У школу па прафесію

- 12:43Спецыяльная адукацыя

На працягу 50 гадоў свайго існавання Малоткавіцкая дапаможная школа-інтэрнат з’яўляецца адзінай навучальнай установай, дзе вучацца дзеці з інтэлектуальнай недастатковасцю з бліжэйшых раёнаў Брэсцкай вобласці. Напрыканцы мінулага года ўстанова перамагла ў Рэспубліканскім конкурсе “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі” ў намінацыі “Лепшая дапаможная школа (дапаможная школа-інтэрнат)” і была адзначана дыпломам I ступені. Па выніках работы за 2014 год калектыў установы таксама ўзнагароджаны граматай Міністэрства адукацыі. Дырэктар школы-інтэрната Вячаслаў Рыгоравіч Ізотаў расказвае аб яе ролі і месцы ў сістэме спецыяльнай адукацыі краіны сёння.

Сучасныя методыкі і падыходы

— Педагогам спецыяльных устаноў у апошні час даводзіцца абмяркоўваць унутры сваіх калектываў прынцыповыя, а часам і балючыя пытанні: наколькі ўстановы ўпісваюцца ў агульную сістэму? Ці ёсць у іх шансы застацца ў ёй? — гаворыць Вячаслаў Рыгоравіч. — Што тычыцца нашай школы, то мы разумеем, што нельга дасягнуць чагосьці значнага, калі ідзеш і пастаянна азіраешся. Таму наш калектыў актыўна і паслядоўна прымяняе сучасныя методыкі пры навучанні, выхаванні і сацыялізацыі дзяцей. Нашы спецыялісты аказваюць дапамогу не толькі навучэнцам школы-інтэрната, але і ўсім дзецям, якія маюць у гэтым патрэбу, з бліжэйшых раёнаў вобласці.
Малоткавіцкая дапаможная школа-інтэрнат па-сучаснаму абсталявана і аснашчана, забяспечана кваліфікаванымі супрацоўнікамі. Тут ёсць вучэбныя кабінеты для малодшых класаў, прадметныя кабінеты для навучэнцаў старшых класаў — з камп’ютарамі і ВК-тэлевізарамі, з наборам неабходных сродкаў для карэкцыі парушэнняў дзяцей, а таксама асобныя кабінеты для класаў 2-га аддзялення. У калектыве школы працуе шмат спецыялістаў-дэфектолагаў. З 36 педагогаў 27 маюць вышэйшую дэфекталагічную адукацыю. Зараз у БДПУ імя Максіма Танка на факультэце перападрыхтоўкі такую адукацыю атрымліваюць завочна 6 педагогаў школы. Педагог-псіхолаг Алена Аляксееўна Бондар мае сертыфікат, які дае ёй права праводзіць дыягнастычнае абследаванне па методыцы Векслера. Яго вынікі спрыяюць больш эфектыўнай рабоце школьнага медыка-псіхолага-педагагічнага кансіліуму, дапамагаюць спецыялістам больш дакладна складаць індывідуальныя праграмы далейшага навучання выхаванцаў.
Важнае месца пры рабоце з дзецьмі з інтэлектуальнай недастатковасцю належыць фізічнаму выхаванню. Спартыўнай базе, якая ёсць у школе, можна толькі пазайздросціць. Яна складаецца з адпаведнага інвентару і прылад, якія найбольш даступны дзецям з
АПФР, прычым усіх форм навучання. І выкарыстоўваецца пры правядзенні спартыўна-аздараўленчых мерапрыемстваў, спаборніцтваў, як унутрышкольных, так і са звычайнымі равеснікамі, як на раённым, так і на абласным узроўнях. Шмат увагі ва ўстанове ўдзяляецца адаптыўнай фізічнай культуры, асабліва ў класах 2-га аддзялення. Для навучэнцаў гэтых класаў прадугледжаны асобны кабінет з наборам карэкцыйнага абсталявання. Тут жа па назначэнні медыка дзецям праводзіцца лячэбны масаж.
Выкарыстоўваюць педагогі Малоткавіцкай дапаможнай школы-інтэрната і інфармацыйныя тэхналогіі. Тут вядзецца электронны каталог адукацыйных сайтаў, ствараюцца банкі даных, ідуць відэазапісы ўрокаў, ствараюцца прэзентацыі, педагогі распрацоўваюць навукова-даследчыя праекты, метадычны матэрыял.
— Метадам спроб і памылак нам удалося стварыць найбольш аптымальны варыянт рабочага месца настаўніка, які дазваляе эфектыўна выкарыстоўваць камп’ютар практычна на любым этапе ўрока і без працяглай папярэдняй падрыхтоўкі, — адзначае дырэктар школы. — У мінулым годзе на базе школы-інтэрната праводзіўся семінар настаўнікаў працоўнага навучання, якія займаюцца з дзецьмі з АПФР ва ўмовах інтэграцыі. Нашы педагогі прадставілі на ім свае майстар-класы па выкарыстанні камп’ютарных праграм пры пабудове, напрыклад, чарцяжоў выкраек швейных вырабаў і эскізаў корпуснай мэблі. Ва ўмовах традыцыйнага ўрока для дзяцей з АПФР рабіць гэта непад’ёмна.

Усё для школы сваімі рукамі

Школа-інтэрнат некалькі гадоў назад была рэспубліканскай эксперыментальнай пляцоўкай па апрабацыі магчымасці самастойнага пражывання навучэнцаў з інтэлектуальнай недастатковасцю. Педагогі распрацавалі рэкамендацыі па самастойным пражыванні дзяцей ва ўмовах школы-інтэрната, стварылі сацыяльна-бытавы комплекс для навучэнцаў старшых класаў, які ўключае два памяшканні — сучасны кабінет сацыяльна-бытавой арыенціроўкі з наборам неабходнага абсталявання і жылы блок. Мы вучым дзяцей самастойна прымаць рашэнні, рэалізоўваць свае жыццёвыя мэты і інтарэсы.
Яшчэ ў 2005 годзе ў школе былі адкрыты класы паглыбленай сацыяльнай і прафесійнай падрыхтоўкі па спецыяльнасцях “Агароднік. Садоўнік”; “Пчаляр. Жывёлавод”; “Рабочы зялёнага будаўніцтва. Кветкавод”; “Швачка”; “Зборшчык мэблі”; “Абіўшчык мэблі. Зборшчык корпуснай мэблі”, “Тынкоўшчык-маляр”.
Для належнага функцыянавання класаў паглыбленай сацыяльнай і прафесійнай падрыхтоўкі створана добрая матэрыяльна-тэхнічная база: класы ўкамплектаваны ўсім неабходным абсталяваннем, у распараджэнні дзяцей дзве майстэрні, дзе яны спасцігаюць азы прафесіі тынкоўшчыка-маляра, дзве швейныя майстэрні, багетная і керамічная майстэрні, кабінет мэблевай вытворчасці, а таксама прышкольны доследны ўчастак з цяпліцай. Сіламі супрацоўнікаў пасаджаны сад на 450 дрэў, набыта 15 пчаліных сем’яў і створаны кабінеты пчалярства.
У навучэнцаў 2-га аддзялення ёсць магчымасць атрымаць веды па стварэнні ганчарных, керамічных вырабаў, багетных рамак, васковых свечак, брашураванні і ламініраванні друкаванай прадукцыі.
— Мы стварылі на базе школы невялікую вытворчасць па вырабе тратуарнай пліткі, корпуснай мэблі, па пашыве пасцельнай бялізны. Нашы педагогі папярэдне апрабавалі гэтыя тэхналогіі, распрацавалі тэхналагічныя карты, — падкрэслівае Вячаслаў Рыгоравіч. — У мінулым годзе нам было выдзелена дзяржавай 55 млн рублёў, якія пайшлі на добраўпарадкаванне тэрыторыі, на выраб навучэнцамі мэблі, на пашыў імі пасцельнай бялізны, на зарплату. Навучэнцы шыюць для школы камплекты пасцельнай бялізны, шторы і пакрывалы, вырабляюць ложкі, шафы, тумбачкі, крэслы і нават камп’ютарныя сталы для вучэбных пакояў. У рамках ініцыятывы па другаснай занятасці моладзі хлопчыкі з гэтых класаў змаглі і сабе зарабіць грошы, што для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, неацэнна. У класах паглыбленай падрыхтоўкі ўжо прайшлі навучанне 11 выпускнікоў інтэграваных класаў з іншых раёнаў Брэсцкай вобласці. А ў гэтым навучальным годзе мы змаглі адкрыць нават цэлы клас для такіх хлопчыкаў і дзяўчынак.

Дзейнічаць на перспектыву

Установа з 2011/2012 навучальнага года ўдзельнічала ў рэалізацыі рэспубліканскага эксперыментальнага праекта па апрабацыі мадэлі рэсурснага цэнтра ва ўстановах спецыяльнай адукацыі. З мінулага года ў школе рэалізуецца рэспубліканскі інавацыйны праект па ўкараненні ўжо апрабаванай мадэлі рэсурснага цэнтра ў практыку работы.
— Наша ўстанова сапраўды з’яўляецца апорай, цэнтрам, вакол якога “круціцца” вучэбнае жыццё спецыяльных устаноў цэлага рэгіёна, — гаворыць Вячаслаў Рыгоравіч. — Мы як рэсурсны цэнтр паскараем перадачу адметнага педагагічнага вопыту, садзейнічаем яго ўкараненню ў адукацыйны працэс, дапамагаем калегам у вырашэнні праблемы недахопу спецыялістаў-дэфектолагаў. Мы ажыццяўляем метадычную падтрымку настаўнікаў, кансультуем іх, а таксама забяспечваем рэкамендацыямі па пытаннях спецыяльнай і карэкцыйнай педагогікі, арганізацыі вучэбных семінараў, практыкумаў, распаўсюджваем праграмы і метадычную літаратуру па тэхналогіі работы педагога ў галіне спецыяльнай адукацыі.
Як рэсурсны цэнтр наша ўстанова ў мінулым годзе пачала рэалізоўваць адукацыйны праект “Стварэнне сістэмы прафесійна-арыентацыйнай работы для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю дапаможных школ (школ-інтэрнатаў) і ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Брэсцкай вобласці” . Школа-інтэрнат наладзіла супрацоўніцтва з установамі агульнай сярэдняй адукацыі, дзе пакуль не наладжана належная сістэма падтрымкі навучэнцаў інтэграваных класаў пры выбары прафесіі, педагогі не маюць дакладных дыягнастычных даных аб іх здольнасцях і магчымасцях. Зразумела, што ў большасці звычайных школ, дзе вучацца дзеці з АПФР, вырашаць гэтую задачу даволі праблематычна. Наша ўстанова вырашыла ўзяць ініцыятыву на сябе. У час канікул нашы педагогі запрашаюць падлеткаў са звычайных школ, якія вучацца ў інтэграваных класах па праграме дапаможнай школы, да сябе, у арганізаваны лагер працы і адпачынку, дзе падлеткі пачынаюць асвойваць азы розных прафесій. Спачатку ім на выбар прапаноўваюцца тры віды працоўнай дзейнасці — добраўпарадкаванне тэрыторыі, пашыў пасцельнай бялізны і аконных занавесак, зборка корпуснай мэблі. З імі заключаюць працоўныя дагаворы аддзел па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Пінскага раённага выканаўчага камітэта, школьнікі атрымліваюць працоўныя кніжкі і страхавыя пасведчанні дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. Работу яны выконваюць на тэрыторыі школы-інтэрната з выкарыстаннем сродкаў яе матэрыяльна-тэхнічнай базы. Такім чынам дзеці за сваю працу атрымліваюць заработную плату.
У рамках праекта мы плануем назапасіць даведачна-інфармацыйныя матэрыялы, стварыць банк даных аб працоўных месцах у раёнах Брэсцкай вобласці, на якія змогуць прэтэндаваць навучэнцы i выпускнікі школы-інтэрната і класаў інтэграванага навучання. Ужо сфарміраваны пакет дакументаў па працаўладкаванні непаўналетніх і агавораны механізм прыёму на работу 14—17-гадовых падлеткаў з інтэлектуальнай недастатковасцю. Складзены графік наведвання школьнікамі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, правядзення кіналекторыяў і экскурсій на вытворчасць. Плануецца стварэнне кабінета па прафарыентацыі і аснашчэнне яго вучэбна-метадычнымі дапаможнікамі.
Для кожнай узроставай групы навучэнцаў вызначаюцца свае канкрэтныя задачы па прафесійнай арыентацыі (для 1—5 класаў, 6—8 класаў, 9—10 класаў). Безумоўна, кола прафесій, якія могуць выбраць школьнікі, абмяжоўваецца іх фізічнымі або псіхічнымі парушэннямі. Рэкамендаваць навучэнцу прафесію павінны медыкі. Таму ў праекце ўдзяляецца вялікая ўвага ўзаемадзеянню са школьнымі ўрачамі і спецыялістамі абласнога кабінета медыка-прафесійнай рэабілітацыі.
У гэтых пытаннях, лічу, неабходна дзейнічаць на перспектыву. Патрэбна сістэма ўзаемадзеяння дапаможнай і агульнаадукацыйнай школ, настаўніка і вучня. У гэтай сістэме неабходна задзейнічаць таксама органы па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне, арганізацыі аховы здароўя, установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, сем’і, СМІ, грамадскія аб’яднанні і арганізацыі.

Надзея ЦЕРАХАВА.