У 2023 го­дзе дзіцячы сад № 35 Гродна пачаў цікавы міжнародны праект з Калінінградам

- 15:16Дети — наше всё!

“Настаўніцкая газета” пачынае новы праект — “Дзеці — наша ўсё!”, дзе мы будзем рэгулярна расказваць пра самае цікавае, што адбываецца ва ўстановах дашкольнай адукацыі рэспублікі.

Выдатную назву для праекта мы падгледзелі на конкурсе “Настаўнік года”, дзе суперфіналісты праводзілі міні-ўрок на тэму “Дзеці — наша ўсё!”. Сапраўды, што нас больш хвалюе, чым дзеці? А чым жывуць нашы дзіцячыя сады, якія там ёсць цікавыя ідэі ці педагагічныя інавацыі?

Сёння мы расказваем пра адзін сад, а заўтра, можа, пра ваш? Шукаем незвычайнае ў звычайным — новыя праекты, задумы, яскравыя мерапрыемствы. Запрашаем да ўдзелу ўсе дашкольныя ўстановы. Ёсць што цікавае — раскажыце пра гэта іншым.

Першым у нашым дашкольным пара­дзе будзе дзіцячы сад № 35 Гродна, які пашырае межы: супрацоўнічае з дашкольнай установай Калінінграда.

Выхаванцы дзіцячага сада № 35 Гродна ў рамках праекта “Садружнасць” сустракаюцца са сваімі равеснікамі з калінінградскага сада № 122. Сустрэчы, да якіх далучаюцца бацькі і педагогі, віртуальныя — паміж садамі ўстанавілі тэлемост. У планах — працягваць такія мерапрыемствы, а з часам далучаць да праекта новыя садкі з абодвух бакоў.

— Нам сапраўды ёсць што паказаць свету — дзейнасць кіпіць па ўсіх напрамках, — гаворыць загадчыца гродзенскага сада Алена Жэгала. — У нас тут і робататэхніка, і інфарматыка для маленькіх, мы ўдзельнічаем у праекце “Зялёная школа”, праводзім краязнаўчыя квесты, патрыятычныя акцыі, фізкультурныя святы: не так даўно нават атрымалі прэмію ад Беларускай алімпійскай акадэміі. Нашай установе нядаўна споўнілася 55 гадоў: сад далёка не новы, але ў ім жыве дух сучаснасці, наватарства. Нам хочацца дзяліцца сваім вопытам, а таксама і самім даведвацца пра новае.

Менавіта таму ў гэтым го­дзе сад пачаў цікавы міжнародны праект з Калінінградам. Яго мэта — партнёрскае ўзаемадзеянне педагогаў і выхаванцаў устаноў дашкольнай адукацыі праз дыстанцыйны дыялог. Чаму выб­ралі менавіта Калінінград?

— У Беларусі з ім цесныя сувязі, да таго ж Калінінград знаходзіцца адносна недалёка ад Гродна, — расказвае загадчыца. — Я пацікавілася ў інтэрнэце пра садкі, якія там ёсць. Напісала ў калінінградскі дзіцячы сад № 122 (мяне зацікавілі некаторыя іх ідэі, методыкі), і педагогі адразу адгукнуліся! Яны былі вельмі адкрытыя да дыялогу, іх у нас цікавіла літаральна ўсё. Наш сумесны праект, які мы назвалі “Садружнасць”, падтрымаў кіраўнік аддзела адукацыі Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Сяманчык. І пайшло-паехала — устанавілі ў садку вялікі шматфункцыянальны экран, арганізавалі залу для сустрэч.

Першую правялі вясной, зараз іх прайшло ўжо тры. Спачатку паміж сабой пазнаёміліся педагогі. На другой відэаканферэнцыі прысутнічалі дзеці — яны былі ў захапленні! Дзяўчынкі і хлопчыкі размаўлялі са сваімі расійскімі равеснікамі, разам пелі, танцавалі.

— Дзеці малявалі нешта і дэманстравалі свае работы перад экранам, а некаторыя проста глядзелі на ўсё са здзіўленнем, — усміхаецца Алена Станіславаўна. — Такія дзіцячыя ўражанні самыя моцныя, застаюцца на ўсё жыццё. Мы рыхтавалі малых да гэтага мерапрыемства. І з нашага боку, і з таго ішла работа — выхаванцам расказвалі пра Гродна і Калінінград, дзеці нават зага­дзя намалявалі гэтыя гарады, і на віртуальнай сустрэчы мы арганізавалі маленькі вернісаж.

На сувязі Калінінград

Загадчыца кабінета дашкольнай адукацыі метадычнага цэнтра Калінінграда Таццяна Энс:

— Праект “Садружнасць” з гродзенскім садам № 35 мы пачалі гэтай вясной, дзіцячы сад № 122 Калінінграда далучыўся да яго першым — удзельнічалі дзеткі са старшых груп “Жураўлік”, “Кот у ботах”, “Казка”. Спачатку мы правялі тэлемост знаёмства з педагогамі з Гродна, паглядзелі ўзаемныя прэзентацыі, намецілі план работы. На наступных сустрэчах расказвалі дзеткам і іх бацькам пра наш цудоўны горад. Зараз ужо іншыя сады Калінінграда праяўляюць зацікаўленасць у праекце. Упэўнена, хутка вый­дзем на новы ўзровень — акрамя Гродна і Калінінграда, да праекта далучацца новыя гарады, бо ён доўгатэрміновы.

Метадыст дзіцячага сада № 122 Калінінграда Вольга Чаравуха:

— Мэта праекта — не проста падтрымліваць зносіны і право­дзіць нейкія сумесныя мерапрыем­ствы, але і абмяняцца педагагічным вопытам, цікавымі ідэямі. Іх у нашых беларускіх сяброў шмат! У галіне патрыятычнага, экалагічнага выхавання. Наогул, у вас вялікі выхаваўчы патэнцыял, які нам хочацца вывучаць і прымяняць. А калі б вы бачылі, як на гэтых сустрэчах паво­дзяць сябе дзеці! Спачатку яны крыху хваляваліся. Успрымалі вялікі экран як нейкую чароўнасць. А потым ужо не звярталі на яго ўвагі, гулялі з равеснікамі, якія знаходзіліся за сотні кіламетраў, нібыта ў адным пакоі. Мы паспрабавалі растлумачыць малым, на якой адлегласці насамрэч Гродна ад нашага горада: абышлі вакол сада і потым падлічылі, колькі такіх кругоў трэба зрабіць, каб дайсці да Гродна. Яшчэ яркае ўражанне: дзеці з Гродна паказалі свае малюнкі. Там быў намаляваны, напрыклад, наш кафедральны сабор, іншыя будынкі. Нашы выхаванцы так здзі­віліся — адкуль маленькія беларусы так добра ведаюць наш горад? У планах шмат, напрыклад, правесці кулінарную анлайн-сустрэчу — азнаёміць дарослых і дзяцей з нашымі нацыянальнымі стравамі. А можа, калі-небудзь атрымаецца сустрэцца і ў рэале.

Садружнасць пашыраецца

У верасні да праекта далучыўся дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 58 Гродна, а яшчэ 4 садкі з Калінінграда зараз шукаюць у Беларусі сабе пару.

Выхавальніца дзіцячага сада № 35 Гродна Ірына Лапнеўская:

— З расійскімі калегамі мы хочам дзяліцца нашым шматгадовым педагагічным вопытам, а дзецям паказаць, што і далёка за мяжой можна знайсці добрых сяброў. Рады, што нас падтрымалі бацькі — з цікавасцю далучаюцца да нашых віртуальных сустрэч. Калінінградскія педагогі вельмі лёгка ідуць на кантакт. У адной з сацсетак мы стварылі старонку нашага праекта “Садруж­насць”, дзе правялі акцыю “Я педагог”: і нашы, і расійскія педагогі ў невялікіх роліках расказалі пра сваю любоў да прафесіі.

У планах праекта — правядзенне віртуальных вернісажаў, майстар-класаў, канферэнцый паміж педагогамі. Запланаваны секцыі “Педагогі і бацькі: новыя формы ўзаемадзеяння з сям’ёй”, “Традыцыі і навацыі ў духоўна-маральным выхаванні”. А таксама віртуальныя экскурсіі ў рамках праекта “Адукацыйны турызм”, стварэнне фотавыстаў і відэаролікаў, правядзенне фестывалю “Самы спартыўны дзіцячы сад” і многае іншае. Падрабязны план сумесных мерапрыемстваў скла­дзены на ўвесь 2024 год.

Дзеці ў захапленні

— Мае ўнукі пазнаёмілі і мяне з Калінінградам! — гаворыць бабуля Пашы і Мішы Мелянец з дзіцячага сада № 35 Гродна Марыя Галоска. — Прыехалі да мяне на выхадныя і пачалі маляваць — калінінградскі музей Сусветнага акіяна, знакамітую вежу Урангеля. Было так цікава і пазнавальна!

— Тэлемост з Калінінградам — добрая задума, — дзеліцца Кацярына Ключнік, мама Алісы і Максіма з таго ж сада. — Максіму спадабаўся музей бурштыну, бо ён падобны на замак, і добра было б стаць рыцарам і там жыць. Аліса намалявала кафедральны сабор. Асаблівая радасць была ў малых, калі яны ўбачылі свае малюнкі па той бок экрана.

Ёсць чым пахваліцца

Гродзенскаму саду № 35 ёсць чым зацікавіць замежных сяб­роў — яго калектыў не аднойчы быў узнагароджаны ганаровымі граматамі, падзякамі за стварэнне якаснага, прадметна-развіццёвага асяроддзя. Не так даўно сад атрымаў дыплом І ступені за ўдзел у адукацыйным праекце “Зялёная школа”. Ва ўстанове паспяхова рэалізуецца рэспубліканскі праект “Інфарматыка без разеткі” Парка высокіх тэхналогій, а таксама рэспубліканскі адукацыйны праект “Марафон алімпійскай адукацыі 2.0” Беларускай алімпійскай акадэміі. На міжнародным фестывалі мастац­тваў BYFEST-2021 супрацоўнікі сада атрымалі дыпломы ў некалькіх намінацыях. У гэтым годзе сад атрымаў перамогу ў рэспубліканскім конкурсе па выбары выканаўцаў мерапрыемстваў дзяржпраграмы “Энергазберажэнне”. І гэта толькі невялікая частка дасягненняў дашкольнай установы.

— Кірую садам я толькі пяты год, а столькі ўсяго ўжо рэалізавана і столькі ў планах, — зазначае Алена Жэгала. — Ганаруся нашым творчым педагагічным калектывам. Хачу сказаць дзякуй і бацькам, якія даверылі нам самае дарогое, што ў іх ёсць, — сваіх дзетак.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота прадастаўлена дашкольнымі ўстановамі