У летніку «Вярба» працуюць 20 педагогаў, у тым ліку 14 студэнтаў псіхолага-педагагічнага факультэта БрДУ

- 16:04Лето-2023, Образование

Аздараўленчы лагер “Вярба” размясціўся ў маляўнічным лясным кутку Камянеччыны на плошчы 13 гектараў. Да 1947 года тут знаходзілася ваенная база, а цяпер сярод велічных дубоў і гонкіх хвой у птушыным рознагалоссі гучыць звонкі дзіцячы смех. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Трапіць на тэрыторыю летніка, дзе за адну змену адпачыва­юць 160 хлопчыкаў і дзяўчынак, старонняму чалавеку немагчыма. Ля ўвахода дзяжурыць ахоўнік, ад уважлівага позірку якога ніхто не схаваецца. Бяспека — перш за ўсё.

Нягледзячы на паважаны ўзрост, пабудовы, гульнявыя і спартыўныя пляцоўкі ў лагеры выглядаюць даволі сучасна. Добрай матэрыяльна-тэхнічнай базай ён абавязаны шэфскай арганізацыі — Брэсцкаму аддзяленню Беларускай чыгункі, кіраўніцтва якой удзяляе належную ўвагу аздараўленню дзяцей сваіх супрацоўнікаў. Далёка не кожны летнік можа пахваліцца ўласным возерам з пляжам, дзе ахвотна плюхаецца вясёлая дзятва.

Праграма першай змены пабудавана ў форме сюжэтна-ролевай гульні “Майстэрня міру”, якая прыйшлася даспадобы і дзецям, і педагогам. А іх у летніку 20, у тым ліку 14 студэнтаў псіхолага-педагагічнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна, аб’яднаных у пед­атрадзе “Усім дабра і пазітыву”. Іх работай старшы выхавальнік лагера Аляксандр Рыбцоў задаволены: “Добрыя студэнты, стараюцца”.

Першакурсніца БрДУ імя А.С.Пушкіна Алена Шматава ў свой час скончыла БДУ, дзе атрымала прафесію дызайнера, але хутка зразумела, што працаваць з дзецьмі ёй падабаецца больш. З імі яна, як кажуць, на адной хвалі.

— Самае цяжкае — знайсці падыход да кожнага, нала­дзіць даверлівыя адносіны, дапамагчы адаптавацца малодшым школьнікам, правільна пада­браць вучэбна-забаўляльны матэрыял для пэўнага ўзросту, — прызнаецца Алена.

Але гэта яе, актыўную і жыццярадасную, зусім не пужае. Выхавальніца паспяхова спраўляецца са сваімі абавязкамі і карыстаецца ў дзяцей аўтарытэтам. З імі яна і гуляе, і танцуе, і спявае…

Трэцякурсніца БрДУ імя А.С.Пушкіна Лілія Бажко таксама ўпершыню ў летніку. Сама захацела прыехаць на практыку менавіта сюды і не пашкадавала.

— Універсітэцкай падрыхтоўкі цалкам хапае, — гаво­рыць дзяўчына. — Спачатку цяжэй за ўсё было наладзіць зносіны з выхаванцамі, правесці выразную грань паміж сябрам для іх і педагогам, каб не мець у далейшым праблем з дысцыплінай у дзіцячым калектыве і карыстацца ў ім павагай. Планую пры­ехаць сюды яшчэ.

— Гульнявая ідэя змены заключаецца ў тым, што кожнае дзіця можа паспрабаваць сябе ў ролі майстра сваёй майстэрні, дзе зразумее каштоў­насць міру і дружбы ў спартыўнай, творчай і інтэлектуальнай дзейнасці, — расказвае начальнік лагера Вікторыя Тарасюк, якая зай­мае гэтую пасаду з 2006 года. — Вялікую ўвагу ў выхаваўчай рабоце ўдзяляем згуртаванню дзяцей, фарміраванню ў іх такіх важных якасцей, як калектывізм, таварыскасць, імкненне быць карысным.

Кіраўнік лагера — галоўны майстар, кожны з 6 атрадаў з’яўляецца асобнай майстэрняй, дзе кожны таксама майстар. Старшы выхавальнік — настаўнік майстроў, педагог-арганізатар — майстар адукацыі, культарганізатар — майстар культуры, фізкультарганізатар — майстар аховы здароўя і спорту. Госці, якія прыходзяць у майстэрню міру, знаёмяць выхаванцаў з рознымі відамі дзейнасці. Каб стаць сапраўднымі майстрамі, ім што­дзень трэба ствараць, дапама­гаць, актыўнічаць… Гэта дазваляе адчуць сябе творцамі ўласнага жыцця, наладзіць зносіны адно з адным, зразумець сілу дружбы і ўзаемавыручкі. Падчас удзелу ў мерапрыемствах дзеці зарабляюць балы, каб напрыканцы змены вызначыць майстроў у пэўнай намінацыі і супермайстра.

Праграма змены складаецца з прафарыентацыйнага, аздараўленчага і бяспечнага блокаў, якія праз тэматычныя віктарыны, конкурсы, лекцыі, сустрэчы з цікавымі людзьмі, спартыўна-аздараўленчыя заняткі, гульні і святы фарміруюць у дзяцей паважлівыя адносіны да людзей працы, пашыраюць кругагляд, замацоўваюць навыкі бяспечных паводзін у пэўных сітуацыях, развіваюць навыкі здаровага ладу жыцця і вучаць пераадольваць шкодныя звычкі.

У выхаваўчай рабоце абавязкова ўлічваецца прыналежнасць летніка да Беларускай чыгункі. Так, на спецыяльных стэндах з фотаздымкамі выхаванцы знаёмяцца з гісторыяй чыгуначнага транспарту, а падчас сустрэч з чыгуначнікамі даведваюцца аб профільных прафесіях і правілах бяспечных паводзін на рэйках. Гэтая інфармацыя нікога не пакідае раўнадушным.

Трэцякласнік Ягор Кузняцоў з сярэдняй школы № 1 імя Чыр­ванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі Пружан адпачывае ў “Вярбе” ўжо трэці раз. Хлопцу тут падабаецца ўсё: цікавыя мерапрыемствы, вясёлыя педагогі, шматлікія сябры, смачнае харчаванне…

А вось чацвёртакласнік Кірыл Зайцаў з сярэдняй школы № 11 Брэста ў загарадным летніку апынуўся ўпершыню.

“Спачатку, канечне, крыху сумаваў па бацьках, але хутка знайшоў сяброў і заняткі для душы”, — заўважае хлопчык.

У лагеры ніхто не сядзіць без справы і бязмэтна не блукае сярод карпусоў і дрэў. Усюды шумныя дзіцячыя кампаніі і цікавыя гульні. А яшчэ ўтульная дамашняя атмасфера. Нядзіўна, што многія прыязджаюць сюды зноў і зноў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА