У партнёрстве і з поспехамі. Як у гімназіі № 2 Ваўкавыска вывучаюць кітайскую мову

- 12:22Образование: Беларусь — Китай

У гімназіі № 2 Ваўкавыска кітайскую мову вывучаюць каля сотні школьнікаў. А знаёміць іх з цікавым прадметам педагог, якая пра Паднябесную ведае не па чутках. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Важная ацэнка

У 2019 годзе да прапановы кіраўніцтва гімназіі прайсці перападрыхтоўку настаўніца англійскай мовы Алена Сазон аднеслася з насцярожанасцю. Аднак ужо на старце гэтага пачынання зразумела: усё, што ні робіцца, — да лепшага.

— З галавой паглыбілася ў вывучэнне кітайскай мовы. Гэта вельмі цікавая галіна ведаў, у якой практычна няма меж. Толькі іерогліфы можна вывучаць усё жыццё і пры гэтым заўсёды заставацца менш чым на палове шляху, — гаворыць Алена Валер’еўна.

Яна прыгадвае, што падчас яе вучобы ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце ва ўстановах адукацыі краіны толькі-толькі пачалі з’яўляцца кабінеты кітайскай мовы і класы Канфуцыя. І ў пачатку 2000-х гэты новы напрамак педагагічнай дзейнасці здаваўся ёй занадта далёкім. Але час распарадзіўся інакш. Пасля курсаў пры РІКК БДУ ўпершыню як настаўніца кітайскай мовы Алена Валер’еўна з вялікім хваляваннем увайшла ў вучэбны клас гімназіі № 2 Ваўкавыска. А сёння з упэўненасцю яна вядзе навучэнцаў 3—7 класаў да новых вяршынь у вывучэнні мовы Паднябеснай.

— Некаторыя вучні паспелі пакарыць другі ўзровень міжнароднага іспыту YCT, — працягвае суразмоўніца. — З году ў год яны актыўна ўдзельнічаюць у конкурсах і мерапрыемствах, арганізаваных Рэспубліканскім інстытутам кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ.

У бягучым навучальным годзе гімназія была адзначана Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Чжан Вэньчуанем як узорная па выкладанні кітайскай мовы.

Адпаведныя пасведчанне і памятны знак у лістападзе былі ўручаны дырэктару гімназіі Аляксандру Лічыку на цырымоніі ўзнагароджання найлепшых у вывучэнні кітайскай мовы школьнікаў і студэнтаў Беларусі за 2024 год.

— Любая ацэнка працы — гэта заўсёды прыемна і ганарова. І ў дадзеным выпадку яна стала магчымай дзякуючы адукацыйнаму партнёрству. На базе нашай гімназіі дзейнічае цэнтр вывучэння кітайскай мовы і культуры Інстытута кітаязнаўства БДУ. З 2021 года цэнтр і гімназія супрацоўнічаюць з сярэдняй школай № 1 правінцыі Хэнань. Сёння аналагічнае парт­нёрства наладжана з Далянскім політэхнічным універсітэтам. Ключавым напрамкам сумеснай дзейнасці з’яўляецца папулярызацыя кітайскай і беларускай моў у кантэксце прасторы абедзвюх краін, а таксама вывучэнне кітайскай, беларускай і рускай моў прадстаўнікамі навучальных устаноў або­двух бакоў, — адзначыў Аляксандр Лічык.

Новы ўзровень

Мінулым летам Алена Сазон прайшла двухтыднёвую моўную стажыроўку ў Далянскім політэхнічным універсітэце.

— Кожны год вучні, з якімі толькі пачынаю працаваць, цікавяцца, ці была я ў Кітаі. Упершыню ў гэтым навучальным го­дзе я адказала “так”. Для дзяцей гэта яшчэ адзін важны момант ва ўспрыманні педагога як аўтарытэтнай крыніцы ведаў, — дзеліцца Алена Валер’еўна.

Цяпер па кожнай новай тэме заняткаў яна падтрымлівае цікавасць вучняў яшчэ і здымкамі са сваёй камандзіроўкі. Пры гэтым успамінамі і ўражаннямі дзеліцца не адразу. Напрыклад, падчас вывучэння лексікі па тэме “Прадукты і стравы” педагог заканчвае заняткі фармулёўкай, якая дапамагае ўтрымліваць цікавасць школьнікаў да наступнай сустрэчы: “Урок пачну з размовы пра тое, што я даведалася пра кухню Кітая падчас свайго знаходжання ў краіне перадавых тэхналогій”.

Галоўнымі кампанентамі паспяховага ўрока Алена Валер’еўна лічыць настрой вучняў, ступень іх зацікаўленасці, узровень разумення тэмы. Педагог упэўнена, што поспех у вывучэнні кітайскай мовы прыходзіць толькі да тых, хто гатовы інвесціраваць у веды свой час і намаганні.

І бацькам малодшых школьнікаў адразу раю падтрымліваць цікавасць дзяцей да гэтай справы,  — падкрэслівае Алена Сазон.

Сакрэты вучнёўскай цікавасці

Педагог лічыць, што вельмі важна ўтрымаць цікавасць вучня, калі ён сустракаецца з першымі рэальнымі цяжкасцямі ў вывучэнні мовы Паднябеснай. Гэты перыяд супадае з пераходам у старшую школу. Да 5 класа да кожнага іерогліфа ў падручніках ёсць суправаджальны тэкст — піньінь. Каб зразумець напісанае, дастаткова ведаць лацініцу. Далей справы ідуць крыху інакш, і тут ужо не абысціся без добрага багажу ведаў.

— Утрымліваць цікавасць дзяцей падчас заняткаў дапамагаюць яркая нагляднасць і выкарыстанне гульнявых метадаў на ўроках, — дадае педагог. — Гэта інтэрактыўныя заданні ў спалучэнні з культурнымі аспектамі і абыгрыванне лексікі гісторыямі з жыцця кітайскага народа. Знаёмячы малодшых школьнікаў са словам “груша”, гавару, што гэты фрукт у Кітаі не прынята дзяліць з кімсьці яшчэ, бо слова па сваім вымаўленні сугучнае са словам “расставанне” — “лі”.

Педагог адзначае, што важную ролю на шляху да ведаў адыгрывае атмасфера ў класе. У гэтым плане гімназістам вельмі пашанцавала. Вучэбны клас тэматычна аформлены, і кожны добра ведае, якія словы пры ўваходзе ў яго адлюстраваны ў іерогліфах на сцяне: “Век жыві, век вучыся”.

Да таго ж вучні Алены Сазон актыўна ўдзельнічаюць у школьных і раённых алімпіядах. З улікам таго, што старэйшыя кітая­знаўцы вучацца ў 7 класе, на абласны ўзровень пакуль не заяўляюцца. Разам з тым яны паспяхова здаюць міжнародны іспыт для школьнікаў на валоданне кітайскай мовай. У мінулым годзе адзін з пяцікласнікаў набраў 200 з 200 магчымых балаў.

Знаўцы кітайскай мовы прадстаўля­юць установу адукацыі не толькі на спаборніцт­вах інтэлектуалаў. У мінулым годзе творчы нумар гімназістаў з Ваўкавыска быў адзначаны ў БДУ падчас кітайскага свята ліхтарыкаў. Ужо стаў традыцыйным удзел вучняў у штогадовым конкурсе кітайскай каліграфіі на базе Рэспубліканскага інсты­тута кітаязнаўства.

— У межах гімназіі рэгулярна арганізоўваем майстар-класы па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”. Напрыклад, сямікласнікі вучаць малодшых пісаць на рысавай паперы. Усё гэта прыводзіць да таго, што з кожным годам усё больш дзяцей у нашай установе адукацыі хоча асвойваць кітайскую мову, — працягвае суразмоўніца.

Знаёмства з мовай Паднябеснай у гімназіі № 2 Ваўкавыска пачалося з аб’яднання па інтарэсах. Сёння гэты прадмет — адзін з асноўных у раскладзе амаль сотні вучняў. Гімназія ўвогуле вылучаецца з агульнапрынятага кантэксту вывучэння замежных моў. Калі ў большасці школ краіны вучні спасцігаюць асновы англійскай мовы, то тут такога прадмета нават няма ў раскладзе. Як факультатыў яна выкладаецца выключна вучням старшых класаў, якія перайшлі ў гімназію з іншых школ, дзе вывучалі анг­лійскую. Менавіта як прадмет у гімназіі вывучаюць іспанскую, французскую і кітайскую мовы.

Сяброўства ў справе

З Далянскім політэхнічным універсітэтам у гімназіі № 2 Ваўкавыска добра знаёма не толькі Алена Сазон.

Па словах дырэктара гімназіі, летась універсітэт праводзіў двухтыднёвы анлайн-лагер для гімназістаў. Ён стаў выдатнай магчымасцю для ўдасканалення моўных навыкаў дзяцей падчас размоў з носьбітамі мовы.

— І гэта яшчэ адзін вынік нашага цеснага супрацоўніцтва з Інстытутам кітаязнаўства ў інтарэсах вучняў, — падкрэслівае Аляксандр Лічык.

Зрэшты, удасканальваюць свае веды аб Паднябеснай у гімназіі і прадстаўнікі кіраўніцкай каманды. У мінулым годзе намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ірына Плюта стала ўдзельніцай агульнарэспуб­ліканскай дэлегацыі ў Кітай і на свае вочы ўбачыла, па якіх прынцыпах і правілах будуецца работа сістэмы адукацыі гэтай краіны.

Мы наведалі Пекін і Далянскі політэхнічны ўніверсітэт, які ўяўляе сабой значна шырэйшае паняцце, чым проста вышэйшая школа. Ва ўніверсітэце арганізавана работа пачатковай і старшай школ, — расказвае Ірына Аркадзьеўна.

Сярод момантаў, якія ўразілі, — адукацыя на далоні ў літаральным сэнсе слова. Падчас экскурсіі па школе госці бачылі ўсё, што адбывалася ў вучэбных кабінетах, праз панарамнае шкло.

— У некаторых класах адначасова працавалі адразу два педагогі. Мы заканамерна пацікавіліся незвычайнай практыкай. Аказалася, што ў школе Далянскага ўніверсітэта так выглядае інстытут настаўніцтва. Працуе ў класе малады педагог, а старэйшы калега ўключаецца ў працэс, як толькі разумее, што патрэбна яго дапамога, — дзеліцца ўспамінамі Ірына Плюта.

Сярод выхаваўчых момантаў, якія запомніліся, — практыкі пат­рыятычнага выхавання і прыпынкі рухальнай актыўнасці, якія доўжацца паўгадзіны.

— Толькі ўявіце, адны і тыя ж практыкаванні адначасова выконваюць каля трох тысяч чалавек. І гэта толькі вучні пачатковай школы, якая ў Кітаі аб’ядноўвае дзяцей з 1 па 6 клас, — адзначае Ірына Аркадзьеўна.

Дарэчы, пасля таго як Ірына Плюта пабывала ў Паднябеснай, у гімназіі № 2 Ваўкавыска арганізавалі праект рухавых і творчых перапынкаў “Піянеры — дзецям”, “БРСМ — дзецям”, “Педкласы — дзецям”. Актыўныя мерапрыемствы для вучняў пачатковай школы прадумваюць старэйшыя гімназіс­ты і, як правіла, пад музыку ў крыле пачатковай школы арганізоўваюць адзін-два актыўныя перапынкі.

— З прыходам цёплага надвор’я паспрабуем пашырыць гэты праект на ўсю школу і такія перапынкі ў руху праводзіць на свежым паветры каля ўстановы адукацыі, — дзеліцца цікавай ідэяй Аляксандр Лічык.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара