“У рабоце ўрада не можа быць дробязей”

- 11:52Інфармацыйная гадзіна

“У рабоце ўрада не можа быць дробязей”, — адзначыла кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава на прадстаўленні новага складу ўрада супрацоўнікам апарата Савета Міністраў.

Прэм’ер-міністрам Беларусі назначаны Сяргей Румас. Першым намеснікам прэм’ер-міністра стаў Аляксандр Турчын. Намеснікамі прэм’ер-міністра назначаны Ігар Ляшэнка, Уладзімір Кухараў, Ігар Петрышэнка. На пасадзе віцэ-прэм’ера застаецца Міхаіл Русы. Размеркаванне абавязкаў паміж віцэ-прэм’ерамі будзе замацавана на гэтым тыдні ў адпаведным дакуменце ўрада.

“Думаю, што Сяргей Мікалаевіч (Румас. — Заўвага БелТА.) яшчэ ўважліва вывучыць структуру ўрада, функцыянальныя абавязкі кожнага. Кіраўнік дзяржавы паставіў такую задачу — разабрацца з функцыяналам. Магчыма, будуць нейкія іншыя змяненні, пра гэта кіраўнік урада паведаміць, калі будуць прыняты такія рашэнні”, — сказала кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.

Наталля Качанава звярнула ўвагу, што Адміністрацыя прэзідэнта і ўрад працуюць ва ўзаемадзеянні, і гэта павінна быць сапраўды эфектыўная, сумесная, плённая дзейнасць. Гэта перш за ўсё выкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы, абазначаных у Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу ў бягучым годзе, задачы, пастаўленыя на V Усебеларускім народным сходзе, на нарадах у прэзідэнта. “Усе пастаўленыя задачы павінны выконвацца, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Самае галоўнае — гэта народ, людзі. Гэта галоўная ідэалогія і палітыка”.

Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта нагадала, што ключавая задача, пастаўленая кіраўніком дзяржавы, — гэта развіццё ўсіх рэгіёнаў краіны. Была праведзена вялікая работа па развіцці аграгарадкоў, абласных цэнтраў, цяпер ставіцца задача заняцца сярэднімі гарадамі, дзе пражываюць больш за 50—80 тысяч чалавек. “Трэба паглядзець, як яны развіваюцца, жывуць і працуюць, таму што пераразмеркаванне працоўных рэсурсаў вельмі важна ў нашай краіне, — заўважыла яна. — Трэба выканаць пастаўленыя прэзідэнтам задачы, каб развіваліся ўсе рэгіёны. Нельга думаць, што толькі ў Мінск людзі прыедуць і будуць працаваць. Павінны быць высокаэфектыўныя прадпрыемствы ў кожным горадзе і раёне, каб людзі разумелі, што ў іх ёсць работа”.

“Усім, хто працуе ва ўрадзе, трэба яшчэ раз уважліва паглядзець і зрабіць акцэнты на ключавых момантах, пра якія гаварыў прэзідэнт, і прыняць усе меры, каб пастаўленыя задачы былі рэалізаваны”, — рэзюмавала Наталля Качанава і пажадала новаму складу ўрада поспехаў і плённай працы.

Прэм’ер-міністр Сяргей Румас у сваю чаргу выказаў удзячнасць прэзідэнту за аказаны давер пры назначэнні на пасаду кіраўніка ўрада. “Я разглядаю гэта як вялікую адказнасць і выклік для мяне асабіста, — сказаў Сяргей Румас. — Сёння пачынаецца, напэўна, самы адказны этап у маім жыцці, які патрабуе гранічнай канцэнтрацыі ўсіх сіл і навыкаў, вопыту, які я атрымаў на папярэдніх пасадах”.

Што тычыцца задач, то прэм’ер-міністр сказаў, што яны ўсе вядомы і вызначаны праграмнымі дакументамі. “Не трэба чакаць нейкай рэвізіі гэтых прынятых рашэнняў або рэвалюцыйных разваротаў. Кіраўнік дзяржавы пры назначэнні новага складу ўрада зрабіў акцэнты на такіх рэчах, як дысцыпліна, прыстойнасць і з’яднанасць. Акрамя таго, шмат увагі было ўдзелена росту дабрабыту насельніцтва: кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэта асноўная ацэнка работы ўрада”, — адзначыў ён.

Сяргей Румас скончыў Яраслаўскае вышэйшае ваеннае фінансавае вучылішча, потым служыў на Далёкім Усходзе. Пасля распаду Савецкага Саюза вярнуўся на радзіму, працаваў у камерцыйных і дзяржаўных банках, затым кіраўнік дзяржавы ў снежні 2010 года назначыў яго віцэ-прэм’ерам ва ўрад Міхаіла Мясніковіча. Паводле слоў Сяргея Румаса, 2011 год быў вельмі складаным перыядам для краіны, але ўраду ўдалося за кароткі тэрмін аднавіць эканамічную стабільнасць. Пасля гэтага кіраўнік дзяржавы даручыў Сяргею Румасу заняцца станаўленнем новага фінансавага інстытута ў краіне — Банка развіцця.