Трагедыя ў лагеры ў Карэліі, падчас якой па віне дарослых загінулі 14 школьнікаў, ускалыхнула расійскае грамадства. Якія высновы трэба зрабіць, якія рэальныя захады прыняць, каб такія жудасныя выпадкі ніколі не паўтараліся і каб захаваць магчымасць летняга спартыўна-турыстычнага і навуковага адпачынку для вучняў, разважае “Газета.Ru”.
Некаторыя дзіцячыя лагеры і адукацыйныя экспедыцыі для школьнікаў вымушаны былі прыпыніць сваю работу пасля масавых праверак, падставай для якіх стала трагедыя ў лагеры “Сямвозера” ў Карэліі. Як сцвярджаюць арганізатары гэтых мерапрыемстваў, пад удар трапілі нават бяскрыўдныя паездкі, у якіх дзеці ўжо не першы дзясятак гадоў вывучаюць імхі і лішайнікі. Эксперты перакананы: у шэрагу выпадкаў дзеянні чыноўнікаў прадыктаваны жаданнем перастрахавацца, а не рэальнай неабходнасцю.
“Толькі непасрэдна ў Карэліі былі правераны сем падобных устаноў, пры гэтым МНС уваходзіла ў склад міжведамаснай камісіі па кантролі лагераў”, — расказаліі “Газеце.Ru” ў мясцовым аддзяленні МНС. Там адзначылі, што па выніках праверак у рэгіёне ні адзін лагер пакуль не закрыты, хоць праверачныя мерапрыемствы працягваюцца.
“Пакуль завяршыўся толькі першы этап праверак у рэгіёне, мы выявілі шэраг розных парушэнняў, якія, зрэшты, не патрабуюць радыкальных рашэнняў. Мы працягнем маніторыць сітуацыю, звязаную з бяспекай устаноў дзіцячага адпачынку, і агульныя вынікі, верагодна, падвядзём пасля летняга сезона”, — адзначылі ў сваю чаргу ў пракуратуры Карэліі.
У ходзе праверак была прыпынена дзейнасць лагера “Золата Белага мора” падчас чарговай змены дзяцей. Па версіі следства, там выявіліся шматлікія грубыя парушэнні санітарна-эпідэміялагічных норм. У пракуратуры паведамілі, што з дзецьмі ва ўзросце 10—13 гадоў праводзіліся трэніровачныя заезды на самаробных драўляных несертыфікаваных лодках без матораў, у тым ліку і пры хваляванні ў 3—4 балы.
Мелі месца факты штучнага перакульвання і затаплення лодак, выскокванне дзяцей з лодак у халодную ваду ў шторм на значным аддаленні ад берага з мэтай далейшага мадэлявання аперацый па іх выратаванні, адзначае пракуратура. Па звестках ведамства, дзеці не забяспечваліся выратавальнымі камізэлькамі і ахоўнымі шлемамі, а маршруты перамяшчэння не ўзгадняліся з выратавальнымі службамі. Падчас выхаду ў мора спецыяльныя выратавальныя караблі дзяцей не страхавалі. У ходзе праверкі таксама былі выяўлены шматлікія парушэнні патрабаванняў санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства. На востраве адсутнічае ўстойлівая тэлефонная сувязь, што ў выпадку ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі абцяжарыць аказанне своечасовай дапамогі па выратаванні і эвакуацыі дзяцей.
Узбуджана крымінальная справа, а дзяцей з лагера эвакуіравалі і адправілі ў Маскву па месцы жыхарства. “Цяпер пытанне аб тым, прадоўжыць ці не гэтая ўстанова сваю работу, вырашыць суд. Пакуль жа яе дзейнасць прыпынена”, — сказалі ў пракуратуры.
Між тым бацькі падлеткаў, якія праводзілі лета ў “Золаце Белага мора”, напісалі адкрыты ліст на імя кіраўніка Следчага камітэта Аляксандра Бастрыкіна з просьбай спыніць праследаваць у крымінальным парадку важатых лагера Дзмітрыя Арлова і Максіма Мітрафанава, а таксама пакінуць у спакоі сам лагер. Аб рэакцыі галоўнага следчага на гэты зварот пакуль не вядома.
Праверкі праходзяць і ў лагерах іншых рэгіёнаў. Так, нядаўна ў выніку комплекснай праверкі МНС была прыпынена работа лагера на тэрыторыі Кандалакшынскага запаведніка “Лувеньга”, які займае частку Рэспублікі Карэлія і частку Мурманскай вобласці.
“У канцы чэрвеня да нас прыбылі супрацоўнікі пракуратуры і пажарнага нагляду МНС Мурманскай вобласці. Справа ў тым, што ў красавіку 2015 года з’явіліся абноўленыя правілы бяспекі, па якіх нельга размяшчаць у мансардзе дзяцей у драўляным будынку. Акрамя таго, патрабуецца наяўнасць не менш як двух эвакуацыйных выхадаў, а ў нас толькі адзін”, — сказала прадстаўнік кіраўніцтва лагера Вольга Вейсблюм. Паводле яе слоў, з-за гэтага прыйшлося адмовіць у правядзенні практыкі вучням маскоўскай школы № 192. Апошнія два гады старшакласнікі гэтай адукацыйнай установы праводзілі ў “Лувеньзе” навукова-даследчыя экспедыцыі, бо іх школа спецыялізуецца на паглыбленым вывучэнні біялогіі.
У сваю чаргу супрацоўнікі школы № 192 гавораць, што пасля трагедыі ў Карэліі чыноўнікі пачынаюць перастрахоўвацца, з-за чаго пад нож трапляюць абсалютна бяспечныя праекты. “Як гэта (трагедыя ў “Сямвозеры”. — Заўв. “Газета.Ru”.) тычыцца нашай экспедыцыі? З аднаго боку, быццам ніяк: мы не плаваем на лодках, не здзяйсняем далёкіх маршрутаў. Шмат займаемся ў лабараторыі, ціха і ўдумліва адбіраем пробы і ставім эксперыменты. Нашым дзецям і забаўляцца няма калі, за што іх, дарэчы, вельмі шануюць супрацоўнікі запаведніка, бо тут трэба з асаблівай дбайнасцю сачыць за сваімі паводзінамі, каб нават неспадзявана не нашкодзіць звярам і птушкам. Усе дакументы, якія неабходна афармляць для паездкі, уключаючы апавяшчэнне ў Расспажыўнагляд, у парадку. Аднак, з пункту гледжання чыноўнікаў, якім указана дзьмуць на ваду, абпаліўшыся на малацэ, любое мерапрыемства з дзецьмі — крыніца жудаснай небяспекі”, — напісала на сваёй старонцы ў Facebook адна з арганізатараў практыкі для школьнікаў Алена Краснова.
З-за падобных прычын аказалася немагчыма завяршыць экспедыцыю і ў населены пункт Молдзіна Цвярской вобласці, куды на працягу 23 гадоў ездзілі навучэнцы маскоўскай гімназіі № 1543 на практыку. Праўда, камісія з праверкай прыехала толькі ў канцы чэрвеня, калі практыка ў біялагічных класаў ужо завяршалася. Пра лёс іншых экспедыцый і практык прадстаўнікі гімназіі расказаць не змаглі.
Старшыня камісіі Грамадскай палаты Расіі па развіцці навукі і адукацыі Любоў Духаніна лічыць, што праверкі лагераў неабходна было праводзіць значна раней. “Эвакуацыя дзяцей пасля пачатку адпачынку патрэбна толькі ў тым выпадку, калі іх жыццю і здароўю пагражае рэальная небяспека. Прычыны, па якіх у лагерах знайшлося мноства парушэнняў, ляжаць выключна ў фінансавай сферы. Падрыхтоўка да летняга сезона патрабуе значных выдаткаў. І на іх рэальна трэба ісці, а не спрабаваць сэканоміць на тым ці іншым аспекце. Часам бывае і так, што ў лагеры проста няма дастаткова грошай. Трэба прааналізаваць кошт пуцёўкі ў тую цi iншую ўстанову дзіцячага адпачынку, і калі высветліцца, што яна цалкам аб’ектыўная і тым не менш не пакрывае ўсіх выдаткаў, то трэба разгледзець пытанне аб датацыі дзяржавы лагерам”, — заявіла яна.
Начальнік гадавой біялагічнай практыкі Маскоўскага фізіка-тэхнічнага інстытута (МФТІ) Марыя Летарова лічыць, што ў найбліжэйшы час дзіцячыя экспедыцыі застануцца ў падвешаным стане. “Што тычыцца ўсіх гэтых раптоўных праверак, то я не ведаю, чым менавіта яны выкліканы: непасрэдна смерцю дзяцей у Карэліі або пасадкамі чыноўнікаў (як вядома, затрыманы кіраўнік карэльскага Расспажыўнагляда і кіраўнік мясцовага МНС). Чыноўнікі прывыклі, што яны стаяць крыху вышэй за звычайных грамадзян, а тут іх сталі прыцягваць да крымінальнай адказнасці. У турму ніхто не хоча, вось кіраўнікі ведамстваў і перастрахоўваюцца”, — разважае М.Летарова.
Паводле яе слоў, цяпер існуе мноства розных норм і прадпісанняў, у адпаведнасці з якімі неабходна арганізоўваць дзейнасць дзіцячых лагераў і падобных устаноў, але там не прапісаны многія паняцці. “Не паказана выразна, што такое дзіцячы лагер, што такое паход і чым ён адрозніваецца ад транспарціроўкі. Адсюль узнікае такая сітуацыя, калі закрыць можна практычна любы лагер, і ўсе чыноўнікі і правяраючыя выдатна пра гэта ведаюць”, — сказала супрацоўніца МФТІ.
Паводле яе слоў, гібель дзяцей у Карэліі адбылася па дзвюх прычынах: з-за няправільнай арганізацыі работы лагера і няправільнай арганізацыі выратавальных работ, калі супрацоўнікі “Сямвозера” занадта позна звярнуліся ў МНС. “Цяпер неабходна, па-першае, перастаць палохаць супрацоўнікаў лагераў. Каб у выпадку чаго яны не баяліся звярнуцца па дапамогу да тых жа дзяржорганаў, каб яны супрацоўнічалі з чыноўнікамі. Акрамя таго, неабходна распрацаваць і прыняць нарматыўныя дакументы, дзе выразна былі б указаны базавыя паняцці, звязаныя з работай лагераў”, — адзначыла Марыя Летарова.