Творчы экзамен вытрымалі

- 10:57"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў

Усю шматграннасць сваіх талентаў прадэманстравалі надоечы навучэнцы прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі Магілёўшчыны. Магчымасць праявіць сябе ім прадаставіў абласны этап Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “АРТ-вакацыі”.

Гэты фестываль — значная падзея ў жыцці юных дараванняў, бо ён сапраўды дае кожнаму жадаючаму шанс паказаць свае здольнасці. Прычым “АРТ-вакацыі” — своеасаблівая пляцоўка для самаразвіцця не толькі тых, хто займаецца вакалам або харэаграфіяй. Арганізатары амаль штогод уключаюць у фестываль намінацыі, здольныя зацікавіць як мага большую колькасць моладзі і такім чынам дапамагчы раскрыцца іх талентам. Сёлета, акрамя ўдзелу ў аглядзе-конкурсе, маладыя людзі прадстаўлялі свае работы на конкурс лічбавай творчасці “Арт-партал”, конкурс інфармацыйна-метадычных распрацовак “Крэон”, інтэрактыўны праект “Рэцытацыя”.

Як высветлілася, кожны фестывальны напрамак цікавы магілёўскай моладзі. Толькі занальныя туры ахапілі звыш 1300 навучэнцаў і педагогаў, якія прадстаўлялі 339 нумароў мастацкай самадзейнасці.

— Фестываль дазваляе дзецям выйсці на вялікую сцэну і паказаць сваё майстэрства. Важна, што ў нашай вобласці напрацаваны багаты вопыт развіцця здольнасцей дзяцей. Плённае ўзаемадзеянне ўстаноў рознага профілю, старанні педагогаў дазваляюць выкарыстоўваць усе формы, у якіх можна задзейнічаць творчую актыўнасць моладзі. “АРТ-вакацыі” ў рэгіёне — заўсёды вялікі творчы марафон, які адкрывае таленты. Але значна і тое, што фестываль аб’ядноўвае дзяцей і дарослых. Такое творчае паразуменне вопыту і маладосці — адзін з асноўных фактараў якаснага выхавання, — выказаў меркаванне начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў.

Адметнасцю сёлетняга абласнога этапу стала прафарыентацыйная выстава прафесій і спецыяльнасцей устаноў ПТА і ССА. Экспазіцыя кожнага ліцэя або каледжа мела нешта прыкметнае. Але аб’ядноўвала іх тое, што ніводная не была статычнай. Увагу прысутных навучальныя ўстановы прываблівалі песнямі, разнастайнымі майстар-класамі, цікавымі экспанатамі. Так, вучні Магілёўскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа паказалі сваё бачанне горада будучыні, хлопцы з Магілёўскага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П.Арлоўскага здзіўлялі філігранным кіраваннем трактарам. Дарэчы, гэтая ўстанова адукацыі прадставіла пэўныя нумары і распрацоўкі ў кожную намінацыю“АРТ-вакацый”.

Зайшоўшы на экспазіцыю Магілёўскага прафесійнага тэхналагічнага каледжа, можна было паназіраць за кавальскай працай, вучні з Магілёўскага прафесійнага ліцэя № 9 імя А.П.Старавойтава вучылі правільнаму ўкладванню пліткі, апрацоўцы дрэва. На пляцоўцы Магілёўскага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа праводзілі майстар-клас па стварэнні дэкаратыўных вырабаў з меднага дроту, навучэнцы Магілёўскага прафесійнага ліцэя № 7 рабілі прычоскі ўсім жадаючым, а прафесійны ліцэй № 2 прадстаўляў разнастайныя макеты машын і тэхнікі.

Працягам мерапрыемства стаў маштабны гала-канцэрт. На сцэне абласнога Цэнтра творчасці выступілі 26 творчых калектываў і індывідуальных выканаўцаў, якія здолелі найлепшым чынам праявіць сябе на адборачных турах і ўжо сталі лаўрэатамі конкурсу на Магілёўшчыне. Канцэрт атрымаўся яркім, разнастайным, эмацыянальна насычаным. А ўсё таму, што яго ўдзельнікі дэманстравалі журы і гледачам самыя розныя напрамкі творчасці. Інструментальная музыка, бліскучы вакал і харавое выкананне, харэаграфія, тэатралізаваныя пастаноўкі, фальклорна-этнаграфічныя нумары, тэатры моды… Канкурсанты неяк лёгка і нязмушана акунулі прысутных у незабыўную атмасферу свайго таленту, натхнення і крэатыву.

Пераважалі ў канцэрце вакальныя нумары. Але, нягледзячы на тое, што яны з’яўляліся самымі масавымі сярод прадстаўленых на аглядзе напрамкаў мастацкай творчасці, гэта не перашкодзіла кожнаму выканаўцу праявіць сваю індывідуальнасць. Усе яны мелі свой запамінальны вобраз і прадстаўленне нумара. Увогуле, выступленні вакальных калектываў і салістаў прыйшліся даспадобы і гледачам, і журы. Пацвярджэнне гэтага — шквал апладысментаў, якім тыя суправаджаліся.

Запамінальнымі былі і нумары, з якімі выходзілі на сцэну харэаграфічныя калектывы. Зноў уражвала разнастайнасць выступленняў. Адны, як нумар танцавальнага калектыву з Бабруйскага механіка-тэхналагічнага каледжа, далучалі прысутных да народных традыцый, другія, як калектыў Dancing chaos з Магілёўскага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа, паланілі аўдыторыю сучаснымі напрамкамі ў танцах. Здзіўляла магілёўская моладзь таксама музычнымі талентамі, дызайнерскімі і акцёрскімі здольнасцямі. Кампетэнтнае журы засталося вельмі задаволена гала-канцэртам. Была адзначана жанравая разнастайнасць, высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства і сцэнічнай культуры выступоўцаў.

— Асаблівасць сёлетняга фестывалю ў тым, што яго ўдзельнікі — дзеці, якія нарадзіліся ў трэцім тысячагоддзі. Сваёй энергіяй, творчасцю яны створаць гісторыю будучыні. Таму і дэвіз у гэтым годзе ў нас адпаведны “Моладзь і творчасць: гісторыя будучыні”. Магілёўскія ўдзельнікі змаглі добра перадаць гэтую тэму. Мясцовая моладзь добра ведае сваю гісторыю, захоўвае традыцыйную нацыянальную культуру. Разам з тым яна смела рухаецца наперад. У гэтай гармоніі прытрымлівання традыцый і імкнення да новых творчых адкрыццяў — галоўная асаблівасць выступленняў прадстаўнікоў вобласці. Адметна і ўсебаковае супрацоўніцтва па раскрыцці творчых здольнасцей моладзі паміж рэгіянальнымі ўстановамі адукацыі. Наладжанае ўзаемадзеянне абласнога Цэнтра творчасці і вучэбна-метадычнага цэнтра прафесiйнай адукацыi пры МДАІРА вельмі спрыяе дынамічнаму развіццю і прафесійнаму ўзбагачэнню маладых людзей, — адзначыла сустаршыня журы загадчык аддзела сацыякультурных праектаў навучэнскай і студэнцкай моладзі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Алена Лаўрыновіч.

Канцэртная праграма саступіла месца цырымоніі ўзнагароджання. Ганаровымі дыпломамі былі адзначаны дырэктары навучальных устаноў, дзе шмат увагі ўдзяляюць развіццю дзіцячай творчасці, мастацкія кіраўнікі лепшых аб’яднанняў па інтарэсах, а таксама пераможцы абласнога этапу фестывалю. Гэтыя маладыя людзі з гонарам вытрымалі чарговы творчы экзамен і заваявалі права прадставіць вобласць на рэспубліканскім этапе “АРТ-вакацый”, дзе спадзяюцца на паўтарэнне сваіх поспехаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.