У прыярытэце — натхненне і творчасць

- 11:24Адукацыйная прастора

На момант наведвання Вілейскага дзяржаўнага каледжа прыёмная кампанія ўжо набірала абароты, і ў асноўным з ліку выпускнікоў 9-х класаў. Адны прыязджалі ва ўстанову самастойна, іншыя — з бацькамі. Было відаць, што маладыя людзі, якія паступалі ў каледж, у асноўным выбралі прафесію ўсвядомлена, папярэдне яны дасканала вывучылі рынак працы, запатрабаванасць сваёй прафесіі і, безумоўна, матэрыяльныя бонусы.

На спецыяльнасць “Электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання; электраманцёр па эксплуатацыі размеркавальных сетак; вадзіцель аўтамабіля катэгорыі С” падалі заявы ажно 35 чалавек. Як расказала адказны сакратар прыёмнай камісіі майстар вытворчага навучання каледжа Святлана Пятроўна Баранава, на гэтую спецыяльнасць, згодна з планам, трэба набраць адну вучэбную групу. Але, як паказваюць папярэднія вынікі, усіх жадаючых прыняць немагчыма, таму набор будзе ажыццяўляцца па конкурсе.

Такая ж тэндэнцыя назіраецца пры фарміраванні групы па спецыяльнасці “Слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання; трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці; вадзіцель аўтамабіля катэгорыі С”. Заяў паступіла ўжо многа. Максімальны сярэдні бал пасведчання аб адукацыі паступаючых складае 7,9.

Намеснік дырэктара каледжа Святлана Генадзьеўна Мацецкая расказала, што сёлета ў каледжы адноўлены прыём на спецыяльнасць “Станочнік шырокага профілю; вадзіцель аўтамабіля катэгорыі С”. Гэта звязана з патрэбай у адпаведных кадрах Вілейскага завода аптычнага прыборабудавання, які з’яўляецца партнёрам і вытворцам прадукцыі для такіх прадпрыемстваў, як МАЗ, БелАЗ, МТЗ, а таксама з’яўляецца адзіным заводам-вытворцам медыцынскага вагавога абсталявання на тэрыторыі нашай краіны. Мадэрнізацыя вытворчасці на гэтым прадпрыемстве паўплывала на папаўненне працоўнага калектыву новымі кваліфікаванымі кадрамі, здольнымі працаваць на высокатэхналагічным абсталяванні з лічбавым праграмным кіраваннем. Сёлета мяркуецца набраць па згаданай спецыяльнасці адну вучэбную групу.

У каледжы ажыццяўляецца прыём на інтэграваную спецыяльнасць “Швачка; цырульнік” і ўпершыню — “Агароднік; кухар”. Гэтыя прафесіі вельмі запатрабаваны сярод моладзі, таму прыём на іх ідзе даволі актыўна. Сфарміравана ўжо больш за палову вучэбных груп.

— Пры адкрыцці той ці іншай спецыяльнасці галоўнай умовай з’яўляецца патрэба ў кадрах сярод работадаўцаў і, адпаведна, працаўладкаванне нашых выпускнікоў, — паведаміла Святлана Генадзьеўна. — Таму перад тым, як адкрыць інтэграваную спецыяльнасць “Агароднік; кухар”, мы вывучалі попыт на рынку працы, звязваліся з заказчыкамі кадраў. Выпускнікоў чакаюць сховішчы для агародніны, парніковыя гаспадаркі не толькі нашага рэгіёна, але і сталіцы.

Тыя выпускнікі, якія паступаюць на аснове агульнай сярэдняй адукацыі, могуць выбраць спецыяльнасці “Слесар па рамонце аўтамабіляў; вадзіцель аўтамабіля катэгорыі С” і “Кухар”.

Традыцыйна ў Вілейскі дзяржаўны каледж прыходзіць вучыцца як мясцовая моладзь, так і іншагародняя. На некаторыя спецыяльнасці паступаюць падлеткі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і потым вучацца ў інтэграваных групах. У цэлым сёлета каледж набірае 181 чалавека, столькі ж было і ў мінулым годзе. На ступень сярэдняй спецыяльнай адукацыі прыём пачнецца крыху пазней. Ён будзе ажыццяўляцца на аснове прафесійна-тэхнічнай адукацыі па спецыяльнасцях “Тэхнік-электрык” і “Аўтамеханік”. Паступаць змогуць выпускнікі як Вілейскага дзяржаўнага каледжа, так і іншых навучальных устаноў ПТА.

Каледж мае вучэбную дапаможную гаспадарку, якая знаходзіцца ў маляўнічым месцы Нарачанскага краю — вёсцы Камарова Мядзельскага раёна, там жа размяшчаецца структурнае падраздзяленне навучальнай установы. Гаспадарка існуе не толькі для вырошчвання садавіны і агародніны для навучэнскай сталовай, але і для рэалізацыі праектаў па экалагічным земляробстве. Усе пачынанні, звязаныя з укараненнем экалагічных тэхналогій вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, прымяняюцца на практыцы.

Дырэктар каледжа І.С.Кіцікаў, загадчык філіяла М.І.Ігнаценка ў партнёрстве з грамадскім аб’яднаннем “Цэнтр экалагічных рашэнняў” распрацавалі тэхналогію падрыхтоўкі кампостаў, якія выкарыстоўваюцца ў біялагічным земляробстве для вытворчасці экалагічна чыстых прадуктаў харчавання. Сутнасць тэхналогіі — ва ўтылізацыі адходаў жывёлагадоўлі з выкарыстаннем спецыяльных чарвякоў.

Для рэалізацыі дадзенай тэхналогіі распрацаваны праект “Садзейнічанне мясцоваму развіццю шляхам стварэння ўстойлівай дэманстрацыйнай пляцоўкі па ўтылізацыі адходаў жывёлагадоўлі на базе вучэбнай дапаможнай гаспадаркі Вілейскага дзяржаўнага каледжа”, які быў прадстаўлены на 1-м конкурсе мясцовых ініцыятыў у рамках праекта ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”. Праект каледжа прызнаны пераможцам і ўвайшоў у дзясятку лепшых ад Мінскай вобласці. У яго рэалізацыі ўдзельнічалі спецыяльна падрыхтаваныя кадры. Была створана адпаведная матэрыяльная база, набыты матковы матэрыял, цяпер ужо вырабляецца гумус.

Паралельна з прыёмнай кампаніяй кіпела работа ў вучэбных майстэрнях каледжа. Алена Іосіфаўна Багачэнка працуе майстрам вытворчага навучання на спецыяльнасці “Кухар; прадавец” ужо 20 гадоў. У час нашага наведвання яна праводзіла з першакурсніцамі заняткі па вытворчым навучанні ў міні-кухні, якая нядаўна была абсталявана сучаснымі індукцыйнымі плітамі. Гэтыя пліты не толькі высокатэхналагічныя, зручныя для гатавання, але і набліжаюць навучанне да рэальных умоў вытворчасці, дапамагаюць будучым кухарам паспяхова адаптавацца на рабочым месцы.

У кафэ “Пары” каледжа навучэнкі пад кіраўніцтвам свайго педагога — майстра вытворчага навучання Алы Аляксандраўны Дарошка — вучацца абслугоўваць наведвальнікаў. Ала Аляксандраўна працуе ў каледжы 29 гадоў, і ў яе было ўжо 10 выпускаў, а гэта значыць, сотні кухараў, якіх яна падрыхтавала, сёння працуюць на многіх аб’ектах грамадскага харчавання. А.А.Дарошка прымала актыўны ўдзел у падрыхтоўцы канкурсантаў на абласны этап Нацыянальнага чэмпіянату WorldSkills 2018. Яе выхаванец будучы кухар Уладзіслаў Галуза добра выступіў на рэгіянальным узроўні. Сярод будучых кухараў і Дар’я Дурэйка, якая, акрамя вучобы, вядзе актыўную грамадскую работу, удзельнічае ва ўсіх забаўляльна-выхаваўчых мерапрыемствах, дзе прямяняе прафесійныя навыкі кухарскай справы.

— Сёння маладыя людзі імкнуцца да ведаў, — лічыць Ала Аляксандраўна. — Яны разумеюць, што быць прафесіяналам — гэта прэстыжна, ганарова. Таму нашы навучэнцы матываваныя, і я з задавальненнем вучу іх прафесіі.

У навучэнскай цырульні заўсёды шматлюдна. Тамара Мікалаеўна Карацінская, якая больш за 30 гадоў працуе ў каледжы і вядзе падрыхтоўку цырульнікаў, расказала, што цырульніцкая справа вельмі папулярная сярод маладых людзей, у тым ліку таму, што прафесійныя навыкі спатрэбяцца ім і дома. Кожная дзяўчына павінна мець хаця б першасныя навыкі па стрыжцы, прычосках, візажы, манікюры. Навучэнка Дзіяна Адамовіч таксама згодна з гэтым і з захапленнем засвойвае цырульніцкае майстэрства. Яшчэ падчас вучобы ў школе дзяўчына прыехала на дзень адкрытых дзвярэй у каледж і ўжо тады заўважыла, наколькі камфортныя ўмовы там створаны для вучобы і адпачынку, якая прыгожая і прывабная цырульня “Лада”.

Асновай прафарыентацыйнай работы каледжа з’яўляецца павышэнне іміджу навучальнай установы сярод моладзі, стварэнне спрыяльнай атмасферы для вучобы і адпачынку. Для гэтага ўжо вельмі шмат зроблена, але фантазія дырэктара Ігара Сямёнавіча Кіцікава і яго калектыву не вычэрпваецца. З кожным годам установа сустракае сваіх навучэнцаў усё новымі адкрыццямі, якія дапамагаюць адточваць прафесійныя навыкі, папаўняць пазабюджэт каледжа і, у рэшце рэшт, ствараюць добры настрой і творчую атмасферу. Трэба дадаць, што Ігар Сямёнавіч Кіцікаў — выдатны арганізатар, няўрымслівы і вельмі творчы чалавек, здольны згуртаваць вакол сябе такіх жа апантаных людзей. Ён імкнецца прыўнесці ў сваю навучальную ўстанову новыя ідэі, якія імкліва ператвараюцца ў рэчаіснасць і служаць на карысць навучэнцам і педагогам.
У каледжы паспяхова функцыянуюць не толькі вышэйзгаданыя цырульня “Лада” і кафэ “Пары”, але і міні-гасцініца, аўташкола, станцыя тэхнічнага абслугоўвання, аўтамыйка, капіцэнтр і іншыя аб’екты. В.У.Камінскі, супрацоўнік каледжа, расказаў, наколькі пашырыў свае функцыі капіцэнтр. Там устаноўлена камп’ютарная размнажальная тэхніка для выканання шэрага работ як для навучэнцаў і педагогаў, так і ўвогуле для насельніцтва Вілейкі. Ужо даўно набылі папулярнасць разнастайныя вырабы на магнітнай аснове. А нядаўна ў капіцэнтры пачалі вырабляць ўпрыгажэнні на кубкі. Для гэтага быў набыты сублімацыйны прынтар, на якім друкуецца неабходны шаблон, які потым прыкладваецца да кубка і заціскаецца тэрмапрэсам. Праз пэўны час кубак атрымлівае выгляд згодна з жаданнем заказчыка.

Акрамя таго, Вілейскі каледж курыруе работу вядомага інтэрнэт-магазіна, дзе прадстаўлены вырабы і прапаноўваюцца паслугі ад устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі Мінскай вобласці.

Варта аздначыць і арт-аб’екты каледжа, колькасць якіх пастаянна павялічваецца. Так, у скверы навучальнай установы, упрыгожаным незвычайнымі лаўкамі з мастацкімі сюжэтамі, з’явіўся новы “жыхар” — рыбін цар. Гэты вобраз існуе ў беларускай міфалогіі, але ніхто не ведае, як ён выглядае. Упершыню яго ўдалося ўвасобіць вядомаму ў Вілейцы мастаку-скульптару В.М.Апарыку, які сваімі скульптурамі і малымі архітэктурнымі формамі ажывіў шматлікія куточкі Вілейкі. Цяпер яго рыбін цар уладарыць каля невялічкага вадаёма ў скверы каледжа. У планах дырэктара ўстановы і вілейскага мастака — ператварыць у жыццё іншыя міфалагічныя вобразы.

А пакуль галоўная дарога каледжа вядзе да кабінета з надпісам “Прыёмная камісія”…

Узгоднена з заказчыкамі

Начальнік аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесiйна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама А.В.Марцінкевіч расказала, як сталічны рэгіён падрыхтаваўся да прыёмнай кампаніі ў сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Пры фарміраванні кантрольных лічбаў прыёму ўлічваецца колькасць выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі вобласці і іх намер вучыцца далей або працаўладкоўвацца. Пры гэтым пільная ўвага ўдзяляецца таму, якая перспектыўная патрэба ў спецыялістах сярод арганізацый — заказчыкаў кадраў, а таксама аналізуецца ўзровень працаўладкавання выпускнікоў папярэдняга года. Структура і змест падрыхтоўкі кадраў пастаянна ўдасканальваецца з улікам патрэб рэгіянальнага рынку працы.

— Мы штогод пераглядаем пералік спецыяльнасцей, па якіх вядзецца падрыхтоўка рабочых кадраў, — адзначыла Алена Віктараўна Марцінкевіч. — Актыўна прыцягваем для гэтага работадаўцаў. З іх удзелам распрацоўваем адукацыйныя стандарты, вучэбныя планы, фарміруем план прыёму, адкрываем новыя спецыяльнасці, закрываем незапатрабаваныя.

Толькі за апошнія гады на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі пачалася падрыхтоўка па 22 новых кваліфікацыях, на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай — па 9.

Што тычыцца ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, то ў іх плануецца прыняць 1850 чалавек. У сувязі з адсутнасцю дастатковага заказу на падрыхтоўку кадраў у гэтым годзе ў параўнанні з мінулым прыпынены прыём па некаторыя спецыяльнасці. Сярод іх — “Садова-паркавае будаўніцтва”, “Фізічная культура”, “Санітарна-тэхнічнае абсталяванне будынкаў і збудаванняў (па напрамках)”. Акрамя таго, скарочана падрыхтоўка па эканамічных і юрыдычных спецыяльнасцях.

У адпаведнасці з патрэбамі вытворчасці рэгіёна адноўлены прыём на спецыяльнасці “Тэхнічнае забеспячэнне лесанарыхтоўчых работ” у Барысаўскім дзяржаўным каледжы, “Тэхналогія харчовых вытворчасцей” у Слуцкім дзяржаўным каледжы і інш. Ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі сёлета плануецца прыняць 3291 чалавека.

Улічваючы вынікі працаўладкавання папярэдніх гадоў, а таксама недастатковую колькасць заявак на падрыхтоўку кадраў, у гэтым годзе часова не будзе ажыццяўляцца прыём па 29 спецыяльнасцях у 10 установах прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У адпаведнасці з заяўкамі і дамоўленасцямі аб узаемадзеянні, у 10 навучальных установах адукацыі і ў філіяле Чэрвеньскага прафесійнага будаўнічага ліцэя будзе адноўлена падрыхтоўка па 27 спецыяльнасцях. Напрыклад, у Вілейскім дзяржаўным каледжы зноў пачнуць рыхтаваць станочнікаў шырокага профілю для ААТ “Зенит-БелОМО”. У Барысаўскім дзяржаўным каледжы будзе адноўлена падрыхтоўка па спецыяльнасцях “Токар”, “Фрэзероўшчык”, “Аператар станкоў з праграмным кіраваннем” для Барысаўскага завода “Аўтагідраўзмацняльнік” і інш. Будуць павялічвацца кантрольныя лічбы прыёму на спецыяльнасці па шэрагу іншых профіляў з улікам запытаў рэгіянальнага рынку працы.

Павялічваюцца кантрольныя лічбы прыёму па профілю адукацыі “Архітэктура і будаўніцтва” у Маладзечанскім дзяржаўным каледжы, што выклікана павышэннем у рэгіёне аб’ёмаў будаўніча-мантажных работ і падрыхтоўкай па новай кваліфікацыі “Дарожны рабочы”, а таксама аднаўленнем падрыхтоўкі па кваліфікацыях “мантажнік санітарна-тэхнічных сістэм і абсталявання”, “слесар па абслугоўванні і рамонце газакарыстальнага абсталявання”. Упершыню будзе ажыццяўляцца прыём па двух кваліфікацыях “дарожны рабочы” і “мантажнік радыёэлектроннай апаратуры і прыбораў” ў Маладзечанскім дзяржаўным каледжы.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.