У праграмісты — з 2 класа!

- 12:21Рознае, Якасць адукацыі

У бізнес-інкубатары Парка высокіх тэхналогій прайшоў чарговы трэнінг па падрыхтоўцы настаўнікаў у рамках адукацыйнага праекта “Праграмаванне — другая пісьменнасць”. Прызначэнне мерапрыемства — аб’яднаць педагогаў у адзіную каманду наватараў з мэтай вывучэння асноў арганізацыі пазаўрочнай праектнай дзейнасці навучэнцаў на І і ІІ ступенях агульнай сярэдняй адукацыі з выкарыстаннем асяроддзя Scratch. У трэнінгу прынялі ўдзел настаўнікі інфарматыкі, матэматыкі, фізікі, а таксама педагогі дадатковай адукацыі, якія мелі адпаведны вопыт праграмавання ў асяроддзі Scratch і плануюць праводзіць у 2016/2017 навучальным годзе факультатыўныя заняткі для школьнікаў па адной з вучэбных праграм.

“Мы вучымся пісаць не для таго, каб стаць пісьменнікамі…”

З адукацыйным праектам “Праграмаванне — другая пісьменнасць”, яго мэтамі і задачамі ўдзельнікаў трэнінгу пазнаёміў намеснік дырэктара Парка высокіх тэхналогій Аляксандр Марцінкевіч. Ён расказаў і аб перспектывах у навучанні педагогаў.

“Да нас прыходзіць шмат лістоў ад педагогаў, якія жадалі б прайсці навучанне ў нас, — гаворыць Аляксандр Марцінкевіч. — Зразумела, што мы не можам ахапіць усіх жадаючых. Але ўжо ў кастрычніку мы плануем стварыць праграму, задача якой — масавае навучанне настаўнікаў. Настаўнікі ў анлайн-рэжыме змогуць атрымаць базавыя навыкі аб гэтым асяроддзі. Кожны зможа засвоіць іх самастойна, у прымальным для яго тэмпе, а пасля прайсці анлайн-экзамен. У выпадку яго паспяховага праходжання педагог будзе запрошаны на больш сур’ёзнае навучанне — методыцы выкладання праграмавання для дзяцей, якое будзе ажыццяўляцца на базе нашых партнёраў — рэгіянальных ІТ-акадэмій ПВТ, БДУІР, Мінскага і Магілёўскага абласных ІРА, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, БДПУ імя Максіма Танка”.

Майстар-клас па Scratch для педагогаў правёў Дзмітрый Арэхаў, кіраўнік групы распрацоўкі кампаніі ЭПАМ Сістэмз. Аб працэсе стварэння камп’ютарных гульняў расказаў Уладзімір Яцукевіч, вядучы гейм-дызайнер кампаніі Vizor Games. Крытэрыі ацэнкі творчых праектаў прадставіла намеснік дырэктара адукацыйнага цэнтра ПВТ Ірына Васільева.

Падчас заняткаў вядучыя спецыялісты ІТ-сферы абмеркавалі з педагогамі змест вучэбнай праграмы факультатыўных заняткаў. Так, навучэнцам 2—4 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі рэкамендуецца факультатыў “Творчая дзейнасць у асяроддзі праграмавання Scratch”. А для навучэнцаў 5—6 класаў — факультатыў “Стварэнне камп’ютарных гульняў на мове візуальнага праграмавання Scratch”.

Педагогі наведалі круглы стол з удзелам спецыялістаў, якія займаюцца навучаннем дзяцей у гэтай сферы, і падзяліліся адпаведна сваімі напрацоўкамі і ўражаннямі ад удзелу ў Scratch@MIT — 2016 — Міжнароднай канферэнцыі, якая прайшла ў жніўні ў Бостане (ЗША).

Кіраўнік праграмы карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці ЭПАМ Сістэмз Шамілька Самарасінха лічыць: “Мы вучымся пісаць не для таго, каб абавязкова стаць пісьменнікамі, і праграмаваць не для таго, каб стаць праграмістамі-прафесіяналамі. Для нас гэта яшчэ адзін інструмент, якім можна авалодаць. А за ім — будучыня, паколькі лічбавыя тэхналогіі распаўсюджваюцца вельмі актыўна. Адукацыя — адзін з важных складнікаў дзейнасці нашай кампаніі. Мы стварылі праграму EPAM e-Kids, у рамках якой дзяцей вучаць праграмаванню з выкарыстаннем асяроддзя Scratch. У нашым праекце прынялі ўдзел валанцёры-праграмісты кампаніі ЭПАМ Сістэмз. Праграму мы запусцілі ў ліпені мінулага года. Чаму мы выбралі менавіта гэтае асяроддзе? Таму што яго інтэрфейс перакладзены больш чым на 40 моў, ім карыстаюцца больш за 10 мільёнаў чалавек. Мы хацелі распаўсюдзіць нашу праграму не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах, дзе ў нас ёсць офісы. Асяроддзе Scratch стала ідэальным сродкам для работы з дзецьмі. Праграма працуе ў 6 краінах. У ёй удзельнічае больш за 600 дзяцей і 200 трэнераў-валанцёраў. Мы цесна супрацоўнічаем са Scratch Foundation, якая з’яўляецца распрацоўшчыкам Scratch. Гэтым фондам кіруе прафесар Мітчэл Рэзнік — адзін з галоўных архітэктараў гэтага асяроддзя.

Арганізатары канферэнцыі ў Бостане былі прыемна здзіўлены тым, што наша кампанія займаецца навучаннем дзяцей у Scratch. А мяне ў сваю чаргу здзівіла, што толькі ў 18 краінах праграмаванне ў той ці іншай ступені ўведзена ў школьную праграму. І ў Беларусі зараз атрымана згода Міністэрства адукацыі праводзіць са школьнікамі факультатыўныя заняткі ў гэтым кірунку ў асяроддзі Scratch”.

Спецыяліст па навучанні персаналу ЭПАМ Сістэмз трэнер (коўч) Аляксей Бурносенка падчас круглага стала паведаміў: “Першапачаткова Scratch быў распрацаваны для 18-гадовых студэнтаў-гуманітарыяў, якія вырашылі перакваліфікавацца і вывучыць праграмаванне. А ў выніку асяроддзе стала даступным і для малышоў. З пачатку запуску праграмы EPAM e-Kids я рыхтаваў трэнераў — валанцёраў-праграмістаў да работы з дзецьмі, вучыў, як выкладаць Scratch. На канферэнцыі ў Бостане слухаў выступленні людзей, якія дзяліліся вопытам прымянення Scratch, і ўпэўніўся, наколькі шырока асяроддзе можа прымяняцца. І ў сферы мастацтва, і ў культуры, і ў грамадскай дзейнасці. Напрыклад, каманда з Барселоны расказала аб тым, як яна выратоўвала мясцовы гарадскі парк ад закрыцця і суправаджала гэты працэс Scratch-эскізамі, у якіх рабіла яму рэкламу. А ў Японіі ёсць нават тэлевізійная перадача, прысвечаная навучанню дзяцей праграмаванню, і менавіта з выкарыстаннем Scratch”.

“У ходзе канферэнцыі мы адчулі, наколькі лепшы вынік ад нашай дзейнасці, калі наладжана супрацоўніцтва прадстаўнікоў бізнесу, акадэмічнага асяроддзя і школы, — адзначыў Дзмітрый Арэхаў. — Сярод удзельнікаў канферэнцыі было шмат выкладчыкаў са школ і ўніверсітэтаў, якія не былі першапачаткова праграмістамі, але сталі выкарыстоўваць Scratch — не толькі для таго, каб навучыць дзяцей праграмаванню, а перш за ўсё з мэтай развіцця іх мыслення, навучання майстэрству дызайну, мадэляванню і г.д. Выкладчыкі расказвалі, як пры дапамозе Scratch можна зрабіць наш свет больш разумным, прыгожым і крэатыўным”.

Аляксандр Кавалёў, аналітык ЭПАМ Сістэмз, расказаў: “На канферэнцыі была адна вельмі цікавая дзяўчынка, якая праз Scratch старалася адлюстраваць свае адчуванні свету, эмоцыі і выконвала цудоўныя работы з выкарыстаннем анімацыі, што выходзіла за межы звычайнага праграмавання. Для яе гэта была магчымасць выказаць сябе. Былі і дзеці з Кітая, дзе Scratch пачынаюць выкарыстоўваць з 4 гадоў”.

Вядучы інжынер-праграміст ЭПАМ Сістэмз Яўген Сахін таксама падзяліўся разважаннямі: “Праграмаванне сёння становіцца адным з важных навыкаў нашага жыцця, і не толькі для прафесіяналаў. Не за гарамі той час, калі мікрапрацэсар будзе ледзь не ў кожным гузіку. У першую чаргу да гэтай сферы неабходна прыцягваць педагогаў і бацькоў, яны могуць займацца з дзецьмі ў адпаведным кірунку, замест простага паглынання матэрыялу з інтэрнэту і захаплення камп’ютарнымі гульнямі вучыць іх праяўляць сваю крэатыўнасць”.

Як інтэграваць Scratch у беларускія школы? Як дзеці ўспрымаюць урокі праграмавання? Разважаюць педагогі, якія прынялі ўдзел у трэнінгу.

Наталля Курсава, настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 3 Рагачова, падзялілася: “Цудоўна, што з’явілася гэтае асяроддзе. Заняткі ў ім развіваюць розум дзяцей, рыхтуюць іх да жыцця, вучаць адказваць за свае ўчынкі. Scratch дазваляе знайсці вырашэнне многіх праблем. Гэта нібы акно ў вялікі свет”.

Алена Сіманкова, педагог дадатковай адукацыі Гомельскага дзяржаўнага абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі, сказала: “Шмат школьнікаў ходзяць да нас на заняткі, дзе мы выкладаем сучасныя мовы праграмавання, у нас наладжана супрацоўніцтва з кампаніяй ЭПАМ Сістэмз. Падчас трэнінгу я пераканалася, наколькі карысным Scratch можа быць для малодшых школьнікаў, але мяне зацікавіла, ці можа гэтае асяроддзе быць карысным для старшакласнікаў і ўвогуле для дарослых людзей. І ўпэўнілася, што тут няма абмежаванняў па ўзросце. Дарослы можа напісаць свае расшырэнні Scratch і дадатковыя блокі, якія павялічаць яго функцыянальнасць. Любыя канцэпцыі праграмавання можна выкладаць на Scratch”.

Настаўніца інфарматыкі гімназіі № 1 Брэста Ірына Гарбацэвіч падкрэсліла: “Кожны настаўнік інфарматыкі зможа навучыцца арыентавацца ў гэтым асяроддзі самастойна, дзякуючы наяўнасці ў свабодным доступе шматлікіх матэрыялаў і відэаўрокаў, спасылак. Але на трэнінгу нам паказалі новыя магчымасці асяроддзя. Для мне Scratch — гэта выяўленне новых талентаў дзяцей, здольных да праграмавання. Мяне, дарэчы, запрасілі на трэнінг пасля таго, як мой вучань Ягор Анісевіч, навучэнец 5 класа, атрымаў на Рэспубліканскім конкурсе “Праграмаванне ў асяроддзі Scratch” дыплом І ступені за адукацыйны праект “Вучымся праграмаваць з кацянём Царапкам”.

Таццяна Таранушчанка, настаўніца інфарматыкі і матэматыкі гімназіі № 22 Мінска, адзначыла: “Вельмі рада магчымасці навучыцца чамусьці новаму, ісці ў нагу з часам, быць крэатыўнай і пастаянна развівацца. У гэтым годзе планую праводзіць факультатыў па праграмаванні для навучэнцаў 5—6 класаў. Упэўнена, што ён будзе карыстацца вялікім попытам. Сярод школьнікаў колькасць жадаючых звязаць сваё жыццё з ІТ-сферай пастаянна расце”.

Scratch вучыць аналітычна думаць і заахвочвае творчае мысленне

Першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Анатольевіч Богуш падзяліўся з намі меркаваннем аб праекце “Праграмаванне — другая пісьменнасць” і перспектывах яго рэалізацыі.

— Вадзім Анатольевіч, у чым актуальнасць праекта “Праграмаванне — другая пісьменнасць”?

— Яна звязана з развіццём лічбавага грамадства. Сёння мы жывём у новых інфармацыйных умовах, у новых умовах працы. Пры гэтым каб быць паспяховым, мала быць звычайным карыстальнікам інфармацыйных тэхналогій. Неабходна ўмець эфектыўна працаваць з інфармацыяй, разумець адпаведныя працэсы і выбудоўваць іх. Вельмі запатрабаванымі становяцца навыкі, звязаныя з матэматычным, аналітычным мысленнем.

Словам, зараз гэтая тэма “гарачая” і папулярная. Яна цікавая моладзі. І яе можна выкарыстоўваць, каб вырашаць шырокі спектр задач сферы адукацыі. Без мадэрнізацыі сваёй працы і без таго, каб даведацца штосьці новае, напэўна, не ўяўляе сябе ні адзін педагог. Таму, калі Парк высокіх тэхналогій звярнуўся да нас з ідэяй арганізаваць адукацыйны праект “Праграмаванне — другая пісьменнасць”, мы яе падтрымалі. Разам папрацаваўшы над планам рэалізацыі, мы хутка зразумелі, што гэты праект стане вельмі добрым інструментам у дасягненні мэт, якія стаяць перад сістэмай адукацыі. Спецыфіка праекта такая, што ён дазваляе працаваць з дзецьмі з ранняга ўзросту, дапамагаючы іх развіццю.

— Чаму для навучання быў выбраны менавіта Scratch?

— Працуючы ў асяроддзі праграмавання Scratch, дзеці вучацца аналітычна думаць. Кожная праграма, якую яны разам з настаўнікам ствараюць, патрабуе ўмення ставіць задачы, высвятляць зыходныя даныя, вызначаць канкрэтныя крокі для дасягнення мэты. Атрыманыя школьнікамі навыкі лагічнага і сістэмнага мыслення спатрэбяцца ім незалежна ад тых прафесій, якія яны ў будучым выберуць. Scratch заахвочвае творчае мысленне, ён уцягвае дзяцей у пошук новых рашэнняў розных задач. Пры гэтым, што вельмі важна, ён дазваляе арганізаваць выкладанне ў займальнай форме.

— Што, на ваш погляд, паспрыяе поспеху праекта?

— Настаўнікі, якія былі падрыхтаваны ў ходзе праведзеных трэнінгаў, — праваднікі нашай ідэі ў жыццё. Вельмі важна аб’яднаць гэтых людзей у прафесійную супольнасць і пастаянна атрымліваць ад іх зваротную сувязь. Гэта дазволіць абменьвацца вопытам і ўдасканальваць курс факультатыўных заняткаў па навучанні праграмаванню ў асяроддзі Scratch. У эфектыўным узаемадзеянні з удзельнікамі, напэўна, і ёсць залог поспеху любога адукацыйнага праекта. Таксама вельмі важна, каб была цікавасць да праекта ў педагогаў і жаданне ісці наперад у яго рэалізацыі разам з вучнямі. Хачу ад сябе асабіста сказаць вялікі дзякуй тым настаўнікам, якія праявілі такую цікавасць і ідуць далей па гэтым шляху.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.