У рэжыме дынамічнага развіцця

- 10:25Актуально, Апошнія запісы

Шэраг сустрэч ажыццявіў міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка падчас рабочага візіту ў Чэрвеньскі раён. Ігар Васільевіч правёў прыём грамадзян, абмеркаваў актуальныя пытанні са старшынёй выканаўчага камітэта Чэрвеньскага выканкама і начальнікам аддзела адукацыі. З сістэмай адукацыі Чэрвеньшчыны міністр пазнаёміўся, наведаўшы некалькі ўстаноў.

Сістэма адукацыі Чэрвеньскага раёна аб’ядноўвае 36 устаноў рознага тыпу: 15 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, 13 — дашкольнай, 3 — дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, а таксама Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, сацыяльна-педагагічны цэнтр, дзіцячы дом сямейнага тыпу, спецыялізаваную дзіцяча-юнацкую школу алімпійскага рэзерву, фізкультурна-спартыўны клуб. Міністр адукацыі наведаў розныя ўстановы — гарадскія і сельскія, агульнаадукацыйныя і дадатковай адукацыі. Адзначым, што, акрамя запланаваных для наведвання ўстаноў, Ігар Васільевіч адправіўся з візітам у вучэбна-педагагічны комплекс, якога ў падрыхтаванай праграме не было. Падчас гутарак з педагогамі, кіраўнікамі, навучэнцамі ўстаноў міністр цікавіўся рознымі аспектамі іх дзейнасці — арганізацыяй вучэбнага працэсу, падвозу, харчавання, забяспечанасцю ўстаноў падручнікамі і метадычнай літаратурай, умовамі працы настаўнікаў і інш.

Чэрвеньскі раён мае пэўныя адметнасці, і адна з іх — шырокае прымяненне ва ўстановах адукацыі беларускай мовы. На гэтую акалічнасць звярнуў сваю ўвагу міністр. З 15 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаных на тэрыторыі раёна, у 13 навучанне ажыццяўляецца цалкам на беларускай мове. Зразумела, у вучняў і іх бацькоў ёсць выбар. Так, напрыклад, у сярэдняй школе № 3 Чэрвеня ў некаторых класах навучанне вядзецца на рускай мове, у некаторых — на беларускай. І ўсё ж пераважная большасць робіць выбар на карысць роднай мовы. Размаўляючы з педагогамі, якія выкладаюць прадметы па-беларуску, міністр пацікавіўся, ці хапае для работы падручнікаў на беларускай мове. Настаўнікі адказалі, што з падручнікамі праблем няма, аднак ёсць патрэба ў метадычных дапаможніках, напісаных па-беларуску.

Сярэдняя школа № 3 Чэрвеня першай прымала высокіх гасцей. Алена Валер’еўна Жыгімонт, дырэктар школы, расказала, што ў бягучым навучальным годзе ва ўстанове выхоўваюцца 217 хлопчыкаў і дзяўчынак, 77 з іх штодзень прыязджаюць на заняткі на школьным аўтобусе. Падвоз ажыццяўляецца з 13 населеных пунктаў. У школе добрая матэрыяльна-тэхнічная база, многія памяшканні добраўпарадкаваны з дапамогай гаспадарчага спосабу.

Ва ўстанове праводзіцца сістэмная работа з адоранымі навучэнцамі, яна ўключае і арганізацыю даследчай дзейнасці. У гэтай галіне школа ўкараніла сваё лідарства ў раёне. Па выніках 2015/2016 навучальнага года навучэнцы заваявалі 10 дыпломаў на розных конкурсах работ даследчага характару, 5 з іх — міжнароднага ўзроўню. Займацца даследчай дзейнасцю дзеці пачынаюць з першага класа.

Міністр адукацыі пазнаёміўся з вучнямі — удзельнікамі клуба ЮНЕСКА “Факел”. Яны расказалі, што стварылі ў школе Рэспубліку “МІК” (Мудрыя. Ініцыятыўныя. Крэатыўныя) — орган школьнага самакіравання. У гэтай “рэспублікі” ёсць кіраўнік, а таксама розныя міністры — напрыклад, міністр дысцыпліны і парадку, міністр здароўя і нават міністр дзелавога стылю. Кіраўніцтва Рэспублікі “МІК” прымае непасрэдны ўдзел у жыцці школы, дзеці ініцыіруюць і праводзяць класныя і агульнашкольныя мерапрыемствы. Стварэнне органаў самакіравання — толькі адзін з кірункаў дзейнасці клуба “Факел”, таксама яго ўдзельнікі працуюць па праграмах “Культура свету”, “Нефармальная адукацыя”, “Інфармацыя і камунікацыя”, “Здаровы лад жыцця”, “Лячэбная магія”. Такую дзейнасць у школе ўсяляк падтрымліваюць, нават адкрылі -сацыяльны дзіцячы цэнтр, дзе ёсць камп’ютары з выхадам у інтэрнэт, мультымедыйная ўстаноўка, прынтар, ноўтбук, наглядныя дапаможнікі, прома-прадукцыя.

Ігар Васільевіч пагутарыў з педагогамі школы. Так, у настаўніцы інфарматыкі і матэматыкі Лідзіі Іванаўны Юрчанка міністр пацікавіўся, ці не шмат, на думку педагога, у праграме па інфарматыцы праграмавання, ці няма неабходнасці павялічыць колькасць часу на засваенне навыкаў карыстання камп’ютарам, рознымі праграмамі. Педагог адказала, што лічыць праграму досыць збалансаванай, і адзначыла, што цікавасць сучасных школьнікаў да праграмавання расце і выяўляецца рана. Нядаўна Лідзія Іванаўна набрала групу другакласнікаў на заняткі па праграмаванні ў асяроддзі Scratch.

А ў настаўніцы рускай мовы і літаратуры Кацярыны Уладзіміраўны Ганчарык Ігар Васільевіч запытаўся, што яна думае наконт таго, што ў новай рэдакцыі кодэкса прадугледжаны гарантыі працаўладкавання выпускнікоў, якія вучыліся ва УВА на платнай аснове: па жаданні яны змогуць атрымаць накіраванне на працу і будуць мець статус маладога спецыяліста. Справа ў тым, што Кацярына Уладзіміраўна была менавіта ў такой сітуацыі — нядаўна скончыла педагагічны ўніверсітэт, дзе вучылася платна, і яе пытанне працаўладкавання вельмі непакоіла. Прызнаецца — пашанцавала вярнуцца на работу ў тую школу, якую заканчвала сама, а калі б гэтага не здарылася, то з задавальненнем скарысталася б магчымасцю стаць афіцыйна маладым спецыялістам і знайсці першае працоўнае месца.

Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі гарадскога пасёлка Смілавічы Чэрвеньскага раёна — не проста ўстанова дадатковай адукацыі, гэта яшчэ і паўнавартасны музей, а з нядаўняга часу яшчэ і арт-цэнтр. Ігар Васільевіч Карпенка наведаў тры залы музея “Прастора Хаіма Суціна”, якія расказваюць пра жыццё і творчасць мастакоў, што нарадзіліся і выраслі ў Смілавічах, — Хаіма Суціна і Файбіш-Шрагі Царфіна. Суцін і Царфін — найярчэйшыя прадстаўнікі знакамітай парыжскай школы жывапісу, іх творчасцю захапляюцца аматары мастацтва ва ўсім свеце, а на радзіме ведаюць нямногія. Змяніць гэта стараюцца супрацоўнікі ЦТДіМ. А выхаванцы цэнтра не толькі знаёмяцца з мастацтвам сваіх землякоў, але, натхняючыся іх прыкладам, і самі з захапленнем займаюцца рознымі відамі мастацтва. Гэтаму спрыяюць і заняткі ў нядаўна адкрытым арт-цэнтры “Вулей”, мэтай якога з’яўляецца развіццё здольнасцей дзяцей, пашырэнне іх мастацкага кругагляду. Заняткі ў цэнтры прадугледжваюць лекцыі, экскурсіі і майстар-класы.

Высока ацаніў міністр работу ўстаноў адукацыі, што размяшчаюцца ў сельскай мясцовасці. У такіх школах пануе асаблівая, па-сямейнаму цёплая атмасфера, а людзі працуюць простыя, шчырыя. Педагогі і кіраўнікі такіх устаноў прыкладаюць максімум намаганняў, каб стварыць аптымальныя ўмовы для ўсебаковага развіцця дзяцей, каб магчымасці ў іх былі не горшыя, чым у гарадскіх равеснікаў. А зрабіць гэта не заўсёды проста. У маленькіх сельскіх установах менш магчымасцей арганізацыі профільных класаў рознай накіраванасці, бо для гэтага проста не хапае вучняў. Аднак у той жа час невялікая колькасць дзяцей у класах набліжае працу з навучэнцамі да індывідуальнай.

“Сельская прапіска” ўстановы адукацыі мае і свае перавагі. Так, ва ўсіх наведаных школах міністру расказалі аб прышкольных участках, з дапамогай якіх школы нарыхтоўваюць агародніну, тым самым зніжаючы кошт харчавання для школьнікаў.

Маленькім кутком шчырасці, утульнасці, старанняў і здольнасцей называюць сваю ўстанову адукацыі педагогі Лядзенскага дзіцячага сада — сярэдняй школы. Дырэктар Ірына Мікалаеўна Змачынская расказала, што тут навучаюцца 67 школьнікаў і 18 выхаванцаў дзіцячага сада. У школе і садзе — моцная матэрыяльна-тэхнічная база і не менш моцныя традыцыі.

Вялікая ўвага тут удзяляецца грамадзянска-патрыятычнаму і духоўна-маральнаму выхаванню. З верасня 2016 года школа з’яўляецца раённым рэсурсным цэнтрам па духоўна-маральным выхаванні. Штогод навучэнцы ўстановы адпраўляюцца ў падарожжы і здзяйсняюць марш-кідкі па месцах баявой славы, якія размешчаны ў раёне. Школьнікі добраўпарадкоўваюць месцы пахавання загінуўшых у гады ВАВ, праводзяць мітынгі. Важную ролю ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні адыгрываюць школьныя музеі — этнаграфічны “Беларуская хатка” і музей гісторыі школы. У апошнім экспануецца шмат цікавых рэчаў, што былі сабраны за больш чым стагадовую гісторыю ўстановы.

Захоўваючы багатыя традыцыі школы, тут стараюцца адпавядаць сучасным тэндэнцыям. Так, напрыклад, каб даваць дзецям асновы эканамічных ведаў, у школе была створана вучнёўская бізнес-кампанія “Грашовае дрэва”, якая вырабляе венікі для лазні, гаспадарчыя мётлы, маляваныя кухонныя дошкі, сувенірныя лялькі. Вучні — удзельнікі кампаніі — самастойна ажыццяўляюць усе працэсы — ад вытворчасці да рэалізацыі тавараў і вядзення дакументацыі. Кліентам кампаніі стаў і Ігар Васільевіч Карпенка, які з задавальненнем набыў вырабы юных прадпрымальнікаў.

З дырэктарам Лядзенскага ВПК міністр адукацыі абмеркаваў пытанне шостага школьнага дня, запытаўшыся ў Ірыны Мікалаеўны, ці запатрабаваныя ў сельскіх школьнікаў суботнія мерапрыемствы. Дырэктар запэўніла, што для сельскай мясцовасці яны асабліва актуальныя, бо ў невялікіх населеных пунктах мала ўстаноў, дзе можна бавіць вольны час. Школа становіцца культурным цэнтрам вёскі, таму ў суботу сюды ахвотна ідуць і дзеці, і іх бацькі.

Наступнай установы ў запланаваным маршруце наведвання не было. Звярнуўшы з вызначанага шляху, міністр адукацыі адправіўся ў Турэцкі дзіцячы сад — базавую школу. У школе да сустрэчы высокіх гасцей не рыхтаваліся, аднак установу прадставілі годна. Сёння ВПК — гэта 82 школьнікі і 38 выхаванцаў дзіцячага сада. Установа не проста функцыянуе, а дынамічна развіваецца.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца ва ўстанове спартыўна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай рабоце. Школьнікі займаюцца настольным тэнісам, спартыўным арыентаваннем. Асаблівых поспехаў дасягнулі школьныя біятланісты — прадстаўляюць не толькі сваю ўстанову, але і Чэрвеньскі раён на спаборніцтвах рознага ўзроўню. Трэніруюцца яны ў аб’яднанні па інтарэсах “Юны стралок” пад кіраўніцтвам Уладзіміра Іванавіча Кірыльчыка.

А з нядаўняй пары ў Турцы пачалі рыхтаваць і юных скалалазаў. Пабываўшы на спаборніцтвах па скалалажанні ў іншым раёне, дырэктар установы Антаніна Анатольеўна Даўгалевец загарэлася ідэяй стварыць у школе скаладром. І вось у 2015 годзе тут з’явілася зала для боўлдэрынга і сцяна для скалалажання. Дзеці з вялікім задавальненнем пакараюць новыя вяршыні і ўжо маюць першыя перамогі ў спаборніцтвах. Заняткі па скалалажанні праводзяць дырэктар установы і настаўнік фізічнай культуры і спорту У.І.Кірыльчык.

Ва ўстановах адукацыі Чэрвеньскага рэгіёна працуюць захопленыя сваёй справай, ініцыятыўныя, неабыякавыя людзі. Дзякуючы ім сістэма адукацыі раёна працуе ў рэжыме бесперапыннага развіцця.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.