Як навучэнцы даследавалі ўплыў закваскі на якасць ёгурту
Напрыканцы Года навукі навучэнцы і педагогі Слуцкага дзяржаўнага каледжа прынялі ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе на лепшую навукова-даследчую работу сярод студэнтаў і навучэнцаў “Год навукі — эканоміцы краіны”, які праводзіўся на базе Рэспубліканскага інстытута мяса-малочнай прамысловасці (навукова-практычны цэнтр па харчаванні Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі). Прадстаўлены праект “Вывучэнне ўплыву заквасачных мікраарганізмаў на арганалептычныя і фізіка-хімічныя паказчыкі ёгурту ў залежнасці ад складу сыравіны” быў адзначаны высокай узнагародай.
Над праектам працавалі навучэнцы Вольга Картэль, Валерый Піліпенка, Сяргей Стампкоўскі пад кіраўніцтвам выкладчыка Л.А.Марозавай. У даследчай рабоце прымалі ўдзел таксама выкладчыкі Л.У.Абрацінская, Н.У.Азёрная і загадчык аддзялення А.У.Кісель.
Год навукі быў для юных вучоных і іх педагогаў вельмі насычаным і багатым як на падзеі, так і на ўзнагароды. Яны прынялі ўдзел у шэрагу міжнародных конкурсаў, вучэбна-практычных канферэнцый, рэспубліканскіх і абласных навукова-даследчых праектаў. На V конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты ХХI стагоддзя” навучэнец каледжа Ілья Ваньковіч і выкладчык С.І.Панасенка былі адзначаны дыпломам І ступені. Навучэнцы і педагогі каледжа прынялі ўдзел і ў Міжнароднай вучэбна-практычнай канферэнцыі “Ад вытокаў да дабра”, якая праходзіла ў Гродзенскім прафесійным ліцэі будаўнікоў № 1 і на якой выступалі таксама прадстаўнікі Расійскай Федэрацыі. Навучэнцы слуцкага каледжа дэманстравалі свае веды ў секцыі “Мы ў адказе за планету” (экалагічная накіраванасць) па тэме “Азеляненне — шлях да здаровай будучыні”. Сяргей Гадлеўскі, Ілья Ахрымук, Уладзіслаў Пяцко, навуковы кіраўнік намеснік дырэктара каледжа А.М.Матусевіч, выкладчык А.В.Няронская ўзнагароджаны дыпломам ІІ ступені і падзячнымі лістамі. На ХI Міжрэгіянальнай навукова-практычнай канферэнцыі “Першыя крокі да поспеху”, якая праводзілася ў Нялідаўскім каледжы (Нялідава, Расійская Федэрацыя) у секцыі ІТ навучэнец слуцкага каледжа Дзяніс Катляроў (кіраўнік праекта выкладчык С.І.Панасенка) прадставіў праект “Аперацыйная сістэма” і атрымаў за яго дыплом І ступені.
Вынікам творчай і даследчай работы калектыву каледжа стала заваяванне 13 дыпломаў міжнароднага, 9 дыпломаў рэспубліканскага і 38 дыпломаў абласнога ўзроўню. Заключаны 4 дагаворы аб міжнародным супрацоўніцтве і партнёрстве з установамі адукацыі і 5 дамоўленасцей з навуковымі арганізацыямі.
Сёння навукова-даследчай работай ва ўстанове ахоплена вялікая частка калектыву педагогаў і навучэнцаў, і іх колькасць расце з кожным годам.
— Сучасная сістэма прафесійнай адукацыі развіваецца ва ўнісон з нашай эканомікай, для якой характэрна інавацыйнае развіццё з прымяненнем сучасных тэхналогій, — адзначае дырэктар слуцкага каледжа Барыс Браніслававіч Блахін. — У сувязі з гэтым неабходна, каб расла і пашыралася навукова-даследчая дзейнасць навучэнцаў і педагогаў, у аснове якой — вывучэнне і практычнае прымяненне найноўшых тэхналогій у перапрацоўчай прамысловасці.
Як паведаміла Ала Мікалаеўна Матусевіч, намеснік дырэктара слуцкага каледжа, тут створаны ўсе неабходныя ўмовы для творчасці, навукова-даследчай і навукова-практычнай работы педагогаў і іх выхаванцаў.
Выдзяляюцца неабходныя фінансавыя сродкі для даследаванняў, дзейнічае сістэма заахвочвальных мер, умацоўваецца матэрыяльная база, набываецца неабходнае сучаснае абсталяванне. Навучэнцы і педагогі каледжа засвойваюць мікрапрацэсар Arduino, прынцып работы радыёэлементаў, модуляў, датчыкаў і выканаўчых устройстваў, праектуюць і ствараюць робатаў і механізмы на платформе Arduino, Raspberry Pi 3. А ў лабараторных умовах сучаснае абсталяванне дазваляе даследаваць малако і малочныя прадукты. Усе гэтыя захады выклікаюць яшчэ большую цікавасць да тэхнікі, інфармацыйных тэхналогій, павышаюць кампетэнтнасць, спрыяюць набыццю практычных навыкаў у прафесіі, пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў у IT-сферы.
У каледжы ўжо каля 5 гадоў дзейнічае навуковае таварыства “Інавацыйны фармат”, кіраўніком якога з’яўляецца С.І.Панасенка.
— На занятках навучэнцы развіваюць лагічнае мысленне, вучацца складаць планы і алгарытмы, праграмаваць на мове C++, прымяняць на практыцы законы фізікі і матэматычныя формулы, займаюцца навукова-даследчай работай. Акрамя таго, яны вучацца працаваць у камандзе, знаходзіць новых сяброў, удасканальваюць асабістыя якасці, у тым ліку лідарскія, — расказвае Сяргей Ігаравіч Панасенка.
Асноўнай мэтай стварэння навуковага таварыства з’яўляецца выяўленне і падтрымка адораных навучэнцаў, развіццё іх інтэлектуальных, творчых здольнасцей, схільнасцей да навукова-даследчай дзейнасці.
— Навуковае таварыства — гэта аб’яднанне аднадумцаў, дзе кожны мае права выказаць сваю думку, гіпотэзу, навуковую ідэю і вучыцца яе адстойваць, — адзначае яго кіраўнік. — Тут навучэнцы не толькі эксперыментуюць, рэалізоўваюць навуковыя ідэі, але і ўмацоўваюць сваё “я”, узмацняюць веру ў сябе, павышаюць самаацэнку.
Яскравым прыкладам таго з’яўляюцца дасягненні навучэнца Ільі Ваньковіча. Ён стварыў інтэлектуальны прадукт у галіне праграмавання. Гэта праграма аддаленага кіравання робатызаванымі сістэмамі Program of remote control of robotic systems, якая атрымала рэгістрацыю ў Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасці. Праграма дазваляе рэалізоўваць творчыя ідэі. Адна з іх — навучанне праграмаванню на С / С++ у асяроддзі Visual Studio пад Arduino. Навучэнец можа праверыць і запісаць праграму, стварыць, адкрыць і захаваць скетч. Створаны Ільёй прадукт можна прымяняць у тых галінах прамысловасці, дзе ёсць робатызаваныя сістэмы, а таксама ў гульнявой сферы. Праграма дазваляе не толькі засвойваць праграмаванне, але і развівае творчае, тэхнічнае мысленне, а значыць, вучыць укараняць і выкарыстоўваць робататэхніку там, дзе яе яшчэ не было. Яна дапамагае ствараць новае ў свеце тэхнікі і тэхналогій, рэалізоўваць свае навуковыя ідэі.
Вынікі навукова-даследчай дзейнасці ў каледжы сведчаць пра тое, што творчыя здольнасці навучэнцаў развіваюцца пры пэўных умовах. Іх фарміраванне магчыма толькі ў творчым асяроддзі, калі побач творчы педагог, які здольны зрабіць сваіх выхаванцаў творцамі.
Ала КЛЮЙКО.