Магілёў сустракаў рэгіянальны этап Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі — 2019”. Мерапрыемства праходзіць ужо не першы год, і, нягледзячы на тое, што яго ўдзельнікамі становяцца не прафесіяналы, а аматары, не губляе сваёй культурнай каштоўнасці. Фестываль падкупляе адкрытасцю і шчырасцю выканаўцаў, шырокім дыяпазонам жанраў і творчых магчымасцей, а таксама пазітыўнымі эмоцыямі, маладзёжным запалам і святочнай атмасферай.
Сёлета на сцэне Абласнога цэнтра творчасці сабралася некалькі дзясяткаў юнакоў і дзяўчат — навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Калектывы і індывідуальныя выканаўцы прыехалі з Магілёва, Бабруйска, Мсціслава, Горак і Крычава. Яны дэманстравалі свае таленты ў інструментальным, вакальна-харавым, фальклорна-этнаграфічным і харэаграфічным жанрах. Кожны нумар быў яркім і запамінальным.
“З пачатку правядзення нашага фестывалю вырасла ўжо цэлае пакаленне маладых людзей, якія наўпрост дакрануліся да творчасці, і гэта стала для іх сапраўдным адкрыццём, — расказала дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільеўна Васільчанка. — Многім удзельнікам гэтае захапленне дапамагло знайсці сваё месца ў жыцці, бо неабыякавы да мастацтва і творчасці чалавек не зможа быць індыферэнтным у працы. Больш за тое, ён будзе праяўляць сваю ўнікальнасць усюды і ва ўсім. Так, з вялікай верагоднасцю гэтыя маладыя людзі не стануць прафесійнымі спевакамі ці танцорамі, а будуць рабіць сваю справу, развіваць рабочыя спецыяльнасці. Аднак менавіта творчасць зробіць іх штодзённае жыццё больш шматгранным, цікавым, яркім, прыгожым і насычаным”.
Поўны тэкст матэрыяла чытайце ў Настаўніцкай газеце № 41, 11 красавіка.
Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.