Турысты не ведаюць дрэннага надвор’я

- 12:22Выхаванне

3—6 кастрычніка на беразе ракі Вілія ў Маладзечанскім раёне прайшоў Рэспубліканскі турыстычны злёт у рамках Рэспубліканскай універсіяды — 2019. І хаця надвор’е было не вельмі добразычлівым да ўдзельнікаў, гэтыя чатыры дні пакінулі ў іх станоўчыя эмоцыі.

У гэтым годзе на злёт з’ехалася 16 каманд беларускіх УВА. Камусьці ўжо можна даваць узнагароды як пастаяннаму ўдзельніку, кагосьці павіншаваць з дэбютам. Розны ўзровень падрыхтоўкі каманд не перашкаджаў студэнтам атрымліваць асалоду ад удзелу ў спаборніцтвах і конкурсах, як і дожджык не перашкаджаў падтрымліваць цяпло і ўтульнасць палатачнага лагера.

Адкрыццё турзлёту не толькі пазнаёміла каманды з сапернікамі і сябрамі адначасова, але і дало старт рэспубліканскай акцыі “Любім Беларусь, ганарымся Беларуссю, падарожнічаем па Беларусі”. Падчас яе навучэнцы розных устаноў адукацыі будуць удзельнічаць у паходах, экскурсіях і экспедыцыях па малой радзіме, арганізоўваць сустрэчы і дапамагаць ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, добраўпарадкоўваць мемарыялы і помнікі воінскай славы, праводзіць мерапрыемствы для захавання гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны краіны, памяці пра гераічныя подзвігі беларускага народа і перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. Вынікам акцыі стануць фотаработы і міні-інсталяцыі ў трох намінацыях: “Мая радзіма ў адным імгненні”, “Нам 41-ы не забыць… Нам 45-ы славіць” і “Беларусь спартыўная”.

Хаця турзлёт — мерапрыемства больш спартыўнае, час для сур’ёзнай гутаркі таксама знайшоўся. Прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, грамадскіх і дзяржаўных турыстычных арганізацый сустрэліся са студэнтамі і іх трэнерамі, каб абмеркаваць вопыт, развіццё і перспектывы маладзёжнага турызму. Узнімаліся розныя пытанні. Напрыклад, студэнтак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры турбавала, што ў іх навучальнай установе недастаткова інфармацыі пра ўнутраную турыстычную дзейнасць. Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Таццяна Сіманоўская, у сваю чаргу, спытала прысутных, што зрабіць, каб большая колькасць людзей ведала пра турыстычную дзейнасць у іх УВА, якія мерапрыемствы можна праводзіць. Падчас гутаркі ўдзельнікі высветлілі яшчэ адну праблему: недахоп спецыяльных залаў ці пляцовак для падрыхтоўкі да тур­злётаў. Тэмы падымаліся складаныя, і засталося яшчэ нямала пытанняў, якія варта абмерка­ваць. Таму галоўны суддзя туры­стычнага злёту намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Лідзія Жур прапанавала ўдзельнікам дыялогу не толькі выказаць праблемы, але і зафіксаваць іх на паперы, што стане штуршком для далейшых дзеянняў.

Пасля дыялогу пачалася самая важная частка турыстычнага злёту: спартыўная і конкурсная праграмы. Камандам прапанавалі паказаць сябе з розных бакоў. Напрыклад, у начным спартыўным арыентаванні, тэхніцы пешага, веласіпеднага і воднага турызму, у конкурсах “Турысцкія навыкі і быт”, “Прадстаўленне каманд”, “Турысцкая песня” і “Будні злёту” (лепшая газета).

Па выніках трох дзён спаборніцтваў пераможцам Рэспубліканскага турыстычнага злёту стаў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, на 2-м месцы — Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, “бронзу” заваявалі прадстаўнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Але нельга сказаць, што і астатнія каманды не перамаглі. Многія бралі прызавыя месцы ў асобных конкурсах і спартыўных спаборніцтвах, але ім крыху не хапіла, каб стаць пераможцам у агульным заліку. Затое за час знахо­джання на беразе Віліі студэнты і выкладчыкі пазнаёміліся з дзясяткамі людзей, знайшлі новых сяброў, паспрабавалі сябе ў турыстычнай справе і атрымалі вопыт, які ні на што не прамяняеш.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.