Тыдзень для клопату пра прыроду

- 14:07Выхаванне

З 20 па 28 мая навуковыя арганізацыі Аддзялення біялагічных навук НАН Беларусі праводзяць Тыдзень роднай прыроды. Мерапрыемства прымеркавана да святкавання Міжнароднага дня біялагічнай разнастайнасці (22 мая). Гэты дзень свет адзначае больш за 20 гадоў. Яго ідэя ў тым, каб навучыць людзей берагчы экасістэму і звярнуць увагу на праблему незваротнага знікнення на зямлі многіх прадстаўнікоў флоры і фаўны. Навукова-практычныя цэнтры, Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі і Інстытут лесу падрыхтавалі шэраг мерапрыемстваў.

З 17 па 21 мая на базе Нацыянальнага парку “Нарачанскі” праходзіў IX Міжнародны навукова-практычны і навучальны семінар для студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, выкладчыкаў і работнікаў спецыяльнасці “Лясная гаспадарка” вышэйшых навучальных устаноў Беларусі, Расіі, Сербіі. Яны абмеркавалі тэму “Дынаміка, стан і маніторынг лясных экасістэм на асабліва ахоўных тэрыторыях”.

20 мая прайшоў семінар-адкрыццё Тыдня роднай прыроды і прэс-канферэнцыя, прымеркаваная да Міжнароднага дня біялагічнай разнастайнасці на тэму “Абарона біяразнастайнасці — агульная адказнасць чалавецтва. Аб сучасным стане экасістэмы Беларусі і захаванні рэдкіх відаў раслін і жывёл”. У гэты ж дзень на базе Інстытута лесу НАН Беларусі (Гомель) прайшла вучнёўская навуковая канферэнцыя і абласны этап юніёрскага конкурсу “Квітней, мой лес!”. Лекцыя для школьнікаў “Небяспечныя расліны Беларусі” ладзілася 21 мая ў анлайн-фармаце.

З 24 па 28 мая ў Нацыянальным парку “Нарачанскі” праходзіць VI Міжнародны навукова-практычны і навучальны семінар “Сучасныя тэхналогіі ў дзейнасці асабліва ахоўных тэрыторый: геаінфармацыйныя сістэмы, дыстанцыйнае зандзіраванне зямлі”. А навукова-практычны семінар “Дынаміка відавога складу рыб Беларусі” адбудзецца заўтра на базе Цэнтра па біярэсурсах НАН Беларусі. У гэты ж дзень на базе Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Купрэвіча НАН Беларусі пройдзе лекцыя “Мікраміцэты іглічных парод і іх роля ў лясных экасістэмах Беларусі (кансартыўныя ўзаемаадносіны, таксанамічны склад, эколага-геаграфічны аналіз)”.

27 мая дзяцей і дарослых, апантаных роднай прыродай, збярэ разам “Заачацвер” на тэрыторыі Вілейскага вадасховішча. Гэтым разам іх аб’яднаюць кажаны, якім патрэбна ахова і дапамога чалавека, а таксама наведвальнікі прымуць удзел у акцыі па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні тэрыторыі “Чысты бераг”.

У Інстытуце лесу НАН Беларусі для навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Гомеля арганізаваны азнаямленчыя экскурсіі з наведваннем музея гісторыі Інстытута лесу, кабінета-музея акадэміка В.А.Іпацьева, навукова-даследчых лабараторый інстытута.

На працягу ўсяго тыдня ладзіцца насычаная экскурсійная праграма. Тыя, хто захоча ў яе ўключыцца, змогуць на свае вочы ўбачыць калекцыйныя фонды НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах і экспазіцыі Цэнтральнага батанічнага саду. Тут якраз зацвітаюць рададэндраны і бэз, таму на прагулку сярод іх варта выдзеліць дастаткова часу. А для тых, хто марыць любавацца гэтымі раслінамі каля ўласнага дома, у канцы Тыдня роднай прыроды на сайце Цэнтральнага батанічнага саду НАН Беларусі будуць размешчаны відэа-пасты, у якіх спецыялісты адкажуць на самыя папулярныя пытанні па агратэхніцы вырошчвання і догляду бэзу і рададэндранаў.

На працягу тыдня вядучыя навукоўцы арганізацый Аддзялення біялагічных навук НАН Беларусі выступяць з публічнымі лекцыямі перад грамадскасцю, у сродках масавай інфармацыі, прымуць удзел у прэзентацыях і святочных мерапрыемствах. Закрыццё Тыдня роднай прыроды адбудзецца 28 мая на базе НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах.

Падрыхтавала Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.