У асяроддзі партнёраў і аднадумцаў

- 10:53Планёрка ў рэгіёне

Сёння суботнюю планёрку праводзім з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Чашніцкага райвыканкама Віцебскай вобласці Ганнай Уладзіміраўнай ДЗІРКО, якая дзеліцца вопытам работы адукацыйна-выхаваўчай сістэмы свайго рэгіёна.

— Адукацыйная прастора Чашніцкага раёна — гэта…

— …28 устаноў адукацыі, у якіх навучаюцца 3017 школьнікаў і 1212 выхаванцаў. Мы арыентаваны на задавальненне адукацыйных паслуг навучэнцаў i iх законных прадстаўнiкоў, павышэнне адукацыйнага, культурнага і духоўна-маральнага патэнцыялу падрастаючага пакалення, павышэнне прафесійнай кампетэнцыі педагагічных кадраў і эканамічнай эфектыўнасці работы сістэмы адукацыі раёна. Мэтанакіравана праводзіцца аптымізацыя сеткі ўстаноў адукацыі. За апошнія тры гады былі закрыты 3 установы, рэарганізаваны 4. У ходзе аптымізацыі ўлічваюцца розныя фактары: умовы функцыянавання ўстановы ў адпаведнасці з нарматыўнымі актамі ў сферы адукацыі, кантынгент навучэнцаў, рэкамендаваная напаўняльнасць класаў, магчымасць арганізацыі падвозу, працаўладкавання педагогаў. У 2016 годзе эканомія ад аптымізацыі склала 229 872,05 рубля. Частка з іх накіравана на куплю двух аўтобусаў для арганізацыі падвозу навучэнцаў, частка — на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў.

Значная ўвага ўдзяляецца развіццю алімпіяднага руху. Вучаніца Красналуцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Лізавета Наталевіч — пераможца заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры (дыплом І ступені) у 2015, 2016 гадах. Уключана ў банк даных адораных навучэнцаў, узнагароджвалася прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы таленавітых навучэнцаў і студэнтаў.

— Хочацца спытаць пра ролю раённага метадычнага кабінета ў павышэнні метадычнай пісьменнасці педагогаў, як маладых, так і са стажам. Наколькі ў вашым раёне запатрабаваны РВМК?

— Галоўны кірунак працы метадыстаў — метадычнае суправаджэнне росту прафесійнай кампетэнтнасці настаўнікаў і іх паспяховай атэстацыі. Развіццё прафесійных кампетэнцый педагогаў ажыццяўляецца праз работу метадычных фарміраванняў. З улікам педагагічнага стажу, вопыту працы, запытаў выбудоўваецца дыферэнцыраваная метадычная сетка. Для пачынаючых педагогаў працуе “Школа маладога настаўніка”, асноўнай мэтай якой з’яўляецца аказанне практычнай дапамогі педагогам у пытаннях удасканалення тэарэтычных ведаў і павышэння педагагічнага майстэрства.

Вопытнаму педагогу імкнёмся дапамагчы ў павышэнні яго прафесіяналізму. Гэта і правядзенне майстар-класаў, і работа “Школы павышэння майстэрства”, і кансультацыі па выкарыстанні сучасных адукацыйных методык навучання і выхавання. Для навучання педагогаў выкарыстоўваецца база 12 рэсурсных цэнтраў устаноў. У планах — стварэнне віртуальнай сістэмы бесперапыннай падтрымкі педагогаў на аснове воблачных тэхналогій.

Адукацыйны працэс забяспечваюць 584 педагогі. Кадравы патэнцыял дазваляе паслядоўна вырашаць задачы па павышэнні якасці адукацыі, забяспечваць інавацыйныя падыходы ў арганізацыі і змесце адукацыйнай дзейнасці. У раёне рэалізуюцца рэспубліканскія інавацыйныя праекты “Укараненне мадэлі фарміравання медыякультуры навучэнцаў ва ўмовах сучаснага інфармацыйна-камунікацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі” (на базе Чашніцкай гімназіі) і “Укараненне мадэлі развіцця псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў (законных прадстаўнікоў) навучэнцаў” (на базе сярэдняй школы № 2 Новалукомля).

— Ці стала запатрабаваным профільнае навучанне?

— Профільнае навучанне — гэта сродак дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі навучання, які дазваляе найбольш поўна ўлічваць інтарэсы, схільнасці і здольнасці навучэнцаў, ствараць умовы для навучання старшакласнікаў у адпаведнасці з іх прафесійнымі намерамі. Бацькі і навучэнцы зацікаўлены ў паглыбленні ведаў, у больш якаснай падрыхтоўцы да здачы цэнтралізаванага тэсціравання. У бягучым навучальным годзе профільнае навучанне арганізавана ў 9 установах адукацыі для 50,3 працэнта навучэнцаў 10—11 класаў. Функцыянуюць 5 профільных класаў і 12 профільных груп. У нашым раёне найбольш запатрабаваныя філалагічны, фізіка-матэматычны, хіміка-біялагічны напрамкі. У трох установах адукацыі для 38 вучняў сфарміраваны 4 групы прафесійнай накіраванасці. Прыемна, што ў педагагічную прафесію прыйдуць не выпадковыя людзі, а тыя, хто лічыць прафесію педагога сваім прызваннем. Спадзяёмся, што значная частка будучых педагогаў вернецца да нас у раён.

— А як наладжана ўзаемадзеянне з бацькамі ў вашым раёне?

— Бацькі з’яўляюцца партнёрамі ўстаноў адукацыі ў пытаннях выхавання дзяцей. Традыцыйна ў практыцы ўстаноў адукацыі рэалізуюцца такія формы работы з сям’ёй, як індывідуальныя (наведванне сем’яў, гутаркі, кансультацыі), калектыўныя (сходы, канферэнцыі, дні адкрытых дзвярэй, бацькоўскія лекторыі), наглядна-інфармацыйныя (куткі для бацькоў, выставы дзіцячых работ, прэзентацыі). На сайтах устаноў адукацыі створана рубрыка “Бацькам” па розных пытаннях навучання і выхавання. Праводзяцца сумесныя мерапрыемствы для дзяцей і бацькоў, распрацаваны і рэалізуюцца комплексна-мэтавыя праграмы ўзаемадзеяння з сям’ёй, арганізавана работа сямейных клубаў.

З мэтай захавання сям’і для кожнага дзіцяці, умацавання інстытута сям’і, сямейных каштоўнасцей і традыцый у раёне ўкаранёны праект “Калі ёсць сям’я, значыць, шчаслівы я!”. У склад праекта ўвайшлі міні-праекты. Напрыклад, для прыёмных бацькоў — “Сямейны прычал не заменіць нішто”, для бацькоў, чые дзеці маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, — “Мама, забяры мяне дадому!”.

— Не магу не спытаць і пра шосты школьны дзень. Што прапануеце сваім выхаванцам?

— У шосты школьны дзень ва ўстановах раёна праводзіцца фізкультурна-аздараўленчая, спартыўна-масавая, прафарыентацыйная работа, культурныя мерапрыемствы, факультатыўныя заняткі, арганізоўваюцца платныя заняткі па падрыхтоўцы дзяцей да школы. У Чашніцкай гімназіі арганізавана работа міжшкольных факультатыўных заняткаў па хіміі, біялогіі, фізіцы. Функцыянуюць 88 аб’яднанняў па інтарэсах рознай накіраванасці, у тым ліку на базе Чашніцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі — 19 аб’яднанняў. Вядзецца актыўная работа па прыцягненні бацькоў да ўдзелу ў мерапрыемствах шостага школьнага дня.

— І апошняе: што хвалюе начальніка аддзела адукацыі?

— Мяне хвалююць праблемы павышэння якасці навучання, удасканаленне работы з высокаматываванымі навучэнцамі, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў, аснашчэнне ўстаноў сучасным абсталяваннем, гарантаванне бяспечных умоў для навучання і выхавання непаўналетніх, арганізацыя падвозу навучэнцаў i многае іншае.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.