У 2023 г. у Беларусі выпускнікоў школ чакаюць 159 устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі

- 10:00Абитуриент, Актуально, Образование, Приложение

Ужо больш за два тыдні ідзе прыём дакументаў ва ўстановы прафесійна­-тэхнічнай адукацыі. Каледжы чакаюць выпускнікоў школ і прапаноўваюць шырокі спектр рабочых прафесій, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Тут робяць усё, каб ствараць моладзі магчымасці для прафесійнай самарэалізацыі і выпускаць добрых спецыялістаў, якія патрэбны эканоміцы краіны на сучасным этапе. Для гэтага ў названых установах пільна сочаць за змяненнямі на рынку працы і аператыўна на іх рэагуюць.

У 2023 годзе ў нашай краіне выпускнікоў школ чакаюць 159 устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якія прапаноўва­юць навучанне па больш чым 250 кваліфікацыях. На ўзровень ПТА плануецца прыняць 26 тысяч чалавек.

Кожны год праводзіцца аналіз патрэб рэгіянальных рынкаў працы, і з улікам гэтага структура пад­рыхтоўкі рабочых кадраў удасканальваецца. Так, сёлета спынены або прыпынены прыём па 162 незапатрабаваных кваліфікацыях і адкрыта падрыхтоўка па 121 новай прафесіі для асобных устаноў прафтэхадукацыі. Як і ў мінулыя гады, захоўваецца тэндэнцыя: спецыяльнасці рэальнага сектара эканомікі складаюць у структуры прыёму каля 75%.

Тэрміны прыёмнай кампаніі

Прыём дакументаў для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў вочнай (дзённай, вячэрняй), завочнай і дыстанцыйнай формах атрымання адукацыі ажыццяў­ляецца з 15 чэрвеня па 23 жніўня.

Калі да канца тэрміну прыёму дакументаў колькасць пададзеных заяў на асобныя спецыяль­насці будзе меншай, чым запланаваная колькасць месцаў для прыёму, то ўстанова адукацыі па ўзгадненні з заснавальнікам можа падоў­жыць тэрмін прыёму дакументаў і залічэння ў склад навучэнцаў да поўнага ўкамплектавання груп, але не пазней чым да 15 верасня бягучага года.

Падрабязную інфармацыю аб магчымасцях атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі можна знайсці ў адпаведным зборніку для паступаючых, што размешчаны на сайце Мінадукацыі.

Для аказання інфармацыйнай дапамогі абітурыентам і іх бацькам у Міністэрстве адукацыі арганізавана работа гарачай лініі. Патэлефанаваць можна па нумары 8 (017) 222-43-12.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота з архіва рэдакцыі