Турыстычны май

- 11:32Спартыўныя падзеі

Прыйшоў май — палаткі і рукзакі даставай. Прыкладна так можна сказаць пра самы турыстычны месяц года. Менавіта май дае пачатак турыстычнаму сезону, і менавіта ў маі ў краіне праводзіцца найбольшая колькасць турзлётаў. Самы маштабны праходзіў з 17 па 20 мая ў Бабруйскім раёне. У рамках Рэспубліканскай спартакіяды сярод дзяцей і моладзі ва ўрочышчы Белы Бераг адбыліся асабіста-камандныя спаборніцтвы па турыстычна-прыкладным мнагаборстве ў тэхніцы пешаходнага турызму ў палявых умовах.

Пра самы турыстычны месяц года можна сказаць яшчэ і такімі словамі: “май — турыстычны рай”. Напрыканцы вясны ў меру дажджліва, не спякотна, здаецца, толькі і бегай, пераадольвай дыстанцыі, паказвай усе свае турыстычныя ўменні і навыкі. А яшчэ ў маі вельмі лёгка дыхаецца. І такая ярка-зялёная лістота на дубах і бярозах, такія прыгожыя акацыі! Зялёныя дубы і бярозы, акацыі, маляўнічая старыца Бярэзіны — такімі засталіся ўспаміны ад урочышча Белы Бераг у больш чым 200 юных турыстаў, трэнераў, прадстаўнікоў каманд і суддзяў. Спаборнічаць у такіх умовах у трохбор’і ў тэхніцы пешаходнага турызму на кароткай асабістай, кароткай каманднай і доўгай каманднай дыстанцыях было адно задавальненне.

Як паведаміла намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Лідзія Андрэеўна Жур, для хлопцаў і дзяўчат 2003—2004 і 2001—2002 г.н. (юныя спартсмены выступалі ў дзвюх узроставых групах) спаборніцтвы сталі падрыхтоўкай да турзлёту навучэнцаў Саюзнай дзяржавы, які ў гэтым годзе будзе праходзіць ва Уладзімірскай вобласці з 23 па 28 ліпеня.

“Спаборніцтвы былі арганізаваны напярэдадні такой важнай падзеі ў турыстычным жыцці нашых краін і ставілі за мэту выяўленне наймацнейшых каманд і спартсменаў. Падрыхтоўка да саюзнага турзлёту 2018 года пачалася адразу пасля мінулагодняга злёту, які праходзіў у Аршанскім раёне. Былі вызначаны адпаведныя мерапрыемствы, спаборніцтвы, каб дзеці ў міжсезонне паспрабавалі свае сілы на тых дыстанцыях, якія будуць абсталяваны ў Расіі. Таксама важна, каб нашы навучэнцы на практыцы азнаёміліся з расійскімі правіламі, бо не сакрэт, што ў дзвюх краінах турыстычныя старты праводзяцца па розных правілах. Першы этап падрыхтоўкі праходзіў на базе Універсітэта грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Спаборніцтвы ў Бабруйскім раёне сталі другім этапам. Іх вынікі вызначаліся асобна па кожнай узроставай групе на кожнай асобнай дыстанцыі і ў трохбор’і”, — паведаміла Лідзія Андрэеўна.

Спаборніцтвы на Белым Беразе прайшлі ярка. Арганізатары падрыхтавалі насычаную спартыўную праграму. Так, адметнасцю доўгай дыстанцыі стаў агульны старт удзельнікаў, а на кароткай каманднай дыстанцыі сярод усё тых жа страката-зялёных дубоў і бяроз былі абсталяваны сем трас, на якіх каманды паралельна выконвалі свае заданні. Абслугоўвалі спаборніцтвы 35 суддзяў пад кіраўніцтвам Сяргея Віктаравіча Клімовіча. Актыўную дапамогу Рэспубліканскаму цэнтру экалогіі і краязнаўства ў правядзенні спаборніцтваў аказалі супрацоўнікі Цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі Бабруйска. Па выніках трохбор’я ў малодшай узроставай групе 1-е месца заняла каманда Брэсцкай вобласці, 2-е — Віцебскай, 3-е — Гродзенскай. У старшай групе перамогу святкавалі таксама юныя турысты Брэстчыны, 2-е месца — у прадстаўнікоў Магілёўшчыны, а 3-е — Віцебшчыны.

Статус мая як самага турыстычнага месяца года пацвярджае яшчэ і той факт, што напрыканцы навучальнага года традыцыйна праходзіць Рэспубліканскі тыдзень турызму і краязнаўства для дзяцей і моладзі. Мерапрыемствы тыдня спрыяюць масаваму ўключэнню дзяцей і моладзі ў пошукава-даследчую дзейнасць, накіраваную на атрыманне і сістэматызацыю ведаў аб гісторыка-культурных і прыродных славутасцях Беларусі, на стварэнне іміджу як прывабнага турыстычна-краязнаўчага аб’екта, на развіццё спартыўнага, экскурсійнага і ўнутранага турызму.

Сёлета тыдзень праходзіць пад знакам Года малой радзімы. З мэтай далучэння навучэнцаў да вывучэння багатай спадчыны роднага краю неабходна працягваць работу ў рамках акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” і грамадзянска-патрыятычнага праекта “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”. Падчас правядзення тыдня ўстановам адукацыі неабходна падвесці вынікі турыстычна-краязнаўчай дзейнасці за бягучы навучальны год і спланаваць мерапрыемствы на наступны. Больш падрабязна з рэкамендацыямі аб правядзенні тыдня можна азнаёміцца на сайце аддзялення краязнаўства Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. Ідзе май — палаткі і рукзакі даставай!

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Уладзіміра АБРАМЧЫКА.