У атмасферы сяброўства, даверу, адказнасці

- 11:00Навіны рэгіёнаў

Сёлета на тэрыторыі Нараўлянскага раёна, на прыходзе храма Святога Іаана Багаслова, чацвёрты раз прайшоў летні праваслаўны лагер “Горліца”.

У ім існаваў атрад з кругласутачным знаходжаннем. Пастаянна ў лагеры знаходзіліся 50 дзяцей і персанал. У тым ліку настаяцель храма, два педагогі, загадчык гаспадаркі і медработнік. Дзённае знаходжанне было арганізавана для ўсіх школьнікаў без абмежавання ва ўзросце. Ініцыятарам і арганізатарам нашага летніка стаў настаяцель храма іерэй Аляксандр Махнач.

Кожны дзень пачынаўся з ранішніх малітваў. Распарадак прадугледжваў правядзенне біблейскай гадзіны, заняткаў па асновах праваслаўнай культуры. На штодзённых вячэрніх саветах ля вогнішча дзеці аналізавалі свае паводзіны і актыўнасць. Таксама па вечарах праводзіліся гутаркі на рэлігійныя тэмы і прагляд хрысціянскіх фільмаў. Заканчваўся дзень вячэрняй малітвай. Вялікая ўвага ўдзялялася спартыўна-масавым мерапрыемствам. Розныя конкурсы, эстафеты, віктарыны і рухавыя гульні на свежым паветры дапамагалі дзецям умацаваць сваё здароўе і проста адпачыць ад інтэрнэту.

Лагер наведалі святары Тураўскай епархіі. Настаяцель мазырскага прыхода храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца протаіерэй Сергій Шаўчэнка расказаў дзецям гісторыі пра хрысціянства. Старшыня епархіяльнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Тураўскай епархіі ігумен Аўксенцій (Абражэй) правёў духоўную гутарку з дзецьмі.

У праграму былі ўключаны працоўныя паслушэнствы. Дзеці аказвалі дапамогу пры ўборцы тэрыторыі, абразанні кустоў і дрэў, нарыхтоўцы дроў для вогнішча. У нашым лагеры пабываў і епіскап Тураўскі і Мазырскі Леанід разам з супрацоўнікамі епархіяльнага ўпраўлення. Зносіны праходзілі ў цёплай і ўтульнай атмасферы. Настаяцель прыхода храма Святога Іаана Багаслова ў горадзе Нароўлі іерэй Аляксандр Махнач адзначае, што ўсе дзеці паглыбіліся ў асяроддзе, натуральнае для кожнага верніка:

— Наша мэта — даць дзецям пажыць па-за гарадскімі ўмовамі, у зносінах з прыродай, у радаснай атмасферы сяброўства, даверу, адказнасці…

Жанна ІСАЧАНКА,
настаўніца гімназіі Нароўлі.