У падарунак моладзі — сапраўдны атэль

- 14:56Адукацыйная прастора

Ключы ад пакояў у адноўленым інтэрнаце на 318 месцаў атрымалі навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа. Урачыстае адкрыццё аб’екта пасля капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй прайшло з удзелам кіраўніцтва вобласці ў рамках навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”.

Замест тыповай планіроўкі калідорнага тыпу — утульныя, прасторныя і светлыя жылыя блокі з двума пакоямі на аднаго і траіх пражываючых, душавой і санвузлом, памяшканні для самастойнай падрыхтоўкі да заняткаў з выхадам у інтэрнэт, па дзве кухні з сучаснымі электраплітамі і халадзільнікамі на кожным паверсе, буфет і трэнажорная зала. Удалы дызайн, дзе кожная дэталь прадумана, эрганамічная, эфектыўна “працуе” на камфорт і дабрабыт жыхароў: навучэнскі інтэрнат цяпер параўнальны з добрым атэлем. Будынак па вуліцы Лазо, 103 Б, перададзены на баланс Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа пасля далучэння ў сакавіку 2017 года Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа машынабудавання імя М.Ф.Шмырова. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, ініцыятыўнасці руплівых новых гаспадароў і прафесіяналізму каманды ТАА “Проф НК”, што якасна і ў кароткі тэрмін выканала ўвесь аб’ём работ, стары інтэрнат за няпоўныя паўгода фактычна атрымаў другое жыццё. На капітальны рамонт і мадэрнізацыю выдаткавана каля 3,65 мільёна рублёў: праведзены работы па рамонце і ўцяпленні фасадаў, даху, перапланіроўцы, стварэнні безбар’ернага асяроддзя, замене аконных і дзвярных блокаў, электраправодкі, электрапрыбораў і сістэмы асвятлення, адрамантаваны ганак, сістэмы ацяплення і вентыляцыі. На 350 тысяч рублёў набыта неабходнае абсталяванне, у тым ліку мэбля, пасцельная бялізна, электрапліты, стэлажы для дапаможных памяшканняў. Па словах дырэктара ВДТК Аляксандра Ласякіна, адкрыццё інтэрната — знамянальная старонка ў гісторыі кале джа, а найперш — свята для навучэнцаў.

— У каледж я паступіла, бо менавіта тут убачыла найлепшыя магчымасці для атрымання жаданай прафесіі і ўпэўнена, што не памылілася, — падзялілася ўражаннямі адна з навасёлаў, будучы аператар сувязі і прадавец Караліна Ларчанка. — Да сённяшняга моманту я пражывала ў інтэрнаце па вуліцы Ганчарнай. Перасяліцца ў новы пакой — цудоўны падарунак на Новы год. У новым інтэрнаце мы ўбачылі ўсё, аб чым толькі можна марыць, не ў кожнага дома ёсць такія выдатныя ўмовы! Дзякуй кіраўніцтву каледжа і ўсім, хто пра нас паклапаціўся.

Ганаровымі гасцямі святочнай урачыстасці сталі старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома і прадстаўнікі ТАА “Проф НК” на чале з дырэктарам прадпрыемства Аляксандрам Собалевым. Звяртаючыся да моладзі, Мікалай Шарснёў павіншаваў з надыходзячым Новым годам, пажадаў юнакам і дзяўчатам поспехаў у прафесійнай падрыхтоўцы, ажыццяўлення запаветных мар, асабістага шчасця і дабрабыту. Старшыня аблвыканкама асобна падкрэсліў: калектыў пад кіраўніцтвам Аляксандра Ласякіна імкнецца быць лепшым у краіне, і гэта атрымліваецца. Кампетэнтныя і адданыя сваёй прафесіі выкладчыкі і майстры вытворчага навучання, выдатная матэрыяльна-тэхнічная база — неад’емныя складнікі поспеху, але галоўная і характэрная лідарская якасць ВДТК — тое, што каледж ніколі не спыняецца на дасягнутым раней, пастаянна развіваецца і прымнажае набытае. Гэта дастойны арыенцір, якога варта кожнаму прытрымлівацца. Свой уклад у скарбонку поспехаў уносяць і сённяшнія навучэнцы. Тым з іх, хто найбольш ярка праявіў сябе ў вучобе, спорце, творчасці, грамадскім жыцці, Мікалай Мікалаевіч уручыў ключы ад аднамесных пакояў.

— Заўсёды прыёмна, калі год завяршаецца і радуюць вынікі, — адзначыў Аляксандр Ласякін. — Без якаснай падрыхтоўкі прафесіяналаў ісці ў заўтрашні дзень не мае сэнсу. Сёння мы павінны рыхтаваць самыя высокакваліфікаваныя кадры для будучыні, для нашай краіны. Таму рухаемся наперад і ўвасабляем новыя ідэі, не саступаем лідарскіх пазіцый і паступова прырастаем у выніках на рэспубліканскіх конкурсах, чэмпіянаце WorldSkills, спаборніцтвах і алімпіядах. Найлепшыя ў краіне маладыя плітачнік і муляр, архітэктары — навучэнцы нашага каледжа. У металаапрацоўцы на станках з праграмным кіраваннем мы таксама сярод лідараў, як і ў спорце, творчасці, рэалізацыі сацыяльных праектаў і ініцыятыў. Штогод асвойваем будаўніча-мантажныя работы гаспадарчым спосабам на суму каля 600 тысяч рублёў — даволі яскравы паказчык, асабліва ўлічваючы, што ў нас ідзе падрыхтоўка спецыялістаў будаўнічага профілю. Наперадзе калектыў чакае многа важных спраў і задач. Безумоўна, у ліку прыярытэтаў заўсёды былі і застаюцца комплекс пытанняў па стварэнні належных умоў для арганізацыі самастойнай падрыхтоўкі, пражывання, адпачынку нашай моладзі. У нас больш за 700 іншагародніх навучэнцаў, і ўсіх забяспечваем жыллём. Аднак наш інтэрнат на Ганчарнай знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад каледжа. На грамадскім транспарце дарога ў адзін бок займае не менш за 40 мінут, плюс выдаткі на праезд — былі пэўныя складанасці. Інтэрнат, які мы сёння адкрылі, размешчаны ў прыгожым ціхім скверы ў крокавай даступнасці ад вучэбных карпусоў і майстэрняў, што дазваляе навучэнцам не проста палепшыць жыллёва-бытавыя ўмовы, а разгортвае новыя прывабныя перспектывы дадатковай адукацыі. Акрамя трэнажорнай залы ў інтэрнаце, літаральна побач — наш стадыён, у каледжы працуюць пяць спартыў-ных і дзве актавыя залы, некалькі дзясяткаў аб’яднанняў па інтарэсах. Вырашаны і пытанні харчавання: дзве сталовыя ў каледжы і буфет па месцы пражывання на выбар. Вельмі важны момант: мы цяпер можам на высокім узроўні арганізоўваць і прыма ць у сябе абласныя, рэспубліканскія і міжнародныя мерапрыемствы. Душа радуецца, што напярэдадні Новага года атрымалі такі грандыёзны падарунак. Гэта відавочны для ўсіх клопат дзяржавы аб нашай моладзі, падрастаючым пакаленні, адчувальная падтрымка, якая дапамагае нам рухацца наперад і дасягаць пастаўленых мэт.

Таццяна БОНДАРАВА.