У чаканні новых абітурыентаў

- 9:58Выбар прафесіі

У БДУ новы навучальны год пачынаюць школы юных. Сёлета іх ажно 17.

Старшакласнікам (а ў некаторых выпадках і меншым дзецям) прапаноўваецца паглыбленае вывучэнне школьных прадметаў, знаёмства з адукацыйнай і навуковай базай факультэтаў БДУ, прафарыентацыя і падрыхтоўка да паступлення.

На факультэце міжнародных адносін дзейнічае адразу некалькі школ юных. Так, у школу будучага лагіста-міжнародніка запрашаюць абітурыентаў, якія мараць пра кар’еру ў сферы міжнароднай лагістыкі: спецыяліста па кіраванні ланцугамі паставак, міжнароднага і мытнага лагіста. Школа будучага мытніка чакае хлопцаў і дзяўчат, якія хочуць абараняць эканамічныя межы краіны, забяспечваць паспяховае прасоўванне імпартных і экспартных тавараў. Заняткі тут праводзяць выкладчыкі кафедры мытнай справы і супрацоўнікі Мінскай рэгіянальнай мытні. Трэцяя школа на ФМА — для будучых эканамістаў-міжнароднікаў. Абітурыенты атрымаюць уяўленне пра сусветную эканоміку, сістэматызуюць эканамічныя веды з акцэнтам на міжнародны бізнес, сфарміруюць комплекснае ўяўленне пра спецыяльнасць “Сусветная эканоміка” і перспектывы прафесійнай кар’еры.

А вось школа юных эканамістаў на эканамічным факультэце сумяшчае магчымасці дзён адкрытых дзвярэй і паўнавартасных заняткаў. Слухачы змогуць пазнаёміцца са штодзённым жыццём факультэта, атрымаць новыя веды ў галіне эканомікі, фінансаў і кіравання, падрыхтавацца да алімпіяд, чэмпіянатаў па эканоміцы і фінансах і конкурсаў бізнес-праектаў. Дзеці будуць сустракацца са студэнтамі і выпускнікамі факультэта, якія па­дзеляцца ўласным вопытам паступлення і навучання, дапамогуць вызначыцца са спецыяльнасцю. Дадатковым бонусам стане магчымасць пабываць на буйных прадпрыемствах, у фінансавых кампаніях і банкаўскіх установах Мінска (напрыклад, наведаць Нацыянальны банк).

Школа юных філосафаў “ПАЙДЭЯ” на факультэце філасофіі і сацыяльных навук запрашае навучэнцаў 9—11 класаў прычыніцца да філасофскіх ведаў. На занятках можна пашырыць кругагляд, паглыбіць пазнанні па гісторыі духоўнай культуры і грамадазнаўстве, развіць навыкі крытычнага мыслення і лагічных разваг. Праграмай прадугледжана знаёмства з факультэтам, яго студэнтамі і выпускнікамі, вывучэнне і абмеркаванне філасофскіх тэкстаў, дыскусіі і круглыя сталы па найбольш актуальных праблемах сучаснасці.

Для вучняў выпускных класаў на факультэце радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій бу­дзе працаваць школа радыёфізіка. Мэта — азнаёміць абітурыентаў з патрабаваннямі ўступнага іспыту па фізіцы, паказаць факультэт, яго вучэбную і навуковую базу. У рамках школы праводзіцца алімпіяда па фізіцы “Абітурыент БДУ”.

У школе маладога журналіста на факультэце журналістыкі абітурыентаў таксама азнаёмяць з патрабаваннямі ўступных выпрабаванняў, дапамогуць у падрыхтоўцы публікацый. Будучыя журналісты змогуць атрымаць прафесійную кансультацыю ў вопытных педагогаў-практыкаў.

На механіка-матэматычным факультэце навучэнцы 5—11 класаў змогуць наведваць школу юнага матэматыка, а навучэнцы 7—11 класаў — “Акадэмію вэб-адукацыі”. Вучэбная праграма ў акадэміі прадугледжвае тры ўзроўні: работа карыстальніка ў інтэрнэце; дызайн і праектаванне сайтаў; вэб-тэхналогіі. Акрамя таго, у завочнай школе юнага матэматыка ўдзельнікам алімпіяднага руху дапамогуць падрыхтавацца да матэматычных спаборніцтваў рознага ўзроўню, а выпускнікам — да цэнтралізаванага тэсціравання.

“Юні-цэнтр-XXI”, які дзейнічае на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, арганізуе для навучэнцаў 5—11 класаў школу юных матэматыкаў, інфарматыкаў, фізікаў, а таксама вочную і вочна-завочную школу па матэматыцы і інфарматыцы. Асноўная мэта названых школ — паглыбленае вывучэнне фізікі, матэматыкі і інфарматыкі; развіццё мыслення і навыкаў прымянення атрыманых ведаў для рашэння задач вучэбнага, алімпіяднага і даследчага характару. Для навучэнцаў 10—11 класаў вядзецца дадатковая падрыхтоўка да ЦТ. У рамках цэнтра арганізоўваюцца алімпіяды па матэматыцы і інфарматыцы “Абітурыент БДУ”, па крыптаграфіі, а таксама трэніровачны тэст-экзамен для абітурыентаў.

На фізічным факультэце для вучняў выпускных класаў право­дзіцца вочна-завочная фізіка-матэматычная школа. Мэта — дапамагчы абітурыентам сістэматызаваць і паглыбіць веды па фізіцы і матэматыцы, падрыхтавацца да здачы цэнтралізаванага тэсціравання.

Вучэбны цэнтр БДУ “Крок у будучыню” Цэнтра інфармацыйных рэсурсаў і камунікацый запрашае навучэнцаў 9—11 класаў у “Школу IT”. Праграмай прадугледжана падрыхтоўка да ЦТ па матэматыцы, фізіцы і рускай мове, а таксама вывучэнне спецыяльных ІТ-дысцыплін: камп’ютарнай графікі і анімацыі, вэб-канструявання, аўдыя- і відэамантажу.

Цікавыя школы юных адкрыты таксама на хімічным, біялагічным, гістарычным, геаграфічным, філалагічным факультэтах. Больш поўная інфармацыя прадстаўлена на старонцы “Абітурыент БДУ” ў рубрыцы “Падрыхтоўка да паступлення”, а таксама на факультэцкіх сайтах.

Па большасці праграм навучанне бясплатнае.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.