Цуды роднага краю

- 11:33Краязнаўства

Сёлетнія абставіны, звязаныя з пандэміяй, прымусілі нас прывыкнуць да анлайн-фармату большасці традыцыйных масавых мерапрыемстваў: заняткі, конкурсы, святы, фестывалі… Днямі ля манітораў сабраліся і тыя, хто не ўяўляе свайго жыцця без красовак і рукзака: у канцы мінулага тыдня завяршыўся Рэспубліканскі анлайн-­злёт юных экскурсаводаў. Традыцыйна арганізатарам мерапрыемства выступіў Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства.

У Ружанах.

Нас аб’яднаў Zoom

Для хлопчыкаў і дзяўчынак 5 дзён мінулага тыдня былі напоўнены пазітыўнымі эмоцыямі і цікавымі адкрыццямі. У злёце прынялі ўдзел 7 каманд — прадстаўнікі ад кожнай вобласці і Мінска. Праграма мерапрыемства ўключала лекцыйныя і прак­тычныя заняткі, дапамагла ўдзельнікам паглыбіць веды ў экскурсійнай дзейнасці ў сваіх установах, а таксама завесці новыя знаёмствы ў розных гарадах Беларусі, застаючыся пры гэтым дома. Не абышлося і без спаборніцтваў: прайшлі конкурсы на лепшую візітку “Давайце пазнаёмімся”, дэманстрацыя творчых прэзентацый “Сем цудаў маёй малой радзімы” і віктарына “Мая чароўная Беларусь”.

Юлія Віктараўна Кісялёва, метадыст аддзела арганізацыі паходаў і  экскурсій Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, расказала: “Хоць анлайн­-злёт для нашых удзельнікаў нязвыклая форма, у нас усё атрымалася: дзеці змаглі разняволіцца перад маніторамі і прадставіць свае каманды і сваю экскурсійную дзей­насць. Мабыць, немалаважную ролю тут адыграла тое, што яны знаходзіліся ў родных сценах дома ці школы. Zoom аб’яднаў нас, даў магчымасць, нягледзячы на велізарную адлег­ласць паміж намі, правесці мерапрыемства, абмяняцца вопытам, уражаннямі, ведамі, завесці новыя знаёмствы, а таксама навучыцца гаварыць на камеру — гэта таксама вопыт”.

У конкурсе візітак “Давайце пазнаёмімся” пераможцай стала каманда Гомельскай вобласці, якую прадстаўлялі навучэнцы сярэдняй школы № 10 Светлагорска. Яны прэзентавалі сябе і свой рэгіён, расказалі, чаму сонца ўстае найперш менавіта на Гомельшчыне, падлічылі ўзрост лельчыцкага цар­-дуба — помніка прыроды рэспубліканскага значэння, прыадкрылі таямніцу веткаўскага музея і цудаў тураўскай зямлі. Яны расказалі юным калегам пра адзіны ў Беларусі дзеючы ветраны млын 1883 года, пра феномен Сіняга возера і нават паказалі ўласнаручна знятую экранізацыю адной з легенд пра гэтае возера.

Дарэчы, дадзеная каманда — прадстаўнікі розных класаў школы, а не пэўнага аб’яднання па інтарэсах; і ў паходы і на экскурсіі са сваімі навучэнцамі адпраўляюцца літаральна ўсе класныя кіраўнікі. Навучэнцы як малодшых, так і старшых класаў вядуць “Дзённікі падарожнікаў”, дзе запісваюць інфармацыю пра новыя для сябе маршруты, змяшчаюць фота і свае ўражанні ад наведвання мясцін роднага краю.

У Косава.

Гісторыя ў камені

Вельмі відовішчнымі былі творчыя прэзентацыі каманд “Сем цудаў маёй малой радзімы”. Кожная прэзентацыя была ўнікальнай і цікавай. Дзякуючы юным канкурсантам, усе, хто сачыў за падзеямі злёту ў сацыяльных сетках ці анлайн, змаглі пабываць на малой радзіме ўдзельнікаў злёту, адкрыць для сябе новыя маршруты.

Пераможцай стала каманда Брэсцкай вобласці — навучэнцы аб’яднання па інтарэсах “Скаўтынг для дзяўчынак (гайдынг)” Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і края­знаўства дзяцей і моладзі (кіраўнік А.Г.Дзмітрыева). Дзяўчаты прадставілі вынік сваёй пошукавай края­знаўчай працы “Там, дзе гісторыя замерла ў камені” па гарадскім пасёлку Ружаны (Пружанскі раён) і горадзе Косава (Івацэвіцкі раён), куды рэдка пракладваюцца традыцыйныя  экскурсійныя маршруты. Аповед удзельніц каманды пра мясцовыя ўнікальныя славутасці — замак Сапегаў у Ружанах, Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Косаве, Петрапаўлаўскую царкву з базыльянскім кляштарам у Ружанах, дом­сядзібу Тадэвуша Касцюшкі ва ўрочышчы Мерачоўшчына, палац Пуслоўскіх і інш. — стаў адкрыццём для многіх.

Каманда Віцебскай вобласці.

Алена Георгіеўна Дзмітрыева расказала: “У нашай арганізацыі ад зін з 12 кірункаў — “Мая Радзіма — Беларусь”, таму мы кожны год выбіраем для сябе невялікія населеныя пункты, буйныя гарады ці нават прыродныя аб’екты і, не выкарыстоўваючы патэнцыялу вядомых музеяў і экскурсаводаў, самастойна будуем маршруты. Самую цікавую інфармацыю мы не проста апрацоўваем і прэзентуем — часта на яе аснове распрацоўваем краязнаўчыя квесты. Напрыклад, у нас ёсць вельмі цікавы квест “Пінск — горад дзевяці стагоддзяў”, дзе на маршруце мы вывучаем 13 аб’ектаў, квест па Гродне, дзе інфармацыю пра 15 аб’ектаў у гістарычным цэнтры дзеці шукаюць праз QR­коды, распрацаваны 3 абсалютна розныя па сваіх задачах квесты па Мінску і інш. У “Партфелі юнага падарожніка”, акрамя карты, фатаграфій аб’ектаў розных перыядаў, абавязкова ёсць і гістарычная даведка пра гэтыя аб’екты і самае галоўнае — канверт з пытаннямі, адказы на якія трэба знайсці падчас квеста. Гэта стымулюе дзяцей да жывой камунікацыі, бо такой інфармацыі ў інтэрнэце не знойдзеш, але пра гэта ім скажуць ксёндз ці прыхаджане ў касцёле, гараджане на вуліцы, супрацоўнікі музея…”

Як расказала Паліна Лесак, шмат цікавага для сябе яна з сяброўкамі знайшла на плошчы ў Ружанах, дзе стаяць два культавыя збудаванні — Траецкі касцёл і Петрапаўлаўская царква. Гэтая царква пабудавана насуперак усім канонам будаўніцтва праваслаўнай царк­вы: у яе званіца на ўсходзе, бо Леў Сапега захацеў, каб два будынкі “гля­дзелі” адзін на аднаго. Дзеці высветлілі, што Траецкі касцёл у Косаве і сёння адчыняецца старым ключом — равеснікам самога касцёла, убачылі цудатворную ікону “Божая маці Ласкавая”, якой ужо 350 гадоў і якая захавалася нават падчас пажару. Прыхаджанка гэтага касцёла паказала ім круглую каменную купель, у якой хрысцілі Тадэвуша Касцюшку, і копію старонкі з метрычнай кнігі са звесткамі пра гэтыя хрэсьбіны, расказала пра арган XІX стагоддзя, які цяпер знаходзіцца на рэстаўрацыі.

На сувязі — сярэдняя школа № 10 Светлагорска.

Выпадкова дзяўчаты натрапілі на маленькую каплічку 1859 года на ўскраі­не Косава, якая па пабудове нагадвае Каложскую царкву. У сценах самой капліцы — сярэдневяковыя камяні­надмагіллі.

“Так на кожным аб’екце мы даведваемся пра ўнікальныя факты і потым выбудоўваем з дзецьмі экскурсійныя маршруты для іх жа равеснікаў, — гаворыць Алена Георгіеўна і дадае: — У нас правіла: “Кожны маршрут дзеці павінны прайсці нагамі”. У прыватнасці, мае дзеці памятаюць тыя 20 кіламетраў, якія мы прайшлі па маршруце Ружаны — Косава. У мяне, праўда, дзеці­-паходнікі: мы лёгка праходзім у дзень і 20, і 25 кіламетраў”.

Паліна Лесак, навучэнка аб’яднання па інтарэсах “Скаўтынг для дзяўчынак (гайдынг)” Брэсцкага АЦТіКДіМ: “Такі злёт — не толькі саперніцтва, але і новы штуршок да адкрыццяў. Нам было цікава паслухаць іншых удзельнікаў, даведацца пра цікавыя мясціны ў іх рэгіёнах і намеціць сабе новыя экскурсіі. Напрыклад, цяпер мы хочам праехаць па маршрутах, прадстаўленых камандамі злёту”.

Новыя веды лішнімі не бываюць

Ва ўдзельнікаў злёту была магчымасць паглыбіць свае веды дзякуючы тэарэтычным заняткам: яны пазнаёміліся з класіфікацыяй экскурсій, яе складнікамі, такімі паняццямі, як тэхналагічная карта экскурсіі, картка аб’екта і інш., змаглі абмеркаваць са спецыялістамі пытанні, якія тычацца прафесіі экскурсавода і звязанай з ёю дзейнасцю. Дзеці змаглі праверыць свае веды ў галіне экскурсійнай дзейнасці, а таксама замацаваць пройдзены раней матэрыял падчас інтэрактыўнай віктарыны “Мая чароўная Беларусь”.

Заданні віктарыны былі звязаны з прафесійнымі пытаннямі па экскурсазнаўстве, геаграфіі, фальклоры і звычаях, з веданнем галоўных славутасцей роднага краю. Тут не знайшлося роўных навучэнцам вядомага ў асяроддзі экскурсаводаў педагога Людмілы Канстанцінаўны Нікіцінай, якая больш за 30 гадоў кіруе аб’яднаннем па інтарэсах “Юны экскурсавод” на базе народнага комплекснага музея “Гісторыя Заронаўскага краю” (Віцебскі раён). Яе навучэнцы ведаюць усё і нават больш пра заронаўскія легенды. У прыватнасці, іх 16­кіламетровы турыстычны міфалагічны марш­рут па сямі азёрах, які прапануе пазнаёміцца з легендамі і паданнямі Заронаўскага краю, стаў вядомы не толькі ў Беларусі. З дзецьмі Людміла Канстанцінаўна аб’ехала ўсю краіну, дасканала вывучыла гісторыю і традыцыі амаль кожнага яе куточка, таму перамога ў віктарыне гэтай каманды была лагічнай.

Юлія Кісялёва: “Экскурсавод — гэта не проста прафесія, а стыль жыцця. Падчас злёту мы ўбачылі, што куратары экскурсійнай дзейнасці не стаяць на месцы, выкарыстоўваюць інавацыі: уключаюць у экскурсіі анімацыю, інтэрактыўныя элементы, выкарыстоўваць мабільныя дадаткі і інш.”

На пасяджэнні круглага стала арганізатары адзначылі кожную каманду і засяродзілі ўвагу на асаблівасцях рэгіёнаў. Асобную падзяку ў свой адрас атрымалі кіраўнікі каманд — педагогі, якія служаць прыкладам дзецям, раскрываюць іх таленты і праяўляюць да іх увагу і чуласць падчас сумеснай працы. Журы адзначыла і актыўнасць дзяцей, іх жаданне даведацца нешта новае, адкрыць для сябе дзівосныя куткі малой ра­дзімы і падзяліцца ўражаннямі з астатнімі.

Ю.В.Кісялёва адзначыла: “З году ў год мы праводзім гэты злёт, і, здавалася б, што я магу яшчэ тут пачуць ці ўбачыць? Бо я ведаю Беларусь уздоўж і ўпоперак. Але кожны год, у тым ліку і сёлета, я адкрываю для сябе нешта новае. Напрыклад, веласіпедны маршрут віцяблян ці маршрут каманды Брэстчыны. Для сябе асабіста я намеціла сямейны маршрут і абавязкова паеду ў Косава і Ружаны. Я нават не ўяўляла, што там такая прыгажосць і ёсць такія мясціны. Парадавала і каманда Гродзенскай вобласці: кожная іх візітка і творчыя конкурсы суправаджаліся вельмі змястоўнымі прэзентацыямі. Ды і іншыя каманды стараліся не адставаць”.

Калі дзеці з усіх куткоў Беларусі прыязджаюць на злёт да нас у сталіцу, мы прадастаўляем ім магчымасць убачыць яе, бо многія з іх не бывалі ў Мінску ні разу. Мы праводзім шэраг экскурсій, пачынаючы з агляднай экскурсіі па горадзе, знаёмім са славутасцямі Мінска, яго візітнымі карткамі — Нацыянальнай бібліятэ­кай, музеем гісторыі  Вялікай Айчыннай вайны, наведваем з імі паркі, сядзібы, храмы і многае іншае. Засмучае тое, што сёлета такіх жывых экскурсій у іх не было”.

Але ж мы маем справу з дзецьмі, якія, нягледзячы ні на што, імкнуцца зведаць свой родны край. Так што нават ад тых дзяцей, якія яшчэ не былі ў сталіцы, упэўнена, хутка можна чакаць неардынарных уласнараспрацаваных маршрутаў, у тым ліку і па Мінску.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота ўдзельнікаў злёту.