У плыні эксперымента і інавацый

- 9:40Адукацыйная прастора

Днямі ў Рэспубліканскім інстытуце прафесійнай адукацыі адбылася нарада, прысвечаная тэме павышэння эфектыўнасці выхаваўчай работы ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі з улікам эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці. У сустрэчы прымалі ўдзел 170 чалавек, у ліку якіх былі прадстаўнікі РІПА, педагогі ўстаноў ПТА і ССА, спецыялісты вучэбна-метадычных цэнтраў прафесійнай адукацыі, абласных інстытутаў развіцця адукацыі, якія ажыццяўляюць і суправаджаюць эксперыментальную і інавацыйную дзейнасць у сферы выхавання. Анлайн-трансляцыя вялася з 70 пляцовак, арганізаваных па ўсёй тэрыторыі краіны.

Падчас сустрэчы.

Аксана Сяргееўна Папова, прарэктар па навукова-метадычным забеспячэнні выхаваўчай работы РІПА, док­тар псіхалагічных навук, прафесар, у сваім уступным слове звярнула ўвагу на значнасць правядзення эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці ў сферы выхавання як неабходным складніку фарміравання асобы навучэнцаў, станаўленні іх як прафесіяналаў у працоўнай дзейнасці. Сёння працэс выхавання патрабуе механізмаў, якія нясуць навізну і актуальнасць, а ра­зам з гэтым з’яўляюцца больш дзейснымі ў сучасных умовах. Гэтаму спрыяе эксперыментальная і інавацыйная дзейнасць, якая актыўна праводзіцца ў навучальных установах прафесійнай адукацыі.

Аксана Сяргееўна адзначыла, што сёлета ў сферы выхавання рэалізуецца 9 эксперыментальных і 4 інавацыйныя праекты на 43 пляцоўках, размешчаных ва ўстановах ПТА і ССА розных рэгіёнаў краіны. Тэматыка праектаў прысвечана фарміраванню інфармацыйнай культуры навучэнцаў, каштоўнасных адносін да жыцця, экалагічнага выхавання, працоўнай культуры і інш. У ходзе правядзення нарады быў прадстаўлены вопыт устаноў прафесійнай адукацыі па апрабацыі мадэлі прафесійна-псіхалагічнай адаптацыі будучых спецыялістаў на аснове ўзаема­дзеяння з заказчыкамі кадраў, iндывiдуальнай прафiлактычнай работы з навучэнцамі ў рамках сацыяльнага партнёрства, аховы здароўя, дзейнасці навучэнскіх бізнес-кампаній як патэнцыялу фарміравання эканамічных кампетэнцый, карпаратыўнай культуры і іміджу прафесіі.

Пра асаблівасці рэалізацыі і ўкаранення вынікаў эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці ва ўстановах прафесійнай адукацыі расказала В.А.Салаўёва, намеснік начальніка цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння выхаваўчай работы РІПА, кандыдат педагагічных навук.

Як адзначыла Вольга Аляксееўна, для эфектыўнага прыцягнення навучэнцаў у мэтазгодную, змястоўную дзейнасць неабходны багаты арсенал форм і метадаў выхаваўчага ўздзеяння, які здольны актывізаваць нашых выхаванцаў. Правядзенне эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці ў сферы выхавання дазваляе правесці аналіз існуючых практык, распрацаваць і ўкараніць новыя падыходы ў фарміраванні творча развітой, сацыяльна адаптаванай і сацыяльна актыўнай асобы. Якасць рэалізацыі эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці наўпрост залежыць ад ступені гатоўнасці педагагічнага калектыву да ажыццяўлення таго ці іншага праекта. Размова ідзе пра ўзровень сфарміраванасці неабходных кампанентаў: матывацыйнага — імкнення ажыццяўляць інавацыйную дзейнасць; метадалагічнага — валодання канцэптуальнымі і тэарэтычнымі асновамі даследчай дзейнасці, арыентацыяй у сучасных падыходах да вырашэння педагагічных праблем, наяўнасці ўласных падыходаў; тэхналагічнага — умення выб­раць інавацыйную і даследчую тэмы, скласці праграму эксперыментальнай работы, валодаць методыкай распрацоўкі аўтарскіх праграм, разнастайнымі спосабамі ўвядзення новых прыёмаў, дыягностыкай і методыкай адсочвання вынікаў эксперыментальнай і інавацыйнай работы; рэфлексіўнага — здольнасцю да самааналізу сваёй дзейнасці, вызначэння на гэтым фоне мэт і задач эксперыментальнай работы. Калі вынікі эксперымента пацвердзілі сваю педагагічную эфектыўнасць, трэба ўкараніць тую ці іншую мадэль у шырокую практыку дзейнасці ўстаноў прафесійнай адукацыі, распаўсюджваць інавацыйны вопыт у тым ліку праз электронныя носьбіты, друкаваныя метадычныя выданні, мерапрыемствы. Як падкрэсліла В.А.Салаўёва, пры гэтым важна данесці сутнасць мадэ­лі, навізну эксперымента, выкарыстанне яго на практыцы. У ходзе распаўсюджвання інавацыйнага педагагічнага вопыту неабходна азнаёміць педагогаў з перавагамі новых метадаў і прыёмаў і паказаць іх у дзеянні, у тым ліку ў час курсаў, семінараў, практыкумаў. Асноўныя вынікі эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці публікуюцца ў часопісе “Прафесійная адукацыя”. Адпаведныя метадычныя распрацоўкі можна знайсці ў электронных часопісах “Выхаванне. Асоба. Прафесія”, “Майстэрства-анлайн”. На сайце РІПА рэгулярна папаўняецца база сучасных форм выхавання.

А.С.Папова.

На падставе вынікаў эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці ўносяцца прапановы ў інструктыўна-метадычныя пісьмы да пачатку навучальнага года, у праграму бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі на 2021—2025 гады. Вопыт эксперыментальных пляцовак трансліруецца на курсах павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў.

Пра ўкараненне ў Капыльскім дзяржаўным каледжы мадэлі дзейнасці навучэнскіх бізнес-кампаній з мэтай фарміравання эканамічных кампетэнцый навучэнцаў расказала Н.У.Кудзелка, намеснік дырэктара каледжа па выхаваўчай рабоце.

— Адной з галоўных задач нашай дзейнасці з’яўляецца стварэнне ўмоў для стымулявання развіцця прадпрымальнасці і творчага патэнцыялу асобы, гатоўнасці моладзі да рэалізацыі сваіх творчых памкненняў, — адзначыла Наталля Уладзіміраўна. — Фарміраванне прадпрымальнасці і эканамічных кампетэнцый у нашых выхаванцаў садзейнічае развіццю інавацыйнай дзейнасці, стымулюе дзелавую актыў­насць. Метадычная канцэпцыя інавацыйнага праекта грунтуецца на практыка-арыентаваным падыходзе, — заўважыла Наталля Уладзіміраўна. — Яго сутнасць заключаецца ў тым, што ў цэнтры ўвагі знаходзіцца навучэнец, які атрымлівае неабходныя веды пры вывучэнні адпаведнай сферы дзейнасці, а ў далейшым ён уключаецца ў практыку, непасрэдна ў работу навучэнскай бізнес-кампаніі, дзе можна ажыццяўляць рэальную прадпрымальніцкую і эканамічную дзейнасць.

Само фарміраванне прадпрымальнасці і эканамічных кампетэнцый у выхаванцаў каледжа адбываецца пры вывучэнні вучэбнага прадмета “Эканоміка”, у пазавучэбны час пры арганізацыі работы бізнес-кампаніі, дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах, правядзенні рознага кшталту мерапрыемстваў, узаемадзеянні з педагагічным калектывам, праз дзейнасць Цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва, створанага на базе каледжа. Н.У.Кудзелка расказала, што пры рэалізацыі эксперыментальнага праекта праводзіліся разнастайныя мерапрыемствы, скіраваныя на фарміраванне прадпрымальнасці і эканамічных кампетэнцый у навучэнцаў. У ліку іх — стартап-форум “Патэнцыял маладзёжнага прадпрымальніцтва”.

Мерапрыемства дало старт унікальнаму абласному праекту “Прадпрымальніцкая ініцыятыва, фінансавая дасведча­насць, сучасная адукацыя: новыя драйверы эканомікі”. У выніку інавацыйнага праекта ў каледжы рэалізуецца новы напрамак дзейнасці бізнес-кампаніі — аграэкатурызм. Навукова-практычны семінар у рамках інавацыйнага праекта, які запланаваны на найбліжэйшы час, будзе прысвечаны новаму кірунку развіцця сядзібы: апі- і фітатэрапіі.

Як паведаміла намеснік дырэктара каледжа, цяпер інавацыйны праект знаходзіцца ў стадыі абагульнення. Прааналізаваўшы і падагульніўшы навукова-тэарэтычныя даследаванні і навукова-педагагічныя падыходы да фарміравання прадпрымальнасці і эканамічных кампетэнцый, можна зрабіць выснову аб тым, што інавацыйная дзей­насць спрыяе павышэнню прафесійнай кампетэнтнасці ўдзель­нікаў праекта, фарміраванню ўсебакова развітой, творчай асобы. Праект — гэта набыццё прафесійных кампетэнцый, неабходных як для прафесійнага развіцця і станаўлення будучых рабочых, так і для паспяховай сацыялізацыі ў грамадстве, падкрэсліла Н.У.Кудзелка.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Гомельскага прафесійнага тэхналагічнага ліцэя В.С.Хандакова паведаміла пра ўкараненне мадэлі фарміравання карпаратыўнай культуры і іміджу прафесіі ва ўстанове прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

В.А.Салаўёва.

— Укараненне мадэлі фарміравання карпаратыўнай культуры і іміджу прафесіі неабходна як для аптымізацыі адукацыйнага працэсу ў прафесійным ліцэі, так і для павышэння эфектыўнасці прафесійнай дзейнасці маладых спецыялістаў на прадпрыемствах і ў арганізацыях, прафесійнай адаптацыі на вытворчасці будучых рабочых кадраў, — падкрэсліла Вольга Сяргееўна.

Важнае месца ў стварэнні іміджу прафесіі займае прафарыентацыйная работа. У ходзе інавацыйнай дзейнасці яна была мадэрнізавана ў ліцэі з мэтай павышэння прэстыжу рабочых прафесій. У ліцэі выкарыстоўваюцца як традыцыйныя, так і новыя шляхі суправаджэння школьніка — абітурыента — навучэнца.
— Ад якасці прафарыентацыйнай работы залежыць, якім будзе кантынгент навучэнцаў у нашым ліцэі, з якім аб’ёмам ведаў і якой матывацыяй прыйдзе выпускнік школы ў ліцэй, — адзначыла В.С.Хандакова. — Ад гэтага залежыць яго далейшае наву­чанне, кваліфікацыйныя якасці, канкурэнтаздольнасць і магчымасць адапта­цыі на рынку працы. У сувязі з гэтым мы паспрабавалі стварыць сістэму прафарыентацыйнай работы, эфектыўнай для фарміравання актыўнай, сацыяльна-адказнай, усебакова развітой асобы спецыяліста, запатрабаванага на рынку працы.

У ліцэі адкрыты прафарыентацыйны цэнтр. У ім сабрана інфармацыя аб прафесіях, па якіх вядзецца падрыхтоўка ў ліцэі, кваліфікацыйныя характарыстыкі па прафесіях, інфармацыя аб рабоце гурткоў і спартыўных секцый, аб супрацоўніцтве ліцэя з грамадскімі арганізацыямі, з заказчыкамі кадраў. На працягу года абітурыен­ты і іх бацькі звяртаюцца ў прафарыентацыйны цэнтр, дзе майстры вытворчага навучання і выкладчыкі спецдысцыплін дапамагаюць вучням школ у выбары прафесіі. Прафарыентацыйны цэнтр дае магчымасць вызначыць дзецям прафесійныя інтарэсы, схільнасці, здольнасці, знайсці менавіта тую прафесію, якая адпавядае індывідуальна-псіхалагічным асаблівасцям і магчымасцям школьнікаў. У прафарыентацыйным цэнтры сфарміравана ініцыятыўная група навучэнцаў. Відавочна, што ні адзін выкладчык або майстар вытворчага навучання не можа прадставіць вучобу ў ліцэі так, як самі навучэнцы. Ініцыятыўная група ажыццяўляе збор і аналіз інфармацыі аб будучых выпускніках 9 і 11 класаў, збірае звесткі ў работадаўцаў аб патрэбнасці ў кваліфікаваных кадрах, вызначаецца стан спраў на рынку працы. Удзель­нікі ініцыятыўнай групы падрыхтавалі даведачны матэрыял пра ліцэй: буклеты, памяткі абітурыенту, відэаролікі і прэзентацыі аб прафесіях, правілах паступлення ў ліцэй, кваліфікацыйныя характарыстыкі прафесій. Навучэнцы самі ствараюць прэзентацыі аб прафесіях, якім вучаць у ліцэі. Яны разглядаюць гісторыю прафесіі, даследуюць сферу яе прымянення, умовы працы, прафесійныя рызыкі, складаюць рэйтынг патрэбы ў прафесіі па рэгіёне — право­дзяць вялікую даследчую работу. Таксама разам з педагогамі навучэнцы право­дзяць займальныя экскурсіі па ліцэі, якія аказваюць уплыў на фарміраванне цікавасці да прафесіі, паколькі спалучаюць у сабе нагляднасць і даступнасць успрымання інфармацыі, што ўрэшце дазваляе зрабіць правільны выбар. Для выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання арганізоўваюцца вучэбныя семінары, дзе яны знаёмяцца з прафесіямі, набор па якіх будзе весціся ў чарговую прыёмную кампанію, асаблівасцямі прафарыентацыйнай работы са школьнікамі, кваліфікацыйнымі характарыстыкамі прафесій і прафесія­грамамі для ўдасканалення прафарыентацыйнай работы.

У ходзе нарады прагучалі выступленні па рэалізацыі праектаў іншай тэматыкі. Пра апрабацыю мадэлі прафесійна-псіхалагічнай адаптацыі будучых спецыялістаў сферы абслугоўвання на аснове ўзаема­дзеяння з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў расказала Л.С.Стрэчына, метадыст Мінскага прафесійна-тэхнічнага каледжа гандлю. В.А.Падаляк, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Полацкага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, падзялілася папярэднімі вынікамі апрабацыі мадэлі індывідуальнай прафілактычнай работы з навучэнцамі ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў рамках сацыяль­нага партнёрства. Былі выпрацаваны рэкамендацыі для далейшай эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці.

Ала КЛЮЙКО.