Ціманаўскія вячоркі

- 15:09Нам пішуць

З мэтай выхавання ў падрастаючага пакалення паважлівага стаўлення да культурнай спадчыны ў Ціманаўскай сярэдняй школе Клімавіцкага раёна арганізавалі “Вясковыя вячоркі”, прысвечаныя Году малой радзімы.

Фота да матэрыяла: Ціманаўскія вячоркі.Навучэнцы 2 класа ўрачыста прывіталі гасцей свята. Вучні 6 класа распавялі пра старадаўнія традыцыі вячорак у сельскай мясцовасці: у кожнай вёсцы, у кожным сяле былі свае вячоркі, куды збіраліся, каб сябе паказаць і на іншых паглядзець, перакінуцца прыпеўкамі, паспаборнічаць у забаўках. Для вячорак выбіралі які-небудзь дом з прасторнай святліцай і гасціннай гаспадыняй, якая любіла спяваць, распавесці якую-небудзь байку, успомніць пра сваю маладосць, пра нягоды і радасці.

Аповед навучэнцаў суправаджаўся мультымедыйнай прэзентацыяй. Самым запамінальным момантам для гасцей было запрашэнне на такія вячоркі. Ветлівыя гаспадар і гаспадыня сустракалі гасцей, частавалі гарбатай з прысмакамі, забаўлялі народнымі песнямі, танцамі, гульнямі. Падчас свята даведаліся і пра народныя прыкметы, паглядзелі інсцэніроўку казкі, падрыхтаваную навучэнцамі 4 класа, паслухалі небыліцы ў асобах, разыграныя другакласнікамі.

Такія мерапрыемствы спрыяюць паглыбленню ў дзяцей ведаў па гісторыі беларускага народа, пра традыцыі і культуру. Духоўнае адраджэнне нашага народа немагчыма без захавання і перадачы іншым пакаленням традыцый нацыянальнай культуры. Ва ўмовах сучаснага жыцця вельмі важна адчуваць свае карані: гэта дом, сям’я, традыцыі.

Фота да матэрыяла: Ціманаўскія вячоркі. Фота да матэрыяла: Ціманаўскія вячоркі.

Іна АНЕЛЬКІНА,
настаўніца пачатковых класаў Ціманаўскай сярэдняй школы Клімавіцкага раёна.
Фота Надзеі САБІРАВАЙ.