аляксандра Аляксандравіча…

Падчас нашага прэс-туру па ўстановах адукацыі Брэстчыны дырэктар Кобрынскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці Наталля Васільеўна Белая была гатова падрабязна расказаць нам яшчэ пра многае з жыцця цэнтра: мэтавыя праграмы, якія тут з поспехам рэалізоўваюцца (“Асоба. Гуманізм. Інтэлект. Культура”, “Здароўе”, “Падлетак і закон”, “Канікулы без суму”, “ЦДТ + дзіця + сям’я”, “Крокі ў прафесію”), праект “Край роўных магчымасцей” і інклюзіўны фестываль “Крыштальнае сэрца”, школу педагагічнага майстэрства, іншыя карысныя ініцыятывы. Але мы спяшаліся, нас ужо чакалі ў іншых установах адукацыі. “Шкада, што вы пабылі ў нас так нядоўга, — заўважыла, ужо развітваючыся, Наталля Васільеўна. — Калі б пабылі даўжэй, то ўбачылі б, што вокны нашага цэнтра свецяцца дапазна. Дзеці з радасцю бягуць сюды і не хочуць адсюль сыходзіць, бо ведаюць, што тут збываюцца іх мары…”

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.