Нядаўна ў Маларыце адкрыўся другі дзіцячы дом сямейнага тыпу. Валянціна Сямёнаўна і Пётр Іванавіч Лямачкі выхоўваюць 4 хлопчыкаў і 3 дзяўчынак.
Пры асвячэнні дома протаіерэй Віктар Паляціла, благачынны цэркваў Маларыцкай акругі, прапанаваў бацькам-выхавальнікам закласці на яго тэрыторыі сад. Валянціна Сямёнаўна і Пётр Іванавіч гэтую ідэю падтрымалі. І вось днямі яна была рэалізавана.
Протаіерэй Анатоль Дударчук, настаяцель храма ў вёсцы Арэхава, прывёз 40 кустоў буякоў, а протаіерэй Віктар Паляціла — 40 саджанцаў яблынь розных гатункаў. Разам з Лямачкамі святары заклалі сад. Неўзабаве на тэрыторыі дома з’явяцца саджанцы і іншых пладовых дрэў. Між іншым протаіерэй Анатоль Дударчук перадаў выхаванцам ДДСТ каля 45 кілаграмаў яблыкаў з уласнага саду.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.