Творчыя сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі на працягу тыдня ладзіліся ў Іўеўскім яслях-садзе — пачатковай школе.
Першым стала знаёмства школьнікаў з Валерыем Квілорыя. Пісьменнік захапіў пачаткоўцаў жартамі і аповедамі са школьнага жыцця. Паказваў ілюстрацыі кніг і аргументаваў, чаму цікава прачытаць пэўную кнігу. Маленькія слухачы з цікавасцю задавалі пытанні. А напрыканцы сустрэчы ўсе мелі магчымасць набыць кніжкі з аўтографам аўтара.
Праз некалькі дзён не менш яркай і запамінальнай стала сустрэча з Надзеяй Ясмінскай. Беларуская пісьменніца ў гульнёвай форме пазнаёміла вучняў са сваёй кнігай “Восковой волшебник”. Тут Надзея Ясмінска паказала настольны тэатр. Слухачы змаглі ўбачыць галоўную гераіню Лауру, з якой адбываюцца апісаныя ў кнізе падзеі. Напрыканцы пісьменніца пажадала слухачам верыць у цуды, бо яны сапраўды могуць здзяйсняцца.
Цікавыя сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі ў Іўеўскім яслях-садзе — пачатковай школе сталі не толькі падзеяй, калі вучні змаглі асабіста пазнаёміцца з творцамі, але і таксама павучальным момантам, калі неабходна прывабіць сучасных дзяцей узяць у рукі кнігу і перажыць разам з літаратурнымі героямі захапляльныя прыгоды.
Настасся МІШКУРА,
настаўніца пачатковых класаў Іўеўскага ясляў-сада — пачатковай школы.