Дзяцінства — гэта радасць, смех, штодзённыя пазнанні і адкрыцці. Пацвярджэнне гэтаму — тыдзень у Іўеўскім яслях-садзе — пачатковай школе, дзе на вясновых канікулах працаваў дзённы аздараўленчы лагер “Усмешкі дзяцінства”.
Усе мерапрыемствы праходзілі пад дэвізам “Сцяжынкамі малой радзімы”. 50 хлопчыкаў і дзяўчынак чакала насычаная праграма: конкурсы, віктарыны, спартыўныя часы, музычныя хвілінкі, падарожжы, сустрэчы з цікавымі людзьмі.
Кожны дзень быў адзначаны асабістай старонкай у жыцці лагера: дзень вясёлых забаў, дзень падарожжаў і адкрыццяў, дзень малой радзімы, дзень сяброўства. Асабліва запамінальнымі сталі фізкультурна-аздараўляльная гадзіна “Вясёлыя старты”, забаўляльная праграма “Цікавы кірмаш”, дзе бралі ўдзел два атрады “Сонейка” і “Дружба”. Музейныя заняткі “Свята Вялічка з чырвоным яечкам”, якія правяла старшы навуковы супрацоўнік Іўеўскага музея нацыянальных культур М.П.Пазняк, пазнаёмілі выхаванцаў з народнымі традыцыямі і звычаямі.
А колькі пазітыву і захаплення было ў дзяцей падчас экскурсіі ў Гродзенскі дзяржаўны заалагічны парк! Дамоў вярталіся задаволеныя і з цудоўным настроем.
Але час ляціць… Вось ужо і закрыццё лагера. У святочнай праграме “Да пабачэння, “Усмешкі дзяцінства” ўсе атрымалі падарункі і дыпломы.
Ганна ЗАХАР,
выхавальнік аздараўленчага лагера “Усмешкі дзяцінства”
на базе Іўеўскага ясляў-сада — пачатковай школы.