Цёцьтаня

Маладыя аднавяскоўцы ласкава называюць яе Цёцьтаняй — так радней. Жыхары больш сталага веку на пытанне “Што ў вас можна паглядзець?” накіроўваюць да яе ўладанняў: “Ідзіце ў бібліятэку. Там усё раскажуць і пакажуць”. Так прыадкрываецца прафесійная скарбонка бібліятэкара Вальнянскай сельскай бібліятэкі Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці Таццяны Аляксандраўны ЯРОЦКАЙ.

Ідэя трапіць у вотчыну Таццяны Аляксандраўны бліжэй да вечара падаецца няўдалай. Але праважатыя пераконваюць: Цёцьтаня амаль жыве на працы.

На ганку двухпавярховага будынка нас сустракае сама гаспадыня.

— Таццяна Аляксандраўна, а ў вас ужо зачынена?

— Зараз адчынім, — усміхаецца бібліятэкар, прапускаючы нас наперад.

Першае, на чым спыняецца вока, — самаробная батлейка. На адмысловай заслоне адпачываюць яе жыхары — страказа і мураш, баба з дзедам, малы цюцька. Усе яны — плён працы Таццяны Аляксандраўны, і кожны — з асабістым характарам.

Час ад часу здаецца, што трапляеш у кніжную армію са строгай вайсковай дысцыплінай. Адны кнігі свецяцца карэньчыкамі на паліцах, прысвечаных творчасці М.Гогаля, другія паказваюць сябе ў раздзеле энцыклапедый, трэція ўсміхаюцца з дзіцячай літаратуры.

Увагу прыцягвае стэнд з самаробнымі беларускімі лялькамі — адмысловы чырвоны куток бібліятэкі. Па словах Таццяны Аляксандраўны, раней іх стваралі як абярэгі, што адганялі ад чалавека і яго сям’і гора, нястачу, праблемы са здароўем. Традыцыйна лялькі робяць без твару, каб праз вочы не перадаць благое гаспадару. У залежнасці ад функцый, кожная з іх атрымлівае імя. Напрыклад, Неразлучнікі — фігуркі хлопца і дзяўчыны з агульнай рукой (адсюль і назва): іх прынята дарыць пры ўтварэнні сям’і. А Траўніца мае выгляд заможнай кабеты, бо напаўняецца лекавымі травамі — лічыцца, што яна абараняе жытло ад дрэннай энергіі.

Робіць іх Таццяна Аляксандраўна з абрэзкаў тканіны: са старой мужавай кашулі, са спадніцы, з палосак тканіны — рэчаў, якія выкарыстоўваліся ў гаспадарцы. Гэта таксама закладзена ў трыдыцыі вырабу: прынята, што матэрыял павінен несці ў сабе пэўны гістарычны код. Акрамя таго, пры вырабе вялікую ролю адыгрываюць думкі, пажаданні і пазітыў, укладзеныя ў цацку.

Пра насельнікаў гэтай паліцы спецыяліст можа расказваць бясконца. Дзякуючы захапленню Т.А.Яроцкай, пра нацыянальных лялек цяпер ведаюць па ўсім раёне. Кіраўніцтва, падтрымліваючы гэтую цікавасць, дасылае ў фонд Вальнянскай бібліятэкі спецыяльную літаратуру. Але найвялікшая радасць для бібліятэкара — тое, што выраб лялек прываблівае моладзь.

“Калі пасля майго расказу хаця б у аднаго дзіцяці нешта застаецца, значыць усё пачыналася нездарма. Значыць, цікавасць пой­дзе далей”, — пераканана спецыяліст.

А дзеці, трэба сказаць, у бібліятэцы — самыя частыя госці: дашкаляты малююць, падлеткі спяваюць ці рэпеціруюць сцэнкі (“Цёця Таня, чаму вы такая сумная? Давайце мы вам канцэрт пакажам!”). А вучні старшых класаў любяць пагутарыць з Таццянай Аляксандраўнай, распытаць пра новыя кніжкі ці абмеркаваць новыя задумы.

Калі Таццяна Яроцкая расказвае пра дзіцячыя праекты, то кожны аповед заканчвае, як прафесійны вядучы: “Тадаам! Класная работа, так?” І самае цікавае, што з ёй не паспрачаешся. Сваю ролю спецыяліст адзначае коратка: “Мы вытвараем”. “Дарагулечныя дзеткі”, “зоркі” (так Таццяна Яроцкая называе сваіх малодшых сяброў) не менш актыўныя ў сваім асяродзі, калі бібліятэкар прыходзіць у школу.

“Бягуць да мяне, мае харошыя: “Дайце, мы вас абдымем!” — “Дзеткі, кажу, не задавіце цёцю Таню”. А меншых увогуле мной пужаюць: “Будзеце сваволіць — не пойдзем у бібліятэку, — жартуе спецыяліст. — Мне хочацца заўсёды выкладвацца напоўніцу, каб ім было цікава. Разумею, каб дзяцей цягнула сюды, яны павінны бачыць і атрымлі­ваць тут тое, чаго няма нідзе. Вы думаеце, яны часта сядзяць на месцы? Ага, паспрабуйце сфатаграфаваць! Прынята, што ў бібліятэцы павінна быць ціха — толькі не ў нашай! Здараецца, і задум няма ніякіх, а пасля (і адкуль бярэцца?) глядзіш — нішто сабе мы выдалі!

З імі лёгка: дзеці самі расказваюць, што трэба рабіць. Мне застаецца толькі па­чуць. Падлеткі — гэта асаблівыя людзі, вельмі шчырыя. Што часам робіцца ў іх душах! Бываюць моманты, калі іх не разумеюць, ці ў баць­коў не хапае часу на шчырую размову. Тое, што мы можам пагутарыць за чаем, дарагога вартае”.

Часта падлеткавыя цяжкасці высвятляюцца, калі Таццяна Аляксандраўна право­дзіць гутаркі-трэнінгі па праблемах сучаснасці: ганд­лі людзьмі, залежнасцях, узаемаадносінах з сабой і навакольнымі. Часта задаць нязручныя пытанні падлеткам дапамагае гульня і разуменне таго, што Цёцьтаня не проста дарослы, а найперш — сябар.

Цікава, але гісторыя сям’і Таццяны Яроцкай таксама звязана з Вольнам. Тата — вясковец, з’ехаў у Казахстан, дзе сустрэўся з маці. Калі ў сям’і нарадзілася дзяўчынка, яе вырашылі паказаць бабулі: так малое ўпершыню сустрэлася з роднымі ў будучыні ваколіцамі. Хросная Таццяны працавала ў бібліятэцы, і дзяўчынка, прыязджаючы на лета, надоўга запамінала асаблівы пах кніг.

“Дома на той час кнігі было цяжка дастаць, таму я прывозіла іх з Беларусі. Пасля збірала іх у падшыўкі, уклейвала туды паперкі з выхаднымі данымі і давала пачытаць дзецям са свайго двара. Пасля на гэтых кнігах раслі мае дзеці, унукі. І як я, скажыце, магла не быць бібліятэкарам? Ну лёс жа!”

Праз 30 гадоў Таццяна Яроцкая пераехала ў Беларусь назаўсёды. Тут яна асвоіла не адну прафесію: выхавальнік дзіцячага сада, музычны кіраўнік, ахоўнік, сацыяльны работнік.

“Мне заўсёды не сядзелася на адным месцы, таму хутка атрымала прапанову стац­ь бібліятэкарам. Спачатку думала, што працаваць у бібліятэцы — гэта выдаваць кніжкі і рабіць запісы ў журнале. А тут у фондзе больш за пяць тысяч кніг! Як іх правільна расставіць? Як зразумець, чаму бібліятэкар бярэ кнігу і ведае, на якой паліцы яна павінна стаяць?

Я доўга аднеквалася, бо не ведаю беларускай мовы (самым складаным для мяне стаў пераклад слова “часопіс”), але довады пераканалі: “Ты ж не ў лесе жывеш — вывучыш”. Цяпер разам з мужам адольваю “Людзі на балоце”. Назаўсёды запомніла фразу нашага дырэктара, сказаную ёй, калі я прыйшла на працу: “У мяне няма любімчыкаў. Калі чалавек працуе, ён заўсёды ў пашане”. Цяпер часта ўспамінаю гэтыя словы ў рабоце.

Ёсць у лексіконе бібліятэкара паняцце “катастрафічны жнівень” — час, калі ў бібліятэцы менш наведвальнікаў. Але і ў такім выпадку яна знаходзіць сабе занятак: шые касцюмы для мерапрыемстваў, пячэ торты, арганізоваўвае для дзяцей паходы, прыдумляе конкурсы сачыненняў, абдумвае выставы, працуе на акцыях “Прыпынак, які чытае” і “Збяры партфель да школы”. І аднавяскоўцы даўно ведаюць: калі ёсць ідэі, але існуюць цяжкасці з іх рэалізацыяй — ідзі ў бібліятэку.

Пры ўсіх сваіх талентах Таццяна Аляксандраўна бядуе, што з яе атрымліваецца дрэнны экскурсавод: маўляў, паказ­ваць сабраныя дакументы пра вёску — адно, а насычаны аповед — іншае. Яна пераканана, што красамоўным трэба нарадзіцца.

“Выдатніца па маляванні, працы і спевах”, як называе сябе Таццяна Яроцкая, расказвае, што ў бібліятэку часта прыходзяць па дапамогу, сюды нясуць свой боль.

“Як у такіх умовах шукаць, дзе прасцей? Магу са скуры лезці, калі ведаю, што нехта стане шчаслівым. Паштоўку да свята можна і ў рукі аддаць, але як гэта банальна — куды прыемней атрымаць яе па пошце. Нярэдка мне гавораць: “Не прыдумляй, гэта ж напружвае”. А сядзець роўна не напружвае?! — тут прарываецца боль самой Цёцьтані. — Я ж не ведаю, як гэта — знаходзіцца на нелюбімай працы. У маёй прафесіі, калі вакол нікога няма, трэба насцярожвацца. І як можна дапускаць думкі пра сыход, калі да цябе ідуц­ь людзі, калі страшна любіш тое, чым займаешся?”

Калі аднойчы пабываць у Вольнаўскай бібліятэцы, можна пасля доўга сагравацца пазітывам, няўседлівасцю і ідэямі, што акумулююцца тут у пастаянным рэжыме. І сыходзячы, лавіць сябе на думцы, што кожнай вясковай бібліятэцы патрэбна свая шчырая і сапраўдная Цёцьтаня.

Ірына ІВАШКА.
Фота з асабістага архіва Т.Яроцкай.