У добры шлях, у новы навучальны год!

- 10:58Актуально, Апошнія запісы

Свой першы ўрок дзесяцікласнікі сталічнай школы-новабудоўлі № 93 будуць памятаць, напэўна, усё жыццё. А як жа інакш, калі за сталом настаўніка — прэзідэнт краіны. Учора Аляксандр Лукашэнка па традыцыі наведаў школу, каб павіншаваць вучняў, настаўнікаў і бацькоў з пачаткам новага навучальнага года.

“Сёння асаблівы і хвалюючы для вас дзень. Пачынаецца новы навучальны год — першы ў гісторыі школы, якую мы ўрачыста адкрываем. Тут усё адбудзецца першы раз: першы званок, першыя ўрокі, першае знаёмства вучняў і педагогаў. Тут пачнецца летапіс школьных будняў на многія дзесяцігоддзі наперад, але ўсе вы назаўсёды застаняцеся ў ім першымі. У добры шлях, у новы навучальны год!” — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да школьнікаў і педагогаў.

“Школа — гэта храм. Туды трэба прыходзіць з чыстымі думкамі — вучыцца”, — канстатаваў прэзідэнт і адзначыў, што дысцыпліна ў школе моцна ўпала. У гэтай сувязі міністру адукацыі, губернатарам і мэру Мінска пастаўлена задача прыняць меры для ўзмацнення парадку і дысцыпліны ў навучальных установах. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што захаванне дысцыпліны павінна быць нацэлена менавіта на тое, каб дзеці ў школе атрымлівалі веды, а адказныя за гэта перш за ўсё настаўнікі і кіраўніцтва школ.

Падчас навучання ў школе трэба імкнуцца атрымліваць максімум ведаў. “Калі вы хочаце быць канкурэнтнымі ў жыцці, пры ўсіх складанасцях, іншы раз нежаданні вучыцца, трэба сябе прымусіць хаця б прыстойна скончыць школу і атрымаць веды”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, без добрай адукацыі і, галоўнае, ведаў стаць паспяховым у далейшым жыцці будзе немагчыма. Патрабаванні да спецыялістаў ва ўсіх сферах дзейнасці вельмі выраслі. “Рабочы — гэта ўжо няпроста, гэта новая тэхніка, прычым вельмі складаная. І гэта асабліва добра відаць у сельскай гаспадарцы. Калі раней тут мог працаваць той, хто нікому быў не патрэбны ў прамысловасці, дзе ўвогуле можна было — вілы, рыдлёўку ў рукі і працуй. Сёння такія рабочыя ў сельскай гаспадарцы ўжо не патрэбны”, — працягнуў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў справе выхавання і навучання дзяцей важнай з’яўляецца роля як настаўнікаў, так і бацькоў. “Калі вы будзеце наракаць на настаўнікаў і думаць, што гэта яны павінны даць веды і выхаваць нашых дзяцей у школе, вы памыляецеся. Працэс адукацыі і выхавання — адзіны працэс, у якім удзельнічаюць дзеці, бацькі і настаўнікі”, — адзначыў ён.

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз нагадаў пра сваё патрабаванне не перагружаць вучняў дамашнім заданнем. “Настаўнікі павінны даваць асноўныя веды ў школе. Нельга пера­гружаць вучня, каб ён, адсядзеўшы ў школе 5—6 гадзін, яшчэ 5—6 гадзін займаўся дома. Так ніколі не было і не будзе. Гэта самападман”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, аптымальнымі з’яўляюцца суадносіны, калі ў школе вучні атрымлі­ваюць прыкладна 75% інфармацыі, а тыя 25%, што засталіся, набываюць падчас самастойнага вывучэння, падрыхтоўкі дамашняга задання.

Кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі стравы са школьнага меню. Было ўзнята пытанне розніцы ў падыходах да забеспячэння харчаваннем вучняў. Харчаванне дзяцей у школах аплачваюць бацькі. Аднак для некаторых катэгорый вучняў, у тым ліку дзяцей з мнагадзетных сем’яў, расходы на харчаванне кампенсуе дзяржава, гэта значыць яно бясплатнае. Абмежаванне ў кошце такога харчавання вядзе да розніцы ў выбары страў і рацыёну, і некаторыя вучні атрымліваюць іншае харчаванне, чым іх аднакласнікі. “Дзеці павінны быць усе ў роўных умовах. Не ганьбіце сябе. Гэта дурасць, якую я чую першы раз. Абавязкова ў роўных умовах!” — падкрэсліў прэзідэнт.

Падчас знаёмства з новай школай Аляксандр Лукашэнка зайшоў у кабінеты працоўнага навучання, дзе падкрэсліў значнасць набыцця працоўных навыкаў. А затым заглянуў  у адзін з кабінетаў і далучыўся да вучэбнага працэсу ў 10 класе. Тэма першага ўрока гучала так: “Занiмай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад мiж народамi!”. “Адразу сэрца дрыжыць, калі заходзіш у клас. Калісьці я таксама пачынаў так (працаваў настаўнікам у школе), таму вельмі прыемна”, — адзначыў Аляксандр Лукашэн­ка, увайшоўшы ў клас.

Вучні якраз абмяркоўвалі са сваім настаўнікам, як развіваецца Беларусь і што трэба зрабіць, каб гэты працэс ішоў сямімільнымі крокамі. “Сямімільнымі цяжкавата. Дай бог, я буду рады, калі вы са сваім аптымістам-настаўнікам надасце вялікую дынаміку развіццю Беларусі. Тое, што ён вам задачы такія ставіць, гэта правільна!” — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

У гэтай сувязі прэзідэнт канстатаваў, што зрабіць у краіне могуць многае, але важна прадаць гэтыя тавары на знешніх рынках. “Канкурэнцыя вельмі моцная. Я буду рады, калі нават пасля мяне, калі я ўжо не буду прэзідэнтам, наша краіна будзе развівацца сямімільнымі крокамі”, — падкрэсліў ён.

Дзесяцікласнікам прапанавалі задаць пытанні прэзідэнту краіны, аднак Аляксандр Лукашэнка арганізаваў дыялог па-іншаму. Ён узяў спіс вучняў класа і сам пачаў выклі­каць старшакласнікаў да дошкі для падрабязнай гутаркі. Першай стала вучаніца па імені Ганна, якая адзначыла, што ёй хацелася б, каб больш людзей займаліся спортам, мелі менш шкодных звычак, каб імклівей развівалася IT-сфера.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на практычны аспект: спортам можна займацца, асабліва высокатэхналагічным, толькі тады, калі на гэта ёсць грошы. “Для таго каб былі грошы, трэба добрая вытворчасць. У вытворчасці будзе цяжка, калі вы не атрымаеце асноўных ведаў”, —  сказаў прэзідэнт. Ён падрабязна на ўласным прыкладзе расказаў пра напружаную вучобу, дзякуючы чаму школу скончыў на выдатна. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што многае ў жыцці зале­жыць не столькі ад краіны, колькі ад старання і імкнення саміх людзей, і школьныя гады вельмі важны этап. “Не страцьце гэты каштоўны час”, — дадаў ён.

“Што тычыцца IT, то мы пераціснулі ў грамадстве гэтую тэму. Усе хочуць быць айцішнікамі, але ўсе вы не будзеце айцішнікамі. У гэтай сферы (я яе ствараў з нуля ў Беларусі і добра яе ведаю) не ўсё так добра і цудоўна, але галоўнае — не ў кожнага да гэтага схільнасці і здольнасці”, —  папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што не менш важныя і іншыя напрамкі ў структуры эканомікі краіны і для жыцця людзей у цэлым. “Любы айцішнік пасля працы куды ідзе? У магазін. А там пакуль не IT, а селянін, рабочыя (вытворчасць адзення, абутку, прадуктаў). IT сёння з’яўляецца добрым памочнікам — каб прадукцыйнасць была лепшай, якасны быў тавар, таннейшы. Пакуль гэта як дапаможны элемент. Дзесьці з дапамогай IT больш прасунуліся — у космасе, высокіх тэхналогіях, атамнай энергетыцы. Толькі не стаўце перад сабой мэту: абавязкова IT. Вы проста будзеце перад сабой ставіць памылковыя мэты”.

Наступнага вучня — Елісея — прэзідэнт спытаў пра тое, што хлопец хацеў бы змяніць з таго, што бачыць у краіне, вакол сябе. Вучань адразу адказаў, што было б нядрэнна зрабіць яшчэ больш зручнай сістэму разлікаў за пакупкі — не наяўнымі грашыма або пры дапамозе карткі, а, напрыклад, на падставе адбітка пальцаў.

“Гэта значыць спрасціць жыццё”, — адзначыў прэзідэнт. У сувязі з гэтым ён успомніў, якія цяжкія былі часы ў яго дзіцячыя гады: “Бяднота была страшная. Грошай не хапала. Прыходзілася працаваць усё лета, каб зарабіць нейкую капейчыну, нармальна апрануцца”. Што тычыцца разлікаў па адбітку пальцаў,  Аляксандр Лукашэнка адзначыў: “Мы да гэтага ідзём”.

Яшчэ адна навацыя, якую агучыў школьнік, — каб прыпынкі грамадскага транспарту былі абсталяваны прыладамі для зарадкі смартфонаў. Прэзідэнт адказаў, што гэта не праблема, але параіў быць акуратнымі пры выкарыстанні смартфонаў, думаць пра бяспеку персанальных даных. “У школе, калі вы і прынеслі, яны не павінны вам перашка­джаць. Вы трапляеце ў жорсткую залеж­насць ад гэтага прагрэсу нашага грамадства. Не губляйце кантакт з традыцыйным носьбітам ведаў — кнігай. Не забывайце пра гэта”, — заклікаў беларускі лідар.

Акрамя таго, ён падкрэсліў значнасць жывых стасункаў з педагогамі, якія не толькі нясуць новыя веды, але і даюць жыццёвыя арыенціры, вучаць працаваць у камандзе і несці адказнасць за свае ўчынкі. Такія навыкі можна атрымаць з кніг і пераняць ад педагогаў. Калі гаворка зайшла пра вопратку, то прэзідэнт параіў школьнікам апранацца акуратна і з густам — “без пазёрства”. “Не траць­це лішнія грошы. Не трэба на гэтым замарочвацца”, — сказаў ён.

Вялася з дзесяцікласнікамі размова і пра здаровы лад жыцця, шкоду празмернага ўжывання алкаголю і курэння. “Пра наркотыкі проста нават гаварыць не хачу. Нядаўна мы законы прынялі вельмі строгія, што цяпер ужо маці тых, хто трапіў у месцы не такія аддаленыя, просяць змяк­чыць гэты закон, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Гэта па маёй ініцыятыве былі прыняты адпаведныя законы. Прытым, ну недзе мы, напэўна, перагнулі. Той, хто наркотыкі ўжывае, — хворы чалавек. І я лічыў, што іх трэба выхоў­ваць працай — у калоніі. Мы іх выхоўваем і перавыхоўваем, але страшная ломка, калі цябе асабліва без медыцыны пачы­наюць адвуч­ваць ад гэтага. Таму недзе, напэўна, мы павінны больш іх лячыць, але не дара­ваць тым, хто ўжывае.

А тым, хто сюды прывозіць, распаўсю­джвае наркотыкі, ніякай літасці не будзе. Чалавек, які ўжывае наркотыкі, здольны на ўсё. Гэта страшныя людзі. Да тых, хто з’яўляецца крыніцай гэтага страшнага зла, мы будзем адпаведным чынам ставіцца”, — падкрэсліў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што ўводзіць абмежаванні і забароны, у тым ліку па курэнні ў грамадскіх месцах, у частцы продажу тытуню, трэба акуратна і паступова. “Па антынаркатычным заканадаўстве пераканаліся, што мы вельмі строга гэта зрабілі. Адпусцім, але крыху”, — дадаў ён.

Для вучняў новай 93-й школы створаны выдатныя ўмовы для заняткаў спортам. Прэзідэнт у гутарцы з юнымі баскетбалісткамі і гандбалістамі заўважыў, што ім вельмі пашчасціла развіваць свае спартыўныя здольнасці на такіх сучасных пляцоўках. Здаровы лад жыцця — аснова поспеху кожнага чалавека. Будзе выдатна, калі да дзяцей далучацца і бацькі, для якіх спартыўныя пляцоўкі школы таксама адкрыты. “Пры­хо­дзьце ў басейн, спартыўную залу разам са сваімі дзецьмі, — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да бацькоў, калі выходзіў са школы. — Вы з’яўляецеся ўзорам для сваіх дзяцей, таму адпавядайце. А новая школа — выдатная пляцоўка для аб’яднання”.

Будаўніцтва сярэдняй школы № 93 Мінска было пачата ў 2018 годзе. Новая школа — сучасны будынак, абсталяваны ўсім неабходным для арганізацыі вучэбнага працэсу, заняткаў спортам і пазакласных мерапрыемстваў. Вучэбныя кабінеты і лабараторыі, памяшканні для працоўнага навучання, вучэбна-спартыўныя залы, цір, лыжная база, памяшканні для медыцынскага абслугоўвання, інфармацыйна-тэхнічны цэнтр, агульнашкольны цэнтр з актавай залай і пакоем грамадскіх арганізацый, лекцыйныя залы, памяшканні для эстэтычнага выхавання і гуртковай працы, адміністрацыйна-гаспадарчага і дапаможнага прызначэння, харчаблок — усё гэта для камфортнага навучання. Праектная магутнасць школы — 792 месцы, але жадаючых трапіць у спіс залічаных — 900 чалавек.

Акрамя таго, у новай школе створана безбар’ернае асяроддзе для арганізацыі адукацыйнага працэсу дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (прадугледжаны ліфт, пандус, спецыяльныя месцы ў актавай зале, вучэбных кабінетах, асобныя раздзявалкі, санвузлы, душавыя). Дарэчы, сёлета ўпершыню ў нашай краіне да новага навучальнага года было пабудавана 8 сярэдніх школ (дзве з іх — у Мінску).

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА.