Творчасць моладзі — словы будучыні!

- 10:50"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў

Гала-канцэрт пераможцаў і заключныя мерапрыемствы ХVІІІ Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі-2019” прайшлі ў маладзёжнай сталіцы Беларусі.

Энергіі творчасці і крэатыву няма фізічнага вымярэння, але калі б такая магчымасць усё ж была, то менавіта ў Оршы 24—25 мая быў бы зафіксаваны яе рэкордны ўсплёск. На працягу двух дзён маладзёжная сталіца стала яшчэ і сталіцай культурнага жыцця краіны.

Начальнік упраўлення па справах моладзі галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэр­ства адукацыі Рэспублікі Беларусь Таццяна Сіманоўская: “Фестываль адзначае сваё
18-год­дзе. Гэта цудоўная дата, яна асацыіруецца з маладосцю. За гэты час фестываль стаў вялікім эксперыментальным праектам у галіне мастацкай, эстэтычнай адукацыі і выхавання навучэнскай і студэнцкай моладзі”.

З кожным годам “АРТ-вакацыі” прырастаюць новымі відамі і жанрамі, ідэямі і формамі, удзельнікамі і гледачамі. Тэма сёлетняга фестывалю, прысвечанага 75-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Году малой радзімы, сімвалічная: “Творчасць моладзі — словы будучыні!”. Свае словы, мелодыі і рытмы ў велічную араторыю творчасці і пазітыву ўплялі больш за 17 тысяч маладых беларусаў. У фестывалі прынялі ўдзел прадстаўнікі 266 устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, каля 1,5 тысячы мастацкіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў інструментальнага, вакальна-харавога, харэаграфічнага, тэатральнага, фальклорнага жанраў. Лепшыя творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы прадэманстравалі сваё майстэрства ў творчых марафонах, інтэрактыўных пляцоўках, святах, тэматычных канцэртных праграмах. Амаль паўтысячы пераможцаў рэгіянальных этапаў атрымалі запрашэнне на свята ў маладзёжную сталіцу. Арганізатарамі форуму выступаюць Міністэрства адукацыі і Нацыя­нальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Насычаная праграма “АРТ-вакацый-2019” прадугледжвала не толькі дэманстрацыю лепшых дасягненняў навучэнцаў, канцэртныя праграмы і культурна-масавыя мерапрыемствы: на новым, больш высокім узроўні ажыццяўлялася іх арганізацыйная падтрымка і навукова-метадычнае суправаджэнне. У першы дзень фестывалю на базе Аршанскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа адбыўся рэспубліканскі семінар для спецыялістаў галоўных упраўленняў па адукацыі (адукацыі) аблвыканкамаў і камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, вучэбна-метадычных цэнтраў прафесійнай адукацыі, якія курыруюць пытанні выхаваўчай работы ва ўстановах прафадукацыі, намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай (вучэбна-выхаваўчай) рабоце ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі “Аб узаемадзеянні ўстаноў прафесійнай адукацыі з пярвічнымі і раённымі (гарадскімі) структурамі ГА “БРСМ”.

Намеснік начальніка цэнтра метадычнага забеспячэння выхаваўчай работы ва ўстановах ПТА і ССА Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі кандыдат педагагічных навук Вольга Салаўёва: “Стрыжнем маладзёжнай палітыкі павінна быць выхаванне актыўнай жыццёвай і грамадзянскай пазіцыі, фарміраванне высокіх маральных якасцей і культуры ў маладога пакалення. Моладзь аб’ектыўна з’яўляецца больш мабільнай і лепш падрыхтаванай да ўспрымання інавацый. БРСМ — найбольш актыўная і крэатыўная частка беларускай моладзі, у сучасных умовах яе роля ў развіцці краіны пастаянна ўзрастае”.

— Маладзёжная палітыка накіравана на ўзаемадзеянне з рознымі суб’ектамі, найперш гэта дзяржаўныя органы кіравання, мясцовая выканаўчая ўлада і дэпутаты, непасрэдна грамадскія аб’яднанні, — падкрэсліла Таццяна Сіманоўская. — На цяперашні момант у рэспубліцы налічваецца больш за 300 дзіцячых і маладзёжных грамад­скіх аб’яднанняў рознай накіраванасці, зарэгістраваных у Міністэрстве юстыцыі; акрамя таго, існуюць рэгіянальныя формы іх рэгістрацыі. Сёння гаворка пойдзе пра моладзь і маладзёжныя аб’яднанні, якія працуюць разам з намі ў якасці партнёраў у рамках арганізацыі адукацыйнага і выхаваўчага працэсу ва ўстановах ПТА і ССА.

Начальнік упраўлення па справах моладзі галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь падрабязна азнаёміла з сучаснымі падыходамі да арганізацыі работы з моладдзю, асобна спынілася на палажэннях нарматыўнай прававой базы, дзеючай у рамках рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, расказала аб ходзе распрацоўкі “Стратэгіі развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі да 2030 года” — праект праграмнага дакумента, які арганізоўвае на перспектыву дзейнасць педагагічнай грамадскасці краіны ў названым напрамку, плануецца вынесці на ўсеагульнае абмеркаванне да 1 верасня, адпаведна, будзе прынята новая дзяржаўная праграма. Па словах Таццяны Сіманоўскай, дата і месца для семінара ў Оршы выбраны невыпадкова: апошнім часам Міністэрства адукацыі пераходзіць на ўзроўневы фармат мерапрыемстваў, якія аб’ядноўваюць у сумеснай дзейнасці педагагічных работнікаў і моладзь. Так, нядаўна былі праведзены выхаваўчы семінар для намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі і адначасова нацыянальны дзіцячы форум, што сабраў школьных лідараў. На гэты раз сустрэча арганізавана ў рамках “АРТ-вакацый”.

Сакратар Цэнтральнага камітэта ГА “БРСМ” Юлія Зінкевіч: “Наша мэта — стварэнне ўмоў для ўсебаковага развіцця моладзі, раскрыцця творчага патэнцыялу, садзейнічанне фарміраванню ў рэспубліцы грамадзянскай супольнасці, заснаванай на патрыятычных і духоўных каштоўнасцях беларускага народа”.

Юлія Зінкевіч праінфармавала аб мерапрыемствах на найбліжэйшую перспектыву і рабоце вядучай маладзёжнай арганізацыі на ўсіх узроўнях — ад прыватных ініцыятыў да ўкаранення сеткавых праектаў — у напрамках грамадзянска-патрыятычнага выхавання, падтрымкі адоранай і таленавітай моладзі, руху студатрадаў, добраахвотніцкага і валанцёрскага руху “Добрае сэрца”, рэалізацыі культурна-адпачынкавых праектаў, падтрымкі і развіцця інавацыйнай, навуковай дзейнасці, прапаганды здаровага ладу жыцця, інфармацыйнай іміджавай дзейнасці. На пленарным пасяджэнні, падчас работы секцый вопытам эфектыўнага ўзаемадзеяння і лепшымі напрацоўкамі падзяліліся прадстаўнікі ўстаноў адукацыі і лідары БРСМ. Вынікі семінара былі падведзены за круглым сталом. Працяг “АРТ-вакацый” стаў яскравай ілюстрацыяй, як агучаныя метады, формы і падыходы рэалізуюцца на практыцы.

У народных уяўленнях дождж на пачатку любой справы — добрая прыкмета. А яшчэ звычайна неба смуткуе разам з намі, калі мы ўспамінаем блізкіх і дарагіх сэрцу людзей, каго ўжо няма побач на гэтай зямлі. “АРТ-вакацыі” ў гэтым плане не сталі выключэннем: якраз перад іх афіцыйным стартам на горад абрынуўся сапраўдны лівень! Тым не менш агульнага святочна-ўзнёслага настрою надвор’е не збавіла. Таццяна Сіманоў­ская зачытала прывітальны адрас міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігара Карпенкі, а затым гаспадары і госці форуму прынялі ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі ўскладання кветак да Кургана Бессмяротнасці. Увечары моладзь далучылася да АРТ-сэта “Надышоў час АРТ-вакацый” у Доме культуры чыгуначнікаў. Там жа пад шквал сяброўскіх апладысментаў узнагаро­дзілі фіналістаў і пераможцаў заключнага этапу фестывалю. Завяршыла падзейны дзень яркая культурна-забаўляльная праграма.

…Ля Дома культуры чыгуначнікаў 25 мая яблыку не было дзе ўпасці. Выдатную панараму сваёй дзейнасці падрыхтавалі ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Віцебшчыны, запрашалі наведвальнікаў тэматычныя пляцоўкі і фотазоны. Цікавы занятак па душы мог знайс­ці кожны (і знаходзілі!), тым не менш, як дарослыя, так і моладзь з аднолькавай нецярплівасцю сачылі за часам, усе жылі чаканнем гала-канцэрта. Варта адразу сказаць: святочная творчая феерыя на сцэне пераўзышла ўсе чаканні, уразіла, пакарыла і пакінула незабыўныя ўспаміны. Да ўрачыстасці далучыліся начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома і начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, галоўных упраўленняў па адукацыі аблвыканкамаў і камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, раённай выканаўчай улады, кіраўнікі ўстаноў адукацыі. На гала-канцэрце вырашылася самая хвалюючая інтрыга — хто стане ўладальнікам галоўных узнагарод “АРТ-вакацый-2019”. Іх героям дня ўручылі Таццяна Сіманоўская і заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь старшыня рэспубліканскага журы фестывалю Ірына Дарафеева.

Па выніках правядзення Рэспублікан­скага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі-2019” спецыяльнымі дыпломамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь узнагароджаны: галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама (начальнік Аляксандр Сонгін) — “За выніковую работу па грамадзянска-патрыятычным выхаванні і эфектыўнае ўкараненне інавацыйных форм мастацкай творчасці мола­дзі”; галоўнае ўпраўленне па адукацыі Мінскага аблвыканкама (начальнік Таццяна Апраніч) — “За выніковую дзейнасць па ўкараненні інавацыйных падыходаў і эфектыўных форм папулярызацыі рабочых прафесій сродкамі мастацкай творчасці”; галоўнае ўпраўленне па адукацыі Віцебскага аблвыканкама (начальнік Дзмітрый Хома) — “За вялікі ўклад у арганізацыю і правядзенне на высокім узроўні мерапрыемстваў фіналу рэспубліканскага фестывалю”, а таксама Магілёўскі дзяржаўны эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж (дырэктар Алег Бахановіч), Дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж хлебапячэння (дырэктар Уладзімір Басалыга), харэаграфічны калектыў “Смага” (кіраўнік Юрый Шаўцоў) Рагачоўскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага кале­джа будаўнікоў, народны вакальны ансамбль “Вясна” (кіраўнік Таццяна Шыбуняева) Полацкага каледжа ВДУ імя П.М.Машэрава. Дыпломамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь адзначаны Брэсцкі абласны цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці (дырэктар Таццяна Валевач) і Гомельскі абласны дом навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі (дырэктар Ірына Кузьміцкая).

Таццяна Сіманоўская: “Фестываль не толькі творчы праект, дзе праяўляюцца таленты і нараджаюцца новыя мастацкія ідэі, тут захоўваюцца беларускія народныя нацыянальныя традыцыі. Асаблівасць “АРТ-вакацый” — яны ўяўляюць сабой магутнейшы рэсурс выхавання грамадзяніна і патрыёта нашай краіны. Што ярка выяўляецца ў рэпертуары творчых калектываў, якія сёння парадавалі нас творчымі здабыткамі. Год малой радзімы, 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — усё гэта спалучылася ў выступленнях калектываў, аб’яднала артыстаў і гледачоў ідэяй праслаўлення сілы і мужнасці нашага народа”.

— Думаю, ва ўсіх нас эмоцыі самага высокага кшталту, таму што зараз можна з упэўненасцю сказаць, што канцэрт атрымаўся. Нават не проста канцэрт, а, як гледачы сказалі, — свята душы, — падзялілася ўражаннямі дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільчанка. — Навучэнцы праявілі сябе вельмі мнагапланава. Яны цікава прадстаўлялі сваю малую радзіму, прычым так падабралі творы, што мы адчулі асаблівасці кожнага рэгіёна і тое, наколькі багатая наша краіна на культурныя традыцыі. Мы пачулі і пабачылі славу прафесій. На гэтым моманце мушу зрабіць акцэнт, бо ў зале прысутнічала многа навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, педагогаў. Мы імкнуліся паказаць, як можна арганізаваць прафарыентацыю сродкамі мастацтва, творчасці. І гэта таксама, я думаю, атрымалася. Пранізліва і шчыра прагучала тэма Вялікай Айчыннай вайны — схіляю галаву перад усімі, хто на найвышэйшым узроўні ўвасобіў яе на сцэне. Да гала-канцэрта нашы артысты пера­адолелі складаны шлях, многа і плённа працавалі над сабой, рост майстэрства і культуры выканання відавочны. Вялікі дзякуй ім і іх педагогам, усім, хто дапамагаў маладым людзям раскрыць і рэалізаваць творчы патэнцыял. Убачанае хочацца выносіць на самыя буйныя пляцоўкі краіны, каб пазнаёміць з плёнам “АРТ-вакацый” як мага больш гледачоў, каб у сэрцах жыла музыка і натхняла на новыя поспехі і перамогі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.