У сугуччы з патрабаваннямі эканомікі

- 10:57Суразмоўца

У час пасяджэння калегіі, прысвечанага падвядзенню вынікаў работы Міністэрства адукацыі ў мінулым годзе і вызначэнню прыярытэтаў на 2018 год, былі прыняты адпаведныя рашэнні па развіцці ўсіх узроўняў адукацыі, у тым ліку прафесійнага. На чым сёння сканцэнтравана ўвага галіновага міністэрства, расказвае начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі С.А.КАСПЯРОВІЧ.

— Сяргей Антонавіч, пачынаецца так званы сезон размеркавання выпускнікоў устаноў прафесійнай адукацыі, які заўсёды вельмі адказны і напружаны. Згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, ім гарантуецца першае рабочае месца. Наш урад ставіць мэту найбольш поўна рэалізоўваць гэтую задачу. Якія крокі вы робіце ў гэтым кірунку?

— Безумоўна, дасягнуць пэўнага выніку ў гэтай рабоце немагчыма без цеснага супрацоўніцтва з патэнцыяльнымі заказчыкамі кадраў. Каб яно было дзейсным, паўнавартасным, трэба яго ўзмацняць і ўдасканальваць з улікам тых патрабаванняў, якія прад’яўляе рынак працы. Сёння работа з заказчыкамі кадраў праводзіцца ўстановамі адукацыі на пастаяннай аснове згодна з пастановай Савета Міністраў ад 19 ліпеня 2011 года № 972 “Аб некаторых пытаннях фарміравання заказу на падрыхтоўку кадраў”. Установы прафесійнай адукацыі заключаюць дагавор аб узаемадзеянні ўстановы адукацыі з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў пры падрыхтоўцы спецыялістаў, рабочых і служачых, да якога дадаецца заказ на падрыхтоўку, або арганізацыі самі падаюць ва ўстановы адукацыі заяўкі на размеркаванне выпускнікоў. Падрыхтаваныя адпаведна з дагаворам альбо заяўкай спецыялісты і рабочыя кадры накіроўваюцца ў першую чаргу на работу на тыя прадпрыемствы і арганізацыі, якія з’яўляюцца заказчыкамі кадраў.

Згодна з Інструктыўна-метадычным пісьмом Міністэрства адукацыі “Аб арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах вышэйшай адукацыі ў 2017/2018 навучальным годзе”, кіраўнікам УВА прадпісана загадзя прыняць меры для поўнага забеспячэння першым рабочым месцам выпускнікоў, якія падлягаюць размеркаванню, у тым ліку выпускнікоў, якія маюць ільготы пры размеркаванні, удзяляючы асаблівую ўвагу працаўладкаванню выпускнікоў з ліку інвалідаў, асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

Улічваючы сённяшні стан рынку працы, ва ўніверсітэтах ужо прызначаны службовыя асобы, адказныя за арганізацыю і кантроль за правядзеннем размеркавання выпускнікоў 2018 года. Актывізавана работа выпускаючых кафедраў, дэканатаў па забеспячэнні выпускнікоў месцамі працы. Праводзіцца работа з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў у мэтах прадухілення фактаў адмовы ў працаўладкаванні заяўленай раней колькасці выпускнікоў пры размеркаванні. Складаюцца спісы выпускнікоў, якія падлягаюць размеркаванню (накіраванню на работу), выяўляюцца асобы, якія маюць ільготы пры размеркаванні (права на размеркаванне па месцы жыхарства сям’і, з улікам стану здароўя і інш.). Для выпускнікоў, якія маюць ільготы пры размеркаванні, вызначаюцца дадатковыя месцы для працаўладкавання, уключаючы пошук работы па месцы пастаяннага пражывання выпускніка, зварот за садзейнічаннем да работадаўцаў у мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, тэрытарыяльныя органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

— З улікам уступлення ў сілу пастановы ўрада “Аб некаторых пытаннях прагназавання патрэбнасці эканомікі ў кадрах” ці плануецца карэкціроўка існуючых падыходаў?

— Справа ў тым, што сёння ў аўтыматызаванай сістэме прагназавання даныя па перспектыўнай патрэбнасці ў кадрах прадстаўлены ў разрэзе спецыяльнасцей, зыходзячы з бачання сваіх патрэбнасцей у будучыні непасрэдна кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый. А гэта даволі суб’ектыўна і, безумоўна, недастаткова для таго, каб зрабіць дакладны прагноз. Сёння далёка не кожны кіраўнік праводзіць эфектыўную кадравую палітыку, можа вызначыць патрэбнасць у кадрах свайго прадпрыемства альбо арганізацыі на перспектыву. І перш за ўсё таму, што не можа прадбачыць развіццё той галіны, у якой працуе.

З улікам гэтага і былі прадстаўлены новыя падыходы, якія дазволяць больш дакладна прагназаваць патрэбнасць у кадрах. Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, акрамя апытання наймальнікаў, будзе выкарыстоўваць матэматычныя мадэлі, якія прагназуюць дынаміку прадукцыйнасці працы ў асобных галінах і дынаміку развіцця гэтых галін. Тут будуць ужывацца варыянтныя разлікі з выкарыстаннем некалькіх метадаў, якія дазволяць больш дакладна прагназаваць патрэбнасць у кадрах. На аснове гэтага будзе складацца прагнозны баланс працоўных рэсурсаў.

Міністэрству эканомікі даручана штогод распрацоўваць дэмаграфічны прагноз на пяцігадовы перыяд у цэлым па краіне і непасрэдна па абласцях і Мінску (да 1 верасня), а Міністэрству працы і сацыяльнай абароны — прагноз балансу працоўных рэсурсаў (да 1 лістапада). На аснове даных дэмаграфічнага прагнозу і прагнозу балансу працоўных рэсурсаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны сфарміруе патрэбнасць эканомікі ў кадрах па прафесійна-кваліфікацыйных групах і прадаставіць гэтую інфармацыю Міністэрству адукацыі, іншым заснавальнікам устаноў адукацыі для выкарыстання яе пры фарміраванні кантрольных лічбаў прыёму ва ўстановах вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 ліпеня 2011 года № 972 “Аб некаторых пытаннях фарміравання заказу на падрыхтоўку кадраў”. Каардынацыю дзейнасці органаў дзяржаўнага кіравання пры фарміраванні патрэбнасці эканомікі ў кадрах па прафесійна-кваліфікацыйных групах будуць ажыццяўляць Міністэрства працы і сацыяльнай абароны сумесна з Міністэрствам эканомікі.

— Як сёння фарміруюцца кантрольныя лічбы прыёму? Ці будзе скарочаны пералік спецыяльнасцей, якія не карыстаюцца попытам на рынку працы?

— Мы правялі сістэмную работу з усімі зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі, заказчыкамі кадраў, заснавальнікамі ўстаноў адукацыі па фарміраванні кантрольных лічбаў прыёму ў разрэзе кожнай установы прафесійнай адукацыі і кожнай спецыяльнасці з улікам таго, як праходзіць навучанне: на аснове бюджэту альбо па-за бюджэтам. Перагляд спецыяльнасцей і спецыялізацый з улікам іх профілю быў праведзены ў кожнай УВА. Калі попыт на працоўныя рэсурсы ўстойліва ніжэйшы, чым аб’ёмы падрыхтоўкі, то, безумоўна, лічбы прыёму па той ці іншай спецыяльнасці будуць зменшаны. Гэта тычыцца перш-наперш юрыдычных і эканамічных спецыяльнасцей, да якіх з боку моладзі цікавасць не змяншаецца з году ў год. А такая сітуацыя ўзнікае таму, што многія маладыя людзі зусім не цікавяцца перспектывамі свайго працаўладкавання, далейшага прафесійнага росту, а бяздумна прытрымліваюцца модных трэндаў. Таму трэба весці больш дакладную прафесійную арыентацыю сярод маладых людзей, падключаючы да гэтага не толькі педагогаў, але і бацькоў, якія маюць пэўны аўтарытэт для сваіх дзяцей і могуць паўплываць на іх прафесійны выбар. Моладзь павінна разумець, што выбіраць трэба запатрабаваную на рынку працы спецыяльнасць, тую, якая табе па-сапраўднаму цікавая, адпавядае тваім схільнасцям, здольнасцям, з якой можна развівацца, будаваць кар’еру і ўвогуле стаць паспяховым чалавекам.

Трэба сказаць, што сёння ва ўсведамленні маладых людзей адбываюцца істотныя зрухі. Моладзь адсочвае перспектыўнасць той ці іншай спецыяльнасці і з улікам гэтага робіць свой выбар. Напрыклад, ІТ-спецыяльнасці карыстаюцца сёння вялікім попытам у маладых людзей, хаця яшчэ нядаўна яны былі зусім не такімі запатрабаванымі.

На асобным кантролі знаходзіцца няпрофільная падрыхтоўка. Згодна з вывучэннем сітуацыі ва ўстановах адукацыі, якія падпарадкаваны Міністэрству адукацыі, і ў тых установах, якія падпарадкаваны іншым дзяржаўным органам, па асобных спецыяльнасцях і ў асобных УВА і ССНУ мы цалкам выключаем няпрофільную падрыхтоўку альбо яе мінімізуем. У далейшым гэтая падрыхтоўка будзе ўвогуле выключана. Але паняцце профільнасці даволі неадназначнае, і мы павінны гэта прадугледжваць. Так, важна ўлічваць рэгіянальную патрэбнасць у кадрах. У гэтым выпадку профільнасць асобных устаноў адукацыі мы разглядаем у першую чаргу з пункту гледжання таго, якія рэсурсы мае гэтая навучальная ўстанова (вучэбна-матэрыяльная база, кадравы патэнцыял) і як яна задавальняе патрэбнасці адпаведнага рэгіёна ў кадрах. Як вядома, рэгіянальныя ўстановы прафесійнай адукацыі комплексна задавальняюць патрэбнасці асобных рэгіёнаў у кадрах. Напрыклад, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, які можна аднесці да класічнага тыпу, комплексна вырашае пытанне забяспечанасці ў кадравым патэнцыяле свайго рэгіёна. Як бачна, у гэтым выпадку паняцце профільнасці мае зусім іншае разуменне, і мы імкнёмся дакладна даследаваць дзейнасць кожнай УВА, улічваць яе ўнікальнасць, а не пазбаўляцца ад профільнасці адным махам.

— Ці плануецца ў падрыхтоўцы кадраў асвойваць новыя перспектыўныя напрамкі з улікам развіцця навукі і тэхналогій? Ці будзе яна мець апераджальны характар?

— Карэкціроўка зместу адукацыі адбываецца пастаянна. Штогод ва ўзаемадзеянні з заказчыкамі кадраў мы ўносім змяненні ў адукацыйныя стандарты, у вучэбныя планы, дзе і ўлічваем перспектыўныя патрэбнасці эканомікі ў новых прафесійных кампетэнцыях, у новых ведах і ўменнях. У рамках ужо існуючых спецыяльнасцей імкнёмся карэкціраваць змест навучання такім чынам, каб гэтая спецыяльнасць заставалася актуальнай не толькі сёння, але і ў перспектыве.

Разам з гэтым з улікам імклівага развіцця нашай эканомікі адкрываем зусім новыя спецыяльнасці. Напрыклад, адкрыта “Вытворчасць вырабаў на аснове трохмерных тэхналогій”, падрыхтоўку па якой ужо вядуць некалькі ўніверсітэтаў. Таксама ёсць падобная спецыяльнасць у магістратуры. У цэлым мы адкрываем новыя спецыяльнасці пад новыя перспектыўныя навукаёмістыя віды дзейнасці. Міністэрства адукацыі ва ўзаемадзеянні з заказчыкамі кадраў вядзе некалькі пілотных праектаў па распрацоўцы атласа перспектыўных спецыяльнасцей. Такім чынам мы імкнёмся вызначыць, якія спецыялісты зусім новага профілю сёння патрэбны нашай эканоміцы. Асаблівасць гэтай перспектыўнай патрэбнасці ў тым, што ў хуткім часе спатрэбяцца тыя спецыялісты, якія валодаюць міжпрадметнымі кампетэнцыямі, калі, напрыклад, ІТ-кампетэнцыя сумешчана з медыцынскімі альбо біялагічнымі ведамі і г. д. Гэта абсалютна новыя спецыялісты, якіх цяпер няма. У далейшым іх будуць рыхтаваць на базе УВА, і ў адукацыйныя стандарты ўжо аператыўна ўносяцца адпаведныя змяненні. З улікам тэрміновай патрэбнасці сёння мы рыхтуем такіх спецыялістаў праз сістэму перападрыхтоўкі кадраў на аснове базавай адукацыі ў пэўнай галіне. Нам трэба трымаць цесную сувязь з работадаўцамі і ведаць іх патрэбнасці. А для гэтага арганізавана сістэмнае ўзаемадзеянне ўстаноў прафесійнай адукацыі з заказчыкамі кадраў праз адпаведныя дагаворы, праз стварэнне філіялаў кафедраў на вытворчасці, абавязковасць узгаднення адукацыйных стандартаў і вучэбных планаў.

— Якія карэктывы ўнясе развіццё лічбавай эканомікі ў падрыхтоўку ІТ-спецыялістаў?

— У развіцці лічбавай эканомікі мы бачым: фарміраванне ІТ-кампетэнцый у спецыялістаў усіх узроўняў — на ўзроўні карыстальніка і на ўзроўні, звязаным з элементамі праграмавання, распрацоўкай альбо карэкціроўкай існуючага праграмнага забеспячэння ў той ці іншай сферы. Задача адукацыйнай галіны — ахапіць усіх, хто праходзіць прафесійнае навучанне. Першачарговая задача — фарміраванне ІТ-кампетэнцый у выкладчыцкіх кадраў, якія працуюць ва ўстановах прафесійнай адукацыі. Для гэтага мы рыхтуем адпаведныя праграмы перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі.

Калі браць непасрэдна падрыхтоўку ІТ-спецыялістаў, у гэтым ёсць асаблівасць, звязаная з тым, што змест адукацыі трэба мяняць больш аператыўна, чым пры падрыхтоўцы спецыялістаў іншых профіляў. У ІТ-сферы, якая імкліва развіваецца, нельга адставаць і сістэме адукацыі. Неабходна аператыўна выхопліваць, як кажуць, новае, прагрэсіўнае, згодна з інавацыямі ўносіць змяненні ў вучэбна-праграмную дакументацыю, ствараць новыя дапаможнікі, прыярытэтнымі з якіх павінны стаць электронныя (папяровы носьбіт больш працаёмкі і доўгатэрміновы), прымяняць у навучанні дыстанцыйныя тэхналогіі, якія закладзены як асобная форма навучання ў праекце новага Кодэкса аб адукацыі. Цяпер актыўна вядзецца распрацоўка канцэпцыі развіцця ІТ-адукацыі, дзе ўлічваюцца два аспекты: фарміраванне ІТ-кампетэнцый ва ўсіх спецыялістаў і рабочых і фарміраванне асобных падыходаў у падрыхтоўцы ІТ-спецыялістаў апераджальнага характару, які мае на ўвазе дынамічную перапрацоўку і абнаўленне зместу адукацыі на працягу кароткага часу і рэгулярна.

— Якія захады робяцца па вырашэнні пытання, звязанага са скарачэннем тэрмінаў навучання ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі?

— Мы актыўна працуем над аптымізацыяй тэрмінаў падрыхтоўкі на ўсіх узроўнях прафесійнай адукацыі. На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі работа завяршаецца, па большасці прафесій устаноўлены мінімальныя тэрміны. Па тых прафесіях, па якіх тэрміны яшчэ не мінімізаваны ў сістэме ПТА, работа будзе працягнута ў гэтым годзе. Па спецыяльнасцях сярэдняй спецыяльнай адукацыі праведзены шэраг нарад з адпаведнымі дзяржаўнымі органамі, для якіх вядзецца падрыхтоўка кадраў, і прынята рашэнне па выхадзе па значнай колькасці спецыяльнасцей на мінімальныя тэрміны да 2 гадоў на базе агульнай сярэдняй адукацыі. Па асобных спецыяльнасцях плануецца захаваць працягласць тэрмінаў навучання. Гэта тычыцца спецыяльнасцей, звязаных з бяспечнымі і шкоднымі вытворчасцямі, дзе ёсць міжнародныя патрабаванні ў падрыхтоўцы, дзе абавязковым з’яўляецца патрабаванне па выхадзе на работу не раней за 18 гадоў.

Калі гаварыць аб спецыяльнасцях вышэйшай адукацыі, то ў пераважнай большасці мы выйшлі на 4-гадовы тэрмін навучання. У гэтым годзе работа будзе прадоўжана. Плануецца скарачэнне тэрмінаў навучання да 4 гадоў па шэрагу спецыяльнасцей, дзе цяпер навучанне доўжыцца 4,5 года і 5 гадоў. Застануцца спецыяльнасці з тэрмінам навучання 5 і больш гадоў у вельмі абмежаванай колькасці. Гэта спецыяльнасці медыцынскага профілю, звязаныя з ядзернай энергетыкай, са сферай культуры, некаторыя іншыя. Працэс скарачэння тэрмінаў навучання заканамерны. Ідзе інтэнсіфікацыя працэсу навучання за кошт навукова-адукацыйных тэхналогій, новых метадаў і форм выкладання.

Праведзена сістэмная работа па выхадзе на адзіныя тэрміны атрымання адукацыі па спецыяльнасцях, якія інтэгруюцца ва УВА са спецыяльнасцямі ССА. Гэтая падрыхтоўка вядзецца ў скарочаныя тэрміны. Да гэтага часу ў некаторых УВА былі розныя тэрміны навучання па адной і той жа спецыяльнасці. Таму пасля ўнясення адпаведных змяненняў у адукацыйныя стандарты будуць вызначаны адзіныя тэрміны падрыхтоўкі па скарочанай форме па той ці іншай спецыяльнасці.

Інтэрв’ю ўзяла Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.