У трэндзе сучаснай адукацыі

- 11:44Вышэйшая школа

Сёлета факультэт пачатковай адукацыі вядучай педагагічнай УВА краіны адзначае 60-гадовы юбілей. Што сабой уяўляе факультэт сёння? Якія змяненні адбыліся на ім за апошнія гады? Якія абітурыенты паступаюць сюды? Што змянілася ў змесце навучання студэнтаў? Якія цікавыя праекты тут рэалізоўваюцца? На гэтыя і многія іншыя пытанні нашаму карэспандэнту адказвае дэкан факультэта пачатковай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка Наталля Уладзіміраўна ЖДАНОВІЧ.

— Факультэт пачатковай адукацыі сёння — гэта зладжаная каманда, якая ўмее ставіць перад сабой мэты і можа іх дасягаць, каманда, у якой кожны імкнецца падтрымліваць адно аднаго і захоўваць атмасферу шчырасці, добразычлівасці і супрацоўніцтва. У гэтай камандзе 736 студэнтаў, 35 выкладчыкаў, больш за 12 тысяч выпускнікоў, а таксама нашы ветэраны, якія прысвяцілі сябе падрыхтоўцы спецыялістаў для пачатковай школы на працягу не аднаго дзясятка гадоў.

Сёлета факультэту споўнілася 60 гадоў, але ён па-ранейшаму застаецца маладым і поўным творчых планаў, паколькі ў яго асаблівая энергетыка. Тут атрымліваюць адукацыю будучыя настаўнікі пачатковых класаў — тыя, каму трэба будзе не толькі вучыць малышоў чытаць, пісаць, лічыць, але і кожны дзень адказваць на мноства “Чаму?”. А гэта значыць, што будучы педагог і сам павінен цікавіцца рознымі галінамі жыцця, быць дапытлівым, а галоўнае, шчырым і адкрытым чалавекам. І гэтая адкрытасць павінна быць як у адносінах да людзей, так і ў адносінах да свету. Невыпадкова адметнасцю факультэта з’яўляецца актыўны валанцёрскі рух. Ужо з 1 курса нашы студэнты ўключаюцца ў работу валанцёрскага аб’яднання “Адкрытае сэрца”, а далей удасканальваюць свае прафесійныя ўменні і навыкі ў педагагічных атрадах. Прыемна, што ў юбілейны год педагагічны атрад факультэта пачатковай адукацыі “Данка” стаў лепшым у БДПУ па выніках трэцяга працоўнага семестра.

Узмацненне практыка-арыентаванасці падрыхтоўкі будучых педагогаў зрушыла акцэнты ў выбары форм работы са студэнтамі. Зараз на факультэце актыўна развіваецца праектная дзейнасць, студэнты ўдзельнічаюць у майстар-класах і конкурсах прафесійнага майстэрства. З 2016 года разам з Інстытутам педагогікі і псіхалогіі адукацыі Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта мы сталі праводзіць Міжнародны фестываль будучых педагогаў (па чарзе ў Мінску і Маскве). З 2015 года нашы студэнты і выпускнікі пастаянна ўдзельнічаюць у Рэспубліканскім конкурсе “Творчасць маладых педагогаў”, які штогод праводзіць выдавецтва “Пачатковая школа” (у намінацыі “Дыдактычны сцэнарый урока” два гады запар пераможцамі станавіліся студэнткі факультэта пачатковай адукацыі).

Сапраўдным брэндам факультэта з’яўляюцца нашы адукацыйныя праекты апошніх гадоў: праект “Ад культуры чытання — да культуры асобы”, які рэалізоўваецца ва ўстановах адукацыі, бібліятэках і музеях разам з беларускімі дзіцячымі пісьменнікамі, і праект “Музыка ў фарбах”.

— Чаму трэба выбіраць для паступлення менавіта ваш факультэт?

— Калі душа ляжыць да педагагічнай прафесіі, што можа быць лепш, чым быць для кагосьці першым настаўнікам? Факультэт пачатковай адукацыі заўсёды быў прыцягальны для тых, каму цікавая мнагапрофільная падрыхтоўка, каму аднолькава блізкія мовы і матэматыка, педагогіка і псіхалогія, прыродазнаўчыя навукі і чытанне, маляванне і музыка. Безумоўна, маладых людзей, якія паступілі на факультэт, чакае сур’ёзная работа па асваенні розных дысцыплін, уключаючы 10 методык выкладання прадметаў, якія вывучаюцца на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі, але гэта таго варта. Веды і ўменні, атрыманыя на факультэце, дапамагаюць нашым выпускнікам і ў асабістым жыцці: у выхаванні ўласных дзяцей, ва ўзаемаадносінах з блізкімі, у рэшце рэшт ва ўменні працаваць у камандзе, бо настаўнік пачатковых класаў — гэта лідар, які стварае дзіцячы калектыў і працуе з ім на працягу чатырох гадоў, прычым працуе ў гэтым калектыве не толькі з дзецьмі, але і з іх бацькамі.

Мабыць, невыпадкова сярод нашых выпускнікоў шмат кіраўнікоў. Выпускнікамі факультэта з’яўляюцца Арцём Мікалаевіч Цуран, кіраўнік адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска, Алена Анатольеўна Асадчая, намеснік кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёна сталіцы, Галіна Іванаўна Нікалаенка, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце АПА, і інш.

Што яшчэ можа прыцягваць на факультэце пачатковай адукацыі? Безумоўна, гэта тое адукацыйнае асяроддзе, у якое з першых дзён знаходжання пагружаецца студэнт. Дасягаць высокіх вынікаў нашым выпускнікам дапамагаюць не толькі атрыманыя веды, але і магчымасць рознабаковага самавыяўлення ў студэнцкія гады, супрацоўніцтва выкладчыкаў і студэнтаў. У складзе педагагічнага калектыву факультэта — творчыя людзі, вядомыя ў рэспубліцы метадысты, аўтары школьных падручнікаў і вучэбна-метадычных дапаможнікаў: Г.Л.Мураўёва, М.А.Урбан, В.І.Свірыдзенка, І.А.Буторына, В.В.Каваліў, Т.М.Канашэвіч і інш.

Факультэт пастаянна запрашае да супрацоўніцтва спецыялістаў-практыкаў, якія чытаюць лекцыі і праводзяць практычныя заняткі па такіх дысцыплінах, як “Арганізацыя ўзаемадзеяння настаўніка з сям’ёй навучэнца”, “Арганізацыя работы з адоранымі дзецьмі”, “Вядзенне школьнай дакументацыі” і інш. На працягу 2016/2017 навучальнага года педагогі-практыкі правялі для нашых студэнтаў больш за 30 майстар-класаў, у тым ліку па такіх актуальных напрамках, як “Праграмаванне ў асяроддзі Scratch”, “Робататэхніка ў пачатковай школе”, “Перавернуты клас” для навічкоў” і інш.

— Скажыце, ці назіраецца сёння цікавасць выпускнікоў школ да факультэта? Наколькі актыўна вы супрацоўнічаеце з установамі агульнай сярэдняй адукацыі?

— Безумоўна, цікавасць да факультэта ёсць, і гэта даказваюць конкурсы і прахадныя балы апошніх гадоў: нягледзячы на тое, што ў 2016 і 2017 гадах кантрольныя лічбы прыёму з’яўляюцца аднымі з самых высокіх у БДПУ (толькі на дзённую форму атрымання адукацыі мы набіраем 125 чалавек: 120 — на бюджэт і 5 — на платную форму), конкурс складае больш за 2 чалавекі на месца.

Гэта вынік планамернай работы і рэктарата, і выкладчыкаў, і студэнтаў нашага ўніверсітэта. Так, студэнтаў у тым ліку, паколькі яны ў перыяд педагагічных практык ці праектнай дзейнасці ва ўстановах адукацыі могуць на ўласным прыкладзе паказаць старшакласнікам усе плюсы педагагічнай прафесіі і навучання ў БДПУ. На жаль, усе памятаюць перыяд, калі адбыўся спад цікавасці да педагагічнай прафесіі. Гэта паўплывала на якасны і колькасны склад абітурыентаў. Таму нельга сядзець і чакаць, калі штосьці зменіцца само сабой. Неабходна весці пастаянную работу з навучэнцамі па прыцягненні іх на педагагічныя спецыяльнасці. Тады і вынік будзе станоўчы: дзякуючы актыўнай дзейнасці БДПУ ва ўстановах адукацыі, адраджэнню педагагічных класаў, зноў стала запатрабавана спецыяльнасць “Пачатковае навучанне”.

— Якая агульная карціна з паступленнем абітурыентаў сёлета? Ці адрозніваецца паспяховасць, матываванасць, узровень ведаў студэнтаў у параўнанні з наборамі мінулых гадоў?

— У 2017 годзе на факультэт пачатковай адукацыі паступілі 7 медалістаў, 16 выпускнікоў гімназій і ліцэяў і 26 выпускнікоў педагагічных класаў. Сёлета прахадны бал на дзённай форме атрымання адукацыі вырас на 33 пункты. Лічбы гавораць самі за сябе: да нас прыйшлі больш падрыхтаваныя і больш матываваныя абітурыенты, якія зрабілі выбар прафесіі яшчэ задоўга да заканчэння школы. Выпускнікі педагагічных класаў ужо маюць вопыт работы з дзецьмі, паколькі ў перыяд навучання ў профільных класах яны не толькі вывучалі асновы псіхолага-педагагічнай дзейнасці настаўніка, але і праводзілі ўрокі, мерапрыемствы ў сваіх школах. Як правіла, педагагічныя пробы навучэнцы педагагічных класаў праводзяць у пачатковай школе, таму многія нашы сённяшнія першакурснікі (а гэта 20% ад агульнай колькасці студэнтаў) ужо ўяўляюць спецыфіку работы настаўніка пачатковых класаў і актыўна ўключаюцца ў рэалізацыю нашых праектаў на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

— Зараз шмат гавораць аб змене ролевых мадэлей у адукацыйным працэсе. Традыцыйным адносінам “настаўнік — вучань” зараз у большай ступені падыходзіць азначэнне “прадавец — пакупнік”, гэта значыць педагог сёння павінен прадумаць амаль ці не рэкламную кампанію для сваёй дысцыпліны, у якой студэнт часта незацікаўлены. Вы падзяляеце такі погляд?

— Трэба прызнаць, што сёння такія адносіны існуюць. Але мне найбліжэй іншая мадэль, паколькі педагог — гэта прадстаўнік творчай прафесіі, да якой непрымальныя адносіны “прадавец — пакупнік”. Ва ўніверсітэт нельга прыходзіць, як у магазін за пакупкай: адукацыю не купляюць — яе атрымліваюць, а зацікаўленасць студэнта — гэта пытанне матывацыі атрымання адукацыі. Калі малады чалавек прыходзіць ва ўніверсітэт усвядомлена, ужо ўяўляючы сваю будучую прафесію і жадаючы стаць добрым спецыялістам, яму не патрэбна рэкламная кампанія, яму патрэбны якасныя веды і кампетэнтныя выкладчыкі, якія дапамогуць асвоіць прафесію.

Сёння трэба гаварыць аб змяненні функцыі настаўніка: у эпоху гаджэтаў ён не з’яўляецца адзінай крыніцай інфармацыі, таму яго роля — быць настаўнікам, які дапамагае вучню разабрацца ў патоках гэтай інфармацыі, вучыць мысліць і аналізаваць, падказвае і накіроўвае.

— Што змянілася ў змесце навучання будучых настаўнікаў пачатковых класаў, каб яны былі ў трэндзе?

— У змесце навучання з’явілася больш магчымасцей выкарыстоўваць варыятыўны кампанент вучэбнага плана для таго, каб уносіць карэкціроўкі ў працэс падрыхтоўкі спецыяліста ў адпаведнасці з рэаліямі пачатковай школы. Напрыклад, з’явілася патрэба вывучыць штосьці новае ў прафесійнай дзейнасці настаўніка пачатковых класаў. Адпаведна, мы распрацоўваем новы вучэбны курс для нашых студэнтаў. Акрамя таго, мы падтрымліваем цесную сувязь з установамі адукацыі і заказчыкамі кадраў, што дазваляе нам заўсёды трымаць руку на пульсе і адсочваць тыя змяненні, якія тычацца прафесійнай падрыхтоўкі студэнтаў.

З 2014 года ўсе кафедры факультэта маюць філіялы ва ўстановах адукацыі Мінска: у пачатковай школе № 39 — філіял кафедры педагогікі і псіхалогіі пачатковай адукацыі; у гімназіі № 30 — філіял кафедры прыродазнаўчанавуковых дысцыплін; у сярэдняй школе № 153 — філіял кафедры беларускага і рускага мовазнаўства. Дзякуючы філіялам забяспечваецца бесперапыннасць педагагічнай практыкі, а выкладчыкі, аспіранты, магістранты і студэнты маюць пастаянныя эксперыментальныя пляцоўкі для правядзення сваіх даследаванняў.

Каб быць у трэндзе і ісці ў нагу з часам, трэба ніколі не спыняцца на атрыманай адукацыі і заўсёды шукаць і вывучаць тое, што ты яшчэ не ведаеш. Сапраўдны настаўнік не толькі вучыць — ён пастаянна вучыцца сам, і гэта мы імкнёмся прывіваць нашым студэнтам на працягу ўсяго перыяду навучання ва ўніверсітэце.

— Наколькі ахвотна вашы студэнты іду ць у навуку? Што зараз у навуковым плане іх больш за ўсё цікавіць?

— Сёння развіццю студэнцкай навукі ў БДПУ ўдзяляецца вялікая ўвага. Для рэалізацыі навукова-даследчага патэнцыялу будучых настаўнікаў пачатковых класаў выкарыстоўваюцца самыя розныя формы работы: гэта і алімпіяды (факультэцкія, рэспубліканскія, міжнародныя), і навуковыя гурткі, і студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі (на факультэце іх 4), і школа маладога даследчыка, і студэнцкае навуковае таварыства. Навуковая работа студэнтаў можа атрымліваць фінансаванне: так, адукацыйны праект СНІЛ “Слова ў сістэме работы па развіцці маўлення навучэнцаў пачатковых класаў” перамог у конкурсе стартап-праектаў і ў 2016 годзе атрымаў грант Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь на правядзенне даследавання.

На факультэце 3 кафедры, і яны ў роўнай ступені працуюць са студэнтамі па сваёй навуковай праблематыцы, якае мае прыкладны характар. У цэнтры ўвагі кафедры беларускага і рускага мовазнаўства — пытанні мадэрнізацыі лінгваметадычнага забеспячэння агульнай сярэдняй і вышэйшай педагагічнай адукацыі ва ўмовах рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу. Выкладчыкі кафедры прыродазнаўчанавуковых дысцыплін займаюцца ўдасканаленнем падрыхтоўкі студэнтаў да практыка-арыентаванага навучання на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі па прадметах “Матэматыка” і “Чалавек і свет”. Выкладчыкі кафедры педагогікі і псіхалогіі пачатковай адукацыі ажыццяўляюць распрацоўку тэмы, звязанай з падрыхтоўкай будучых настаўнікаў да фарміравання эстэтычнай культуры малодшых школьнікаў у кантэксце кампетэнтнаснага падыходу. У адпаведнасці з праблематыкай навуковых даследаванняў кафедраў плануецца і дзейнасць СНІЛ.

Фарміраванню навукова-даследчых кампетэнцый нашых студэнтаў садзейнічае іх актыўны ўдзел у канферэнцыях: штогадовай студэнцкай НПК “Сучасныя тэндэнцыі развіцця пачатковай адукацыі”, міжнароднай НПК “Падрыхтоўка настаўніка пачатковых класаў: праблемы і перспектывы”.

Актыўнае ўключэнне студэнтаў у навукова-даследчую дзейнасць з першых гадоў навучання прыносіць свой плён: па выніках XXIII Рэспубліканскага конкурсу студэнцкіх навуковых работ даследаванні нашых студэнтаў адзначаны дыпломамі рознай вартасці, а Марыя Быкоўская (навуковы кіраўнік — загадчыца кафедры прыродазнаўчанавуковых дысцыплін Г.Л.Мураўёва) удастоена звання лаўрэата.

Паспяховая работа аспірантаў і маладых вучоных факультэта адзначана на дзяржаўным узроўні. Стыпендый Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь удастоены аспірант кафедры беларускага і рускага мовазнаўства Н.Я.Нікіціна (навуковы кіраўнік Т.Р.Трафімовіч) і малады вучоны дацэнт кафедры беларускага і рускага мовазнаўства Н.М.Антановіч.

— Што ў планах факультэта на будучыню? Пра што мараць выкладчыкі і студэнты?

— У планах на будучыню — далейшае развіццё і паступовы рух наперад праз удасканаленне адукацыйнага асяроддзя і інфраструктуры факультэта, у тым ліку рэалізацыю новых адукацыйных стандартаў і праграм, іх навуковае і вучэбна-метадычнае забеспячэнне, якасны набор студэнтаў; далучэнне студэнцкай моладзі да практыка-арыентаванай навукова-даследчай і праектнай дзейнасці; перспектыўныя навуковыя даследаванні і грантавая падтрымка; пашырэнне міжнароднага супрацоўніцтва і акадэмічнай мабільнасці выкладчыкаў і студэнтаў.

Пра што мараць прадстаўнікі факультэта? Думаю, выкладчыкі мараць пра тое, каб да нас паступалі матываваныя абітурыенты, якія зрабілі ўсвядомлены выбар прафесіі, ініцыятыўныя, творчыя, гатовыя падтрымліваць і прымнажаць традыцыі факультэта і ўніверсітэта, каб нашы выпускнікі былі паспяховымі і маглі ў поўнай меры рэалізаваць сябе ў прафесіі. Студэнты мараць аб яркім студэнцкім жыцці і аб вялікіх магчымасцях, якія перад імі адкрыюцца пасля заканчэння ўніверсітэта. Я ж хачу пажадаць і выкладчыкам, і студэнтам, каб усе гэтыя мары абавязкова збыліся, а факультэт пачатковай адукацыі працягваў заставацца адным з лепшых факультэтаў.

— Дзякуй за размову. Поспехаў вам у рэалізацыі задуманага!

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.