У паразуменні з вучнямі

- 11:16Навіны рэгіёнаў

Калі ў жыцці чалавека нешта адбываецца, значыць, так павінна было быць. У гэтым пераканана настаўніца гісторыі Забродскай сярэдняй школы Шклоўскага раёна Рыта Іванаўна Мішына.

Рыта Іванаўна ніколі не імкнулася да настаўніцкай працы. У педагогіку ў свой час прыйшла па волі выпадку, які стаў для яе шчаслівым.

— У юнацтве я хацела стаць адвакатам. Але тады па ўмовах прыёму на юрыдычныя спецыяльнасці неабходны быў двухгадовы стаж работы. Баць­кі адгаварылі мяне ад гэтай задумы. У выніку я аказалася ў ліку студэнтаў сённяшняга МДУ імя А.А.Куляшова. Для навучання выбрала гістарычны факультэт з дадатковай спецыяльнасцю “Савецкае права”, — паведаміла Р.І.Мішына.

Пяць яе студэнцкіх гадоў праляцелі непрыкметна. А ўсё таму, што гэты час быў яркім і насычаным падзеямі. Рыта Іванаўна паспявала не толькі са стараннасцю асвойваць асновы прафесіі, але і ўдзельнічаць у археалагічных раскопках, іншых разнастайных універсітэцкіх мерапрыемствах.

— Студэнцкія гады для мяне сталі незабыўным часам. У нас былі выдатныя выкладчыкі, якіх я памятаю і зараз. Вучоба ва ўніверсітэце падарыла мне сапраўдных сяброў. А яшчэ ў МДУ я сустрэла свой лёс, пазнаёмілася з будучым мужам, стварыла сям’ю, — па­дзялілася Рыта Іванаўна.

Менавіта ўслед за мужам пасля размеркавання яна накіравалася на Шклоўшчыну.

— Мая малая радзіма — гарадок Шчучын на Гродзеншчыне. Але мужа пасля заканчэння ўніверсітэта адправілі працаваць у Шклоўскі раён. За ім туды паехала і я. Так мы разам апынуліся ў Забродскай сярэдняй школе. Адпрацавалі належны тэрмін. І неяк за некалькі гадоў прыкіпелі сэрцам да гэтых мясцін, да гэтай школы, таму і засталіся, — расказала Р.І.Мішына.

У Забродскай сярэдняй школе Рыта Іванаўна працуе ўжо 33 гады. За гэты час выпрацавала ўласныя эфектыўныя методыкі навучання. Настаўніца ўпэўнена, што вучэбны прадмет “Гісторыя” як ніякі іншы нясе ў сабе не толькі навуковы змест, але і велізарны выхаваўчы патэнцыял.

— Прывіваючы любоў да гісторыі сваёй краіны, да яе мінулага, я імкнуся зберагчы вучняў ад паўтарэння многіх памылак, расчараванняў у жыцці. Менавіта веданне гісторыі, законаў жыцця грамадства спрыяе фарміраванню сапраўднага грамадзяніна, арыентаванага на канструктыўную самарэалізацыю ў сучаснай беларускай дзяржаве, — лічыць Р.І.Мішына.

Сёння Рыта Іванаўна мае кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст” і ў сваёй педагагічнай дзейнасці выкарыстоўвае разнастайныя тэхналогіі, прыёмы і метады навучання. Але важна, што, будуючы ўрок, яна заўсёды зыходзіць з патрэб пэўнага класа, канкрэтных дзяцей.

— Як мы будзем працаваць на ўроку, я вырашаю тады, калі ўваходжу ў клас, калі бачу вочы маіх вучняў, бачу, як яны мяне сустрэлі, адчуваю іх настрой. Менавіта тады вырашаю: выкарыстаць сёння франтальнае апытанне ці групавую форму работы, буду каменціра­ваць чытанне або прапаную вучням працаваць самастойна. А па ходзе ўрока прыёмы і метады дабаўляюцца або мяняюцца, — расказала Р.І.Мішына.

У асноўным свае ўрокі Рыта Іванаўна будуе на тэхналогіі мнагамерных дыдактычных інструментаў. Калі дакладней, выкарыстоўвае логіка-сэнсавыя мадэлі і тэхналогію перавернутага навучання.

— Гэтыя методыкі даюць дзецям шырокія магчымасці для самастойнага вывучэння матэрыялу. Яны дазваляюць навучэнцам і настаўніку кантраляваць час, тэмп і шлях навучання. А яшчэ тэхналогіі робяць магчымай групавую форму навучання, пры якой педагог становіцца арганізатарам вучэбных сітуацый развіццёвага тыпу і стварае ўмовы для супрацоўніцтва і цеснага ўзаемадзеяння ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, — патлумачыла Р.І.Мішына.

Для гэтай настаўніцы вельмі важна, каб кожны ўрок меў сваю эфектыў­насць. Гэтай мэты Рыта Іванаўна дасягае праз спалучэнне традыцыйных методык і новых тэхналогій. Яна пераканана: у навучанні асноўным даведачным матэрыялам павінен быць падручнік, але заданні для яго педагогу неабходна прадумваць з улікам сучасных тэхналагічных рэалій.

— Урок будзе эфектыўным, калі ён напоўнены актыўнай пошукавай і творчай працай, калі ў канцы навучэнцы змогуць усвядоміць, што вынікам стала няхай невялікае, але іх уласнае адкрыццё. Для мяне важна таксама, каб вучні падчас заняткаў набывалі не толькі веды, а і практычныя ўменні, якія спатрэбяцца ім у далейшым жыцці, — заўважыла Р.І.Мішына.

Па яе меркаванні, залог паспяховага ўрока — вучнёўская матывацыя і спрыяльная, добразычлівая атмасфера ў класе. Рыта Іванаўна ўпэўнена: у кожнага пакалення навучэнцаў свае каштоўнасці і арыенціры. Але задача педагога — знайсці вучнёўскую матывацыю і правільна яе выкарыстоўваць. Толькі такім чынам можна павысіць зацікаўленасць і прадукцыйнасць навучання.

— Не менш значны аспект — паразуменне паміж настаўнікам і вучнямі. Асабіста для мяне мае навучэнцы — галоўныя дзеючыя асобы, а я на ўроку — арганізатар супрацоўніцтва з імі. Заўсёды тлумачу навучэнцам, што трэба быць цярплівымі адно да аднаго, гатовымі да разумення і суперажывання. Вядома, часам узнікае праблема разрыву паміж пакаленнямі. Але я імкнуся быць на адной хвалі з моладдзю, бо разумею, што пакаленне, якое вучыцца цяпер за партамі, — гэта наша будучыня. У іх ёсць свае інтарэсы, свае куміры і свая сістэма каштоўнасцей. Таму і на занятках, і падчас пазаўрочнай дзейнасці галоўнае для мяне — знайсці баланс паміж правільным выхаваннем дзяцей і іх інтарэсамі, каб, калі стануць дарослымі, яны змаглі прыносіць сапраўдную карысць сваёй краіне, — адзначыла Р.І.Мішына.

Рыта Іванаўна асаблівую ўвагу ­ўдзяляе рабоце з адоранымі навучэнцамі. Настаўніца распрацавала ўласны эфектыўны алгарытм працы. Асноўным яна бачыць стварэнне ўмоў, пры якіх навучэнцы могуць развіваць свае здольнасці. Аднак прытрымліваецца думкі, што волю дзяцей нельга абмяжоўваць.

— Разумовыя і творчыя імкненні трэба накіраваць у правільнае рэчышча, але пры гэтым не спрабаваць навязаць вучню сваё бачанне свету, — падкрэсліла Р.І.Мішына.

Наогул, на думку педагога, дзяцей без здольнасцей не бывае. Бываюць дзеці з няправільнай матывацыяй.

— Мая настаўніцкая задача — зразумець, чаго на самай справе хо­чуць навучэнцы, і на аснове гэтага сфарміраваць для іх адпаведнае развіццёвае асяроддзе. Я ніколі не дакараю вучняў за памылкі і няўдачы. На гэта арыентую і бацькоў. Значна лепш, калі нашы навучэнцы будуць вучыцца не на чужых, а на сваіх памылках, каб потым не паўтарыць іх у сваім дарослым жыцці, — лічыць Рыта Іванаўна.

Для падрыхтоўкі вучняў да алімпіяд і конкурсаў Р.І.Мішына распрацавала сістэму тэстаў па ўсіх тэмах гістарычнага курса, цыкл практыка-кампетэнтнасных заданняў. Для кожнага навучэнца яна шукае і распрацоўвае свой шлях да поспеху. І такі падыход прыносіць адпаведныя вынікі. Вучні Рыты Іванаўны — пастаянныя пераможцы разнастайных даследчых конкурсаў, Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі на розных узроўнях.

Разам са сваімі навучэнцамі Р.І.Мішына скіравана на пакарэнне яшчэ больш значных вучэбных вышынь. Рыта Іванаўна знаходзіцца ў нястомным творчым пошуку і прафесійным развіцці. У яе планах — засваенне новых адукацыйных тэхналогій, працяг удасканалення педагагічнага майстэрства.

— Імкнуся ісці ў нагу з часам, адпавядаць запытам і патрэбам сваіх вучняў. Бо яны — маё галоўнае дасягненне. Мне вельмі прыемна бачыць іх шчаслівыя вочы, калі яны прыхо­дзяць да мяне на ўрок, прыемна чуць словы падзякі ўжо ад выпускнікоў. Асаблівая мая радасць — тое, што 12 маіх выпускнікоў выбралі прафесію настаўніка гісторыі. Сёння яны — настаўнікі сярэдніх школ, выкладчыкі сярэдніх спецыяльных устаноў і ўстаноў вышэйшай адукацыі не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Украіне, — расказала Р.І.Мішына.

Рыта Іванаўна Мішына не толькі цудоўны педагог, але і жыццярадасны, рознабаковы чалавек. У вольны час яна апантана чытае, а яшчэ захапляецца кулінарыяй, вельмі любіць збі­раць ра­зам за агульным сталом сваю вялікую сям’ю і шматлікіх сяброў.

Р.І.Мішына карыстаецца вялікай павагай у школьным калектыве. Яе шчыра любяць і паважаюць калегі і навучэнцы. А яна нястомна імкнецца да таго, каб працэс засваення ведаў прыносіў вучням задавальненне. Не шкадуе сваіх душэўных сіл, каб дапамагчы дзецям стаць не толькі адукаванымі, але і добрымі, паспяховымі людзьмі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва Р.І.Мішынай.