У правядзенні экзітполаў у дзень выбараў будуць непасрэдна ўдзельнічаць не менш як тры арганізацыі

- 15:12Выбары 2015

Аб’ектыўны вынік пры правядзенні экзітполаў у дзень выбараў можна атрымаць толькі пры выкананні інтэрв’юерамі пэўнай працэдуры. Такое меркаванне выказаў дырэктар Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта доктар сацыялагічных навук, прафесар Давід Ротман у эфіры праграмы “Контуры” тэлеканала АНТ.

“На выхадзе з выбарчых участкаў будуць знаходзіцца прадстаўнікі сацыялагічных службаў. Іх павінна быць тры чалавекі – два інтэрв’юеры і адзін старшы. У кожнага павінен быць бэйдж з пазначэннем арганізацыі, якую ён прадстаўляе. Пры адборы рэспандэнтаў неабходна апытваць не ўсіх запар, а выбіраць людзей згодна з формулай”, – сказаў Давід Ротман.
Ён адзначыў, інтэрв’юеры не могуць ні з кім размаўляць на пабочныя тэмы і адказваць на чые-небудзь пытанні. Больш таго, яны не маюць права знаходзіцца ўнутры выбарчага ўчастка: пасля прадстаўлення кіраўніку ўчастковай выбарчай камісіі ў 7.45 ім неабходна будзе выйсці на прыступкі, адлічыць 30-40 крокаў і стаяць там, не бліжэй і не далей.
Дырэктар Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ падкрэсліў, што акрэдытацыя, якую атрымалі шэсць сацыялагічных структур для правядзення апытанняў па прэзідэнцкіх выбарах і грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі, перш за ўсё прадугледжвае высокі навуковы ўзровень сацыялагічнай структуры.
Як паведамлялася, акрэдытацыю атрымалі Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі Прэзідэнта, Магілёўскі інстытут рэгіянальных сацыяльна-палітычных даследаванняў, Цэнтр сацыялагічных і палітычных даследаванняў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Маладзёжная лабараторыя сацыялагічных даследаванняў Рэспубліканскага саюза грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі камітэт маладзёжных арганізацый”, а таксама Інстытут параўнальных сацыяльных даследаванняў “Еўразійскі барометр”.
Паводле слоў Давіда Ротмана, не менш як тры арганізацыі будуць удзельнічаць непасрэдна ў правядзенні экзітполаў у дзень выбараў. Паводле інфармацыі дырэктара Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ, гэта Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі, Маладзёжная лабараторыя сацыялагічных даследаванняў Рэспубліканскага саюза грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі камітэт маладзёжных арганізацый” і Інстытут параўнальных сацыяльных даследаванняў “Еўразійскі барометр”. Тыя, хто праводзіць апытанні, павінны мець адпаведныя бэйджы і дакументы.