Падведзены вынікі XXIV Рэспубліканскага турніру юных фізікаў, які прайшоў на базе Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе для ўдзельнікаў былі створаны камфортныя ўмовы для работы, прадастаўлены аўдыторыі з сучасным абсталяваннем. Арганізатарамі мерапрыемства традыцыйна выступілі Міністэрства адукацыі і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
Як вядома, турніры юных фізікаў з’яўляюцца адной з форм інтэлектуальных спаборніцтваў школьнікаў. Гэта калектыўнае саперніцтва каманд старшакласнікаў ва ўменні рашаць складаныя фізічныя (і агульнанавуковыя) праблемы, наглядна прадстаўляць і пераканаўча адстойваць свае рашэнні.
Турнір складаўся з 4 раўндаў, у якіх каманды па чарзе прадстаўлялі свае рашэнні па прапанаваных заданнях, а таксама выступалі ў ролі апанентаў і рэцэнзентаў для іншых удзельнікаў. Па словах намесніка старшыні журы старшага выкладчыка кафедры камп’ютарнага мадэлявання фізічнага факультэта БДУ Леаніда Рыгоравіча Марковіча, у адрозненне ад алімпіяды ўдзел у фізічных баях падобны да міні-абароны дысертацыі. Удзельнікі турніру набываюць вопыт публічнага выступлення, бо прэзентуюць свае работы вусна. А гэта ў многім павялічвае іх шансы ў далейшай навуковай дзейнасці.У турніры прынялі ўдзел 13 каманд са сталіцы і рэгіёнаў нашай краіны і каманда юных фізікаў, якая прадстаўляла Варонежскую вобласць Расійскай Федэрацыі. У склад журы спаборніцтваў увайшлі вучоныя з БДУ, супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, педагогі-наватары.
Уладальнікам дыплома І ступені і пераходнага кубка XXIV Рэспубліканскага турніру юных фізікаў стала зборная каманда ў складзе ліцэістаў БДУ (дзесяцікласніка Глеба Пенязькова, адзінаццацікласнікаў Любові Падзялёшкінай, Настассі Падмазкі, Ціны Смірновай) і навучэнца гімназіі № 11 Мінска Глеба Васілеўскага, якая падчас упартых трохдзённых баёў абышла ўсе каманды. У індывідуальным заліку лепшай стала Любоў Падзялёшкіна, якая адзначана спецыяльным прызам журы. Рыхтавалі зборную каманду навучэнцаў выкладчык фізічнага факультэта БДУ Андрэй Ігаравіч Цімошчанка, студэнты фізфака Данііл Мнявец, Арцём Буры і Дзмітрый Баранаў.
Каманда “Ліцэй БНТУ — зборная” ў складзе адзінаццацікласнікаў Віктара Петрашкевіча, Уладзіміра Звяругі, Антона Гацко, Яны Грыгорчык, Дзіяны Янковіч, Аляксандры Сушчанка, Марыі Васілёнак і Уладзіслава Нікіціна (кіраўнік — настаўнік фізікі С.І.Глушчанка) заняла другое месца, а школьнікі Нясвіжскага раёна і другая каманда ліцэістаў БНТУ падзялілі трэцяе прызавое месца. Так, уладальнікамі дыплома ІІІ ступені сталі дзесяцікласнікі Ліцэя БНТУ Святаслаў Зубовіч, Дар’я Ільіна, Аляксандр Майсюк, Кацярына Сапліца, Пётр Пажытных, Вераніка Каляда, Настасся Рашатняк, Юлія Захарык, Ілья Грынашка (кіраўнік С.І.Глушчанка).
З кожным годам усё больш рэгіянальных каманд далучаецца да турнірнага руху. Так, сёлета ўстановы адукацыі Мінскай вобласці прадстаўлялі 4 каманды. Каб трапіць на рэспубліканскі турнір, яны прайшлі праз выпрабаванні рэгіянальных і абласнога турніраў. Уладальнікамі дыплома ІІІ ступені стала каманда Нясвіжскай гімназіі ў складзе Дзіянісія Броўкі, Ганны Камлач, Дар’і Дзішук, Арцёма Панасюка, Паліны Праскуравай (кіраўнікі — настаўніца фізікі Нясвіжскай гімназіі Ж.І.Скачко і настаўніца фізікі сярэдняй школы № 4 Нясвіжа Т.А.Мірашнічэнка).
Пахвальнымі водзывамі ўзнагароджаны каманда сярэдняй школы № 1 Смілавіч Чэрвеньскага раёна (кіраўнікі — настаўнік фізікі сярэдняй школы № 1 Смілавіч А.К.Шабусаў і настаўніца фізікі Новазелянкоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы І.Л.Серавокая), зборная каманда навучэнцаў устаноў адукацыі Слуцкага раёна (кіраўнікі — настаўнік фізікі сярэдняй школы № 13 Слуцка І.П.Лазоўскі, настаўніца фізікі сярэдняй школы № 10 імя С.Ф.Рубанава Слуцка Г.М.Сямітка), зборная каманда навучэнцаў устаноў адукацыі Любанскага раёна (кіраўнікі — настаўнік фізікі гімназіі № 1 Любані С.Г.Плютаў, настаўнік фізікі ўрэцкай сярэдняй школы № 1 Любанскага раёна В.У.Багалейка).
Па выніках XXIV Рэспубліканскага турніру юных фізікаў сфарміравана зборная каманда Беларусі, якая прадставіць нашу краіну на XXIX Міжнародным турніры юных фізікаў (мова турніру — англійская), які пройдзе летам у Екацярынбургу (Расія). Плануецца, што ў ім прымуць удзел прадстаўнікі 40 краін свету. Жадаем нашым навучэнцам поспехаў!
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.