У агульных інтарэсах

Англійская мова з’яўляецца сёння міжнароднай мовай зносін. Яе веданне аблягчае і пашырае камунікацыю ў розных сферах жыцця. Калі трэба пачынаць вывучаць англійскую мову? Ці існуюць спецыяльныя методыкі, якія дапамагаюць дашкольнікам і малодшым школьнікам паспяхова асвоіць яе? Сумесная дзейнасць настаўнікаў замежнай мовы гімназіі № 1 Баранавіч і бацькоў накіравана якраз на пошук адказаў на гэтыя актуальныя пытанні.

Бацькі ўпэўнены, што першакласнікі і другакласнікі фізічна і псіхалагічна падрыхтаваны да вывучэння англійскай мовы. Ва ўзросце 6—8 гадоў вучні і сапраўды больш засяроджаныя і камунікабельныя, але іх па-ранейшаму ў першую чаргу цікавяць гульнявыя, а не вучэбныя формы дзейнасці. Дзецям усё роўна, на якой мове гульня: на рускай, беларускай ці англійскай. Галоўнае, каб яна была цікавай і пазнавальнай.

Вучні ахвотна адпраўляюцца ў казачны свет англійскай мовы, дзе спасцігаюць літары, словы, песні і вершы. Вельмі прыемна адчуваць падтрымку бацькоў, якія крочаць побач з настаўнікамі і дзецьмі на працягу ўсяго навучання. Адным з дзейсных спосабаў такога ўзаемадзеяння з’яўляецца праектная дзейнасць. Вучні з бацькамі ствараюць розныя праекты: “Я і мая сям’я”, “Мая любімая свойская жывёла”, “Мой лепшы сябар”, “Мой выхадны дзень”, “Мая школа” і інш. Калі бачыш гэтыя цікавыя праекты, разумееш, што толькі сумеснымі намаганнямі творчых бацькоў і прафесійных педагогаў можна выхаваць разумных, таленавітых і крэатыўных асоб. А ці не гэта галоўная мэта любой школы, любога класнага кіраўніка і настаўніка-прадметніка?

Дзеці, бацькі і педагогі плённа ўзаемадзейнічаюць і праз інфармацыйна-адукацыйныя блогі настаўнікаў англійскай мовы. У раздзелах, прысвечаных навучанню малодшых вучняў, бацькі знаходзяць неабходныя лексічныя і камунікатыўныя матэрыялы, фотаздымкі з заняткаў і рэкамендацыі па завучванні лексічных адзінак. Гэта дапамагае мамам і татам кантраляваць і карэкціраваць дзейнасць дзяцей па вывучэнні англійскай мовы. Акрамя таго, зацікаўленыя бацькі могуць задаць настаўнікам розныя пытанні і адразу атрымаць на іх адказы. Сеткавае ўзаемадзеянне бацькоў і педагогаў актывізуе ўзаемадзеянне сям’і і школы ў цэлым.

Настаўнікі актыўна супрацоўнічаюць з мамамі і татамі на бацькоўскіх сходах. Так, да аднаго з іх педагогі падрыхтавалі рэкамендацыі, накіраваныя на развіццё цікавасці дзяцей да вывучэння англійскай мовы: “Дэманструйце дзецям сваю зацікаўленасць да іх поспеху падчас навучання”, “Не акцэнтуйце ўвагу на тым, што ў дзяцей нешта не атрымліваецца, асцярожна папраўляйце іх”, “Абавязкова хваліце, калі ў маленькіх “лінгвістаў” нешта атрымліваецца, хваліце нават за самыя маленькія поспехі”, “Стварайце дома ўмовы, пры якіх дзеці будуць адчуваць сябе камфортна. Гуляйце з імі. Называйце бытавыя рэчы па-англійску”, “Зрабіце разам карткі з малюнкамі, якія можна захоўваць у спецыяльных канвертах па тэмах “Колеры”, “Лічбы”, “Эмоцыі (прыметнікі)”, “Жывёлы” і інш. Бярыце з сабой гэтыя канверты і гуляйце з дзецьмі ў карткі заўсёды, калі ў вас ёсць вольны час”, “Праслухоўвайце аўдыя- і відэазапісы песень, вершаў і рыфмаванак разам з дзецьмі дома”, “Паўтарайце словы, выразы і вершы перад сном. Псіхолагі сцвярджаюць, што замежная мова лепш засвойваецца менавіта ў гэты час”, “Не прымушайце дзяцей вучыць матэрыял, калі ў іх няма жадання” і інш.

Многія лічаць, што індывідуальныя заняткі з вучнямі больш эфектыўныя, чым групавыя, але забываюць пра іх выхаваўчы кампанент. Вывучэнне англійскай мовы на пачатковым этапе ў невялікіх групах дапамагае дзецям адаптавацца ў соцыуме, выпрацаваць упэўненасць ва ўласных сілах і ведах і навучыцца будаваць узаемаадносіны.

Педагогі гімназіі ствараюць умовы, пры якіх вучні адчуваюць сябе ўпэўнена і камфортна. Для іх вельмі важным з’яўляецца не столькі працэс навучання, колькі яго вынікі. Дзеці лепш працуюць на ўроках, калі ў іх атрымліваецца выконваць заданні. Таму задача настаўніка заключаецца ў тым, каб зрабіць заняткі насычанымі і цікавымі, стварыць на іх сітуацыю поспеху для кожнага вучня. Для гэтага актыўна выкарыстоўваюцца відэа- і аўдыяматэрыялы, камп’ютарныя гульні, кнігі з цікавымі малюнкамі, цацкі і шмат іншага. Кожны педагог ведае, што на ўроках ён і акцёр, і навуковец, і псіхолаг, які павінен добра ведаць і адчуваць асаблівасці і ўнутраны настрой усіх вучняў.

Штогод напрыканцы навучальнага года ў гімназіі праходзіць фестываль адкрытых дэманстрацыйных заняткаў, які аб’ядноўвае дзяцей, мам, татаў і настаўнікаў. Больш за 200 бацькоў наведваюць адкрытыя ўрокі, арганізаваныя ў суботу. З радасцю і лёгкім хваляваннем ідуць дзеці ў гэты дзень у гімназію, бо ўсім хочацца паказаць родным, якіх поспехаў яны дасягнулі за навучальны год. Мамы і таты не толькі бачаць сваіх дзяцей у вучобе, гульнях, танцах і песнях, але і становяцца актыўнымі ўдзельнікамі падарожжа ў краіну англійскай мовы. Што толькі ні робяць гімназісты разам з бацькамі: майструюць рознакаляровых робатаў, удзельнічаюць у тэатралізаваных шоу, вудзяць, як рыбаловы, англійскія словы і складаюць з іх сказы, будуюць матэматычныя платы, гуляюць з лексічнымі мячамі, наведваюць уяўны заапарк… З пачуццём гонару за сваіх дзяцей выходзяць з кабінетаў мамы і таты пасля заканчэння такіх урокаў.

“Цудоўна! Прафесійна! Крэатыўна! Ярка! Незвычайна! Прыемна ўражаны! Шчыры дзякуй!” — гэтымі цёплымі словамі бацькі дзякуюць настаўнікам за іх нялёгкую працу. Не менш удзячны і педагогі бацькам за падтрымку, дапамогу і зацікаўленасць у поспехах сваіх дзяцей. Актыўнае ўзаемадзеянне ў агульных інтарэсах дапамагае гімназістам у далейшым дасягаць высокіх вынікаў у вучэбнай дзейнасці.

Кацярына СКРАБЕЙКА,
настаўніца англійскай мовы гімназіі № 1 Баранавіч.