У прыярытэце — увага да кожнага ўдзельніка адукацыйнага працэсу

- 10:57Планёрка ў рэгіёне, Рознае

Ушацкі раён Віцебскай вобласці адносіцца да аграрных раёнаў нашай краіны. Кампактная сістэма адукацыі — усяго 1256 вучняў, 463 выхаванцы і 18 устаноў адукацыі — закладвае стабільную будучыню раёна, выхоўваючы будучых працаўнікоў раёна. Пра асаблівасці функцыянавання сістэмы адукацыі свайго раёна расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Іна Фёдараўна СЫРОЎЧАНКА.

— Іна Фёдараўна, раскажыце, калі ласка, пра сістэму адукацыі вашага раёна. Ці ёсць у ёй нейкія адметнасці?

— Наш раён невялікі, таму ў сістэме адукацыі налічваецца 9 школ, 7 дашкольных устаноў адукацыі, цэнтр пазашкольнай работы, дзіцяча-юнацкая спартыўная школа.

Сёння ва ўстановах сярэдняй адукацыі вучацца 1256 навучэнцаў. На жаль, кожны год гэтая колькасць крыху змяншаецца, але ўстановы дашкольнай адукацыі запоўнены. Праз некалькі гадоў, спадзяюся, колькасць навучэнцаў стабілізуецца і пачне расці.
У нашым раёне няма вялікіх вытворчасцей, але раённае кіраўніцтва вялікую ўвагу ўдзяляе сістэме адукацыі. Так, адной з найбольш значных падзей гэтага года стала адкрыццё пасля капітальнага рамонту ясляў-сада ва Ушачах. За 16 месяцаў (з мая мінулага года) у работы па рамонце і мадэрнізацыі матэрыяльна-тэхнічнай базы дзіцячага сада было ўкладзена каля 10 млрд недэнамінаваных рублёў (1 млн BYN) з раённага бюджэту. Сёння гэты абноўлены будынак з новай мэбляй і тэхналагічным абсталяваннем зноў прымае ўшацкіх дзяцей.
Ужо гатова праектная дакументацыя на рэканструкцыю яшчэ аднаго дзіцячага сада, якая пачнецца адразу, як на гэта будуць выдзелены сродкі.

Штогод за кошт мясцовага бюджэту папаўняецца база камп’ютарнай тэхнікі. У гэтым годзе гэта камп’ютарны клас для Велікадолецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя П.У.Броўкі за перамогу ў раённым аглядзе-конкурсе па падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. У мінулым годзе таксама былі закуплены ноўтбукі для педагогаў-прадметнікаў Ушацкай школы.

Але, зразумела, гэта не адзіны шлях умацавання камп’ютарнай базы. Шмат што ўстановы адукацыі набываюць за кошт сродкаў пазабюджэтнай дзейнасці: у кожнай школе абавязкова ёсць камп’ютарны клас, падключаны да высакаскораснага інтэрнэту, мультымедыйны праектар.

— Якімі вучэбнымі дасягненнямі вызначыліся сёлета выхаванцы ўстаноў адукацыі Ушаччыны?

— Сярод найбольш значных вучэбных дасягненняў мінулага года — удзел чатырох нашых навучэнцаў у абласным этапе алімпіяды па вучэбных прадметах. Выхаванцы Ушацкай школы Антон Касіч і Леанід Давыдаў (настаўніца Ларыса Аркадзьеўна Струй) па выніках абласнога этапу прадметнай алімпіяды па хіміі заваявалі дыпломы III ступені. Таксама дыплом ІІІ ступені (біялогія) атрымала навучэнка Велікадолецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ларыса Правада (настаўнік Віктар Мікалаевіч Шышоў).

Разам з атэстатам сталасці залаты медаль атрымала Ганна Герцык, выпускніца Ушацкай сярэдняй школы, якая зараз з’яўляецца студэнткай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Прыемна адзначыць, што выпускніца Велікадолецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя П.У.Броўкі Надзея Салавей па выніках цэнтралізаванага тэсціравання па беларускай мове атрымала 100-бальны вынік (настаўніца Ніна Канстанцінаўна Спірыдовіч).

— Бясспрэчна, поспехі навучэнцаў непасрэдна залежаць ад метадычнай і прафесійнай дасведчанасці педагога. Як арганізавана ў раёне метадычная работа?

— Для падтрымкі педагагічных ініцыятыў і ўключэння ўстаноў адукацыі ў інавацыйныя працэсы з 2014 года на базе 7 устаноў адукацыі раёна працуе 9 рэсурсных цэнтраў па энергарэсурсазберажэнні, экалогіі, патрыятычным выхаванні, здаровым ладзе жыцця, выхаванні на народных традыцыях беларусаў, краязнаўстве, нямецкай мове, інфармацыйных тэхналогіях і фізіцы.

На базе ўстаноў адукацыі прайшоў абласны метадычны савет спецыялістаў і метадыстаў, якія курыруюць першую ступень агульнай сярэдняй адукацыі.

Ушацкіх настаўнікаў ведаюць не толькі ў раёне. Так, напрыклад, Святлана Фёдараўна Папко, настаўніца пачатковых класаў Арэхаўскай сярэдняй школы імя Н.Л.Касцючэнка, стала пераможцай V Міжнароднага конкурсу “Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі ў творчасці настаўніка пачатковых класаў” у намінацыі “Распрацоўкі-прататыпы дыдактычных гульняў і ЭСН”. У скарбонцы нашых педагогаў — шматлікія дыпломы прызёраў абласных этапаў конкурсаў: сярод устаноў-прызёраў — Ушацкая, Ільюшынская, Плінская сярэднія школы, Арэхаўская сярэдняя школа імя Н.Л.Касцючэнка.

— Ці многа прыходзіць да вас маладых спецыялістаў? Ці застаюцца яны ў раёне пасля адпрацоўкі абавязковых двух гадоў па размеркаванні?

— Штогод у раён прыязджаюць маладыя спецыялісты. Калі ўлічваць, што ў раёне працуюць 236 педагогаў, то 10—12 маладых настаўнікаў, якія прыязджаюць штогод, — гэта вельмі істотнае папаўненне. Зразумела, што шмат хто з педагогаў выходзіць на заслужаны адпачынак, таму ў раёне крыху змяншаецца колькасць настаўнікаў з вышэйшай катэгорыяй. Але гэта абсалютна натуральна: павінен прайсці час, каб маладое папаўненне (а за апошнія тры гады ў раён прыйшло амаль 40 маладых педагогаў) атрымала кваліфікацыю, дастатковую да прысваення высокіх катэгорый.

— Як праяўляе сябе новае пакаленне педагогаў?

— Пераважная большасць маладых педагогаў вельмі цікавыя, адказныя, творчыя. Мы са свайго боку імкнёмся разнастаіць іх жыццё, прыцягваем да ўдзелу ў раённых мерапрыемствах, давяраем прадстаўляць наш раён на конкурсах. Вясной і ўвосень адбываюцца сустрэчы з маладымі педагогамі, дзе мы ставім задачы і падводзім вынікі сумеснай работы. Дзякуючы жывому дыялогу і ўважліваму падыходу да праблем маладых спецыялістаў, па выніках мінулага года замацаванасць маладых педагогаў склала 80%.

— Ведаю, што ў вашым раёне добра функцыянуе сістэма забеспячэння школьнікаў харчаваннем?

— Так. Тут нам таксама ёсць чым ганарыцца. Абсалютна ўсе навучэнцы школ Ушаччыны забяспечаны гарачым харчаваннем. Буракі, морква, цыбуля, капуста, бульба, што трапляюць на стол школьнікам, вырошчваюцца на прышкольных участках. Такое самазабеспячэнне дазваляе істотна знізіць сабекошт харчавання: для 70% дзяцей — у сельскай мясцовасці і для льготных катэгорый — гарачае харчаванне з’яўляецца бясплатным. У многіх установах ёсць цяпліцы, і дзеці ўсю вясну забяспечаны ранняй зелянінай.

— Апошнім часам вялікая ўвага ўдзяляецца выхаванню здаровага ладу жыцця. Якія дзеянні вы робіце ў гэтым кірунку?

— У кожнай з нашых навучальных устаноў павышаная ўвага ўдзяляецца выхаванню здаровага ладу жыцця. Найбольш у гэтым напрамку вызначаецца Велікадолецкая сярэдняя школа, якая дзякуючы добрай спартыўнай базе штогод рыхтуе пераможцаў абласных і рэспубліканскіх спартыўных спаборніцтваў. Але любую гаспадарку трэба падтрымліваць, таму штогод выдзяляюцца грошы для абнаўлення спартыўнай базы.

— Над вырашэннем якіх задач працуе сёння аддзел адукацыі?

— Асноўная задача — якасць ведаў навучэнцаў. Мы трымаем гэта на пастаянным кантролі, стымулюем паспяховых настаўнікаў, імкнёмся распаўсюдзіць іх станоўчы вопыт — пра добрага настаўніка павінны ведаць усе, а не толькі яго вучні і калегі.

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.